Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапейскі суд правоў чалавека накіравана 4 скаргі чачэнскіх сем’яў зь Берасьця


Чачэнскія бежанцы на шляху зь Беларусі ў Польшчу. Архіўнае фота

Місія дапамогі ўцекачам у Берасьці Human Constanta накіравала ў Эўрапейскі суд правоў чалавека (European Court of Human Rights) чатыры скаргі (тры супраць Польшчы і адну супраць Польшчы і Літвы) на тое, што, насуперак міжнародным пагадненьням, памежныя службы цягам многіх месяцаў не прапускаюць уцекачоў, якія спрабуюць перасекчы мяжу і папрасіць прыстанішча.

Гэта скаргі тых сем’яў з Паўночнага Каўказу, у справах якіх Эўрапейскі суд правоў чалавека ўжо абавязваў Польшчу прыняць тэрміновыя захады і не высылаць людзей з краіны. Тэрміновыя захады польскі бок праігнараваў. Заявы ў суд — гэта працяг барацьбы за тое, каб памежная служба Польшчы дзейнічала паводле закону, тлумачыць Свабодзе каардынатар Human Constanta Аляксей Казьлюк:​

«Самі чачэнскія сем’і ня могуць весьці справы ў польскім судзе. Паводле міжнароднага права, на мяжы памежная служба Польшчы абавязаная ў іх прыняць заявы на атрыманьне статусу ўцекачоў, пасяліць іх у адмысловае месца, адведзенае для вымушаных мігрантаў на той час, пакуль будзе разглядацца іх справа. Палякі робяць выгляд, што да іх ніхто не зьвяртаецца. Польскія памежнікі прапускаюць у сярэднім адну чачэнскую сям’ю на дзень, а спрабуюць праехаць прынамсі 100 чалавек штодня. Усе гэтыя людзі знаходзяцца ў Беларусі, і для многіх зь іх ёсьць небясьпека, што іх могуць выслаць з нашай краіны ці прыехаць па іх, бо ў Беларусі няма мяжы з Расеяй.

Аляксей Казьлюк. Выява з фотапраекту Human Constanta
Аляксей Казьлюк. Выява з фотапраекту Human Constanta

Праз ігнараваньне польскім бокам пагрозы небясьпекі, невыкананьне нормаў міжнароднага права мы і зьвяртаемся ў Эўрапейскі суд правоў чалавека. Цяпер мы чакаем рашэньня, што справы будуць прынятыя да разгляду; калі яны будуць прызнаныя абгрунтаванымі, распачнецца сама судовая працэдура».

Паводле ацэнак Human Constanta, у Берасьці цяпер знаходзіцца каля 500 выхадцаў з Паўночнага Каўказу, якія спрабуюць атрымаць статус уцекачоў у Польшчы. Прычым колькасьць іх расьце, яшчэ некалькі месяцаў назад іх было каля 300.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG