Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР пагражае ракетным ударам па базах ЗША на Ціхім акіяне


Пуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты «Хвасонґ-14» у Паўночнай Карэі, Ліпень 2017 году

Паўночная Карэя заявіла 9 жніўня, што «старанна вывучае» пляны ракетнай атакі па ціхаакіянскім востраве Гуам. З гэтымі пагрозамі Пхэньян выступіў пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў КНДР, што любыя новыя пагрозы будуць сустрэтыя «агнём і лютасьцю».

Пуск стратэгічнай балістычнай ракеты можа быць ажыцьцёўлены ў напрамку Гуама ў любы момант, калі лідэр КНДР Кім Чэн Ын прыме рашэньне, паведаміў прадстаўнік Карэйскай народнай арміі. Ён дадаў, што такі ўдар будзе мець на мэце «паразіць асноўныя ваенныя базы ЗША на востраве Гуам».

Гуам зьяўляецца крытычным фарпостам ЗША для выкананьня ваенных задач у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Рада Бясьпекі ААН 5 жніўня аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб узмацненьні санкцыяў супраць Паўночнай Карэі.

Распрацаваная ЗША рэзалюцыя прадугледжвае забарону на экспарт вугалю, чорных мэталаў, сьвінцу і морапрадуктаў з Паўночнай Карэі, што скароціць экспартныя паступленьні Пхэньяня, якія складаюць 3 мільярды даляраў, на мільярд.

Вашынгтон дамагаўся ўзмацненьня санкцыяў супраць Паўночнай Карэі пасьля запуску ёй двух міжкантынэнтальных балістычных ракет у ліпені.

28 лiпеня КНДР ажыцьцявіла чарговы тэставы запуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты і заявіла, што цяпер яе ракеты зь ядзернай зброяй здольныя дасягаць мацерыковай часткі Злучаных Штатаў.

Бягучыя рашэньні ААН забараняюць Паўночнай Карэі распрацоўваць любыя балістычныя ракеты і ядзерныя тэхналёгіі, але краіна працягвае рэалізоўваць свае ваенныя праграмы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG