Акцыя пачалася са збору подпісаў пад сымбалічнымі «позвамі» у Гааскі суд Пуціну і Мядзьведзеву як адказным за ваенную агрэсію супраць Грузіі і Ўкраіны. Акцыю арганізаваў Антываенны камітэт пры падтрымцы пецярбурскага дэмакратычнага руху «Салідарнасьць», удзельнічалі актывісты «Адкрытай Расеі», «Артпадрыхтоўкі», «Яблыка», ПАРНАСа, прыхільнікі Аляксея Навальнага і іншых аб’яднаньняў, партыяў і рухаў.
На думку актывісткі руху «Салідарнасьць» Вольгі Сьмірновай, шырокая падтрымка расейскай агрэсіі ў грамадзтве тлумачыцца масіраванай хлусьнёй аб тым, што расейцам, якія жывуць у Грузіі і Ўкраіне, была патрэбная дапамога. Вольга Сьмірнова лічыць, што выраз «гібрыдная вайна» толькі хавае праўду — на самай справе і ў тым, і ў іншым выпадку вялася шырокамаштабная вайна паміж дзяржавамі.
Антываенная акцыя таксама атрымалася «гібрыднай» — пасьля «збору подпісаў» актывісты правялі сэрыю антываенных адзіночных пікетаў. Галоўнае пытаньне ўдзельнікаў было такім: куды яшчэ Пуцін прынясе «рускі мір», калі яго не спыніць? Па словах арганізатараў акцыі, паколькі большасьць расейскіх палітыкаў не ўключае ў свой парадак дня антываенную тэму, то грамадзянскім актывістам даводзіцца рабіць гэта самім. Акцыя скончылася тым, што яе ўдзельнікі аднесьлі аформленую ў выглядзе пляката «позву» Пуціну і Мядзьведзеву ў суд на 3 лінію Васільеўскага вострава, 12.