Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаўняецца дзявятая гадавіна расейска-грузінскай вайны


Ілюстрацыйнае фота. Грузінскія салдаты на магіле свайго баявога таварыша, які загінуў у вайне 2008 году

8 жніўня спаўняецца дзевяць гадоў з дня пачатку расейска-грузінскага збройнага канфлікту, так званай «пяцідзённай вайны».

У ноч на 8 жніўня Грузія спрабавала аднавіць кантроль над часткай сваёй міжнародна прызнанай тэрыторыі, Цхінвальскім рэгіёнам, які кантралявалі ў той час гібрыдныя расейска-сэпаратысцкія фарміраваньні. На дапамогу гэтым сілам прыйшла Расея, якая, у адрозьненьне ад канфлікту з Украінай у 2014 годзе, афіцыйна абвясьціла пра ўвядзеньне на тэрыторыю Грузіі частак сваёй рэгулярнай арміі. Тагачасны расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў пра пачатак апэрацыі па «прымусе Грузіі да міру».

Баявыя дзеяньні працягваліся да 12 жніўня. Грузія ў гэтым канфлікце страціла 412 чалавек, з расейскага боку загінулі 67 вайскоўцаў.

Канфлікт меў значныя геапалітычныя і эканамічныя наступствы. 26 жніўня Расея афіцыйна прызнала Паўднёвую Асэтыю і Абхазію як «незалежныя дзяржавы», а 2 верасьня Тбілісі разарваў дыпляматычныя адносіны з Расеяй.

Аднаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці ўваходзіць у тройку найбольш актуальных пытаньняў, якія хвалююць насельніцтва Грузіі. Такія вынікі апытаньняў, якія рэгулярна праводзіць у Грузіі амэрыканская няўрадавая арганізацыя, Нацыянальны дэмакратычны інстытут (NDI).

Грузінскія ўлады і шматлікія заходнія дзяржавы працягваюць настойваць, каб Расея адмовілася ад прызнаньня «незалежнасьці» грузінскіх рэгіёнаў. У фэдэральным бюджэце ЗША на бягучы фінансавы год ёсьць пункты, якія забараняюць аказваць падтрымку краінам, якія прызналі незалежнасьць акупаваных Расеяй Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG