Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы восьмы дзень працягваліся пратэсты супраць судовай рэформы


Пратэсты у Польшчы супраць судовай рэформы, Варшава, 20 ліпеня 2017

У Польшчы 23 ліпеня восьмы дзень працягваліся апазыцыйныя пратэсты, удзельнікі якіх патрабуюць ня ўводзіць заканадаўчыя зьмены, якія ўзмоцняць кантроль улады над сыстэмай судаводзтва.

У Варшаве дэманстранты сабраліся перад прэзыдэнцкім палацам, размахваючы сьцягамі Польшчы і Эўразьвязу, скандуючы «Свабодны суд», «Свабода, роўнасьць, дэмакратыя» і «Свабодная Польшча».

Цяпер судовая рэформа, каб стаць законам, патрабуе толькі подпісу прэзыдэнта Анджэя Дуды. На подпіс або вета прэзыдэнт мае 21 дзень, да гэтага часу Дуда нязьменна прытрымліваўся лініі кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць».

Старшыня гэтай партыі Яраслаў Качыньскі сьцьвярджае, што сыстэма судаводзтва ў Польшчы мае патрэбу ў «радыкальных зьменах», маўляў, яна да гэтага часу функцыянуе, як у часы сацыялізму, і ў ёй да гэтага часу поўна работнікаў з тых часоў.

Закон, сярод іншага, прадугледжвае вызваленьне ад пасадаў судзьдзяў Вярхоўнага суду, за выключэньнем тых, якіх прызначыў прэзыдэнт, і дае прэзыдэнту права кіраваць дзейнасьцю судоў.

Гэты закон рэзка крытыкавалі ў Эўрапейскім Зьвязе за тое, што ён, паводле крытыкаў, зьнішчае незалежнасьць судовай галіны ўлады і пагражае прынцыпу вяршэнства права.

Прэм’ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла адпрэчыла крытыку ЭЗ, заявіўшы, што законы Польшчы зьяўляюцца яе ўнутранай справай і што ейны ўрад не падпарадкуецца ніякаму вонкаваму націску.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG