Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча пакуль што ня стане Беларусьсю


Ужо амаль тыдзень дзясяткі тысяч людзей па ўсёй Польшчы пратэстуюць супраць новых законаў аб судовай сыстэме. Апазыцыя сьцьвярджае, што ў краіне ўсталявалася дыктатура. Эўропа пагражае Варшаве санкцыямі. Урад абяцае — ані кроку назад.

Гарачыя галовы ўжо пасьпяшаліся назваць Польшчу другой Беларусьсю.

Параўнаньне зь Беларусьсю — гэта вынік палітычных эмоцыяў, якія ў Польшчы зашкальваюць. Польскае палітычнае жыцьцё заўсёды, зрэшты, было вельмі гарачым. Палярызацыя грамадзтва паводле палітычнай прыкметы там куды большая за падзел «застабілы» -«змагары» ў Беларусі. Ураду правых у Польшчы дастаецца ад крытыкаў па самыя вушы. Яны моцна ўзяляіся за зьмены ў краіне, бо за ўладу змагаліся 10 гадоў. Маючы дэмакратычны мандат, яны праводзяць зьмены, якія могуць не падабацца апазыцыі. Але гэты мандат народ даў ім, а не апазыцыі. З судовай рэформай усё інакш.

У цэнтры: Яраслаў Качыньскі
У цэнтры: Яраслаў Качыньскі

Польская судовая сыстэма існуе аўтаномна ад палітыкаў. На працэс выбару судзьдзяў яны ўплываюць мінімальна. Усё дагэтуль вырашалі самыя судзьдзі. Кансэрватыўная партыя «Права і справядлівасьць», якой кіруе Яраслаў Качынскі, брат-блізьнюк загінулага прэзыдэнта Леха Качыньскага, лічыць такі мэханізм паталягічным. Урад і правая большасьць у парлямэнце пераконваюць, што судовая сыстэма ў Польшчы не зьмянілася з падзеньня камунізму і нікім не кантралюецца, то бок у сутнасьці застаецца посткамуністычным рэліктам, які трэба капітальна праветрыць. І гэта ня толькі думка Качыньскага. Ажно 70% палякаў, паводле апытаньняў, хочуць рэформы судовай сыстэмы.

Якімі б сьветлымі і чыстымі не былі намеры палітыкаў, улазіць у працу судоў яны проста ня маюць права.

Рэфармаваць суды «Права і справядлівасьць» прапанавала вельмі арыгінальным спосабам. Кантраляваць выбар судзьдзяў, на іхную думку, павінны палітыкі. Але ёсьць адна дэталь — суды, паводле польскай Канстытуцыі, павінны быць незалежнымі ад выканаўчай і заканадаўчай уладаў. І якімі б сьветлымі і чыстымі не былі намеры палітыкаў, улазіць у працу судоў яны проста ня маюць права. Такая зьмена сапсавала б сыстэму стрымліваньня і супрацьвагі. Супраць яе зьнішчэньня і пратэстуюць палякі на вуліцах. Больш за палову іх, паводле апытаньняў, жадаюць, каб прэзыдэнт наклаў вэта на тры законапраекты, пра якія гаворка.

Пратэст ля сьценаў Вярхоўнага суда
Пратэст ля сьценаў Вярхоўнага суда

Ці падпіша Анджэй Дуда гэтыя законы — найбольшая палітычная інтрыга ў Польшчы апошніх дзён. У прэзыдэнты Дуда ішоў як кандыдатат тых самых кансэрватараў, якія кіруюць дзяржавай. Таму ідэалягічна, здавалася б, ён мае быць на баку ПіС. Але на гэтым тыдні Дуда нечакана заявіў, што не падпіша закон, калі туды ня будуць унесеныя ягоныя папраўкі. Парлямэнцкая большасьць іх улічыла, але прэс-сакратар прэзыдэнта ўжо заявіў, што галава дзяржавы знайшоў у законе памылку і дасьць сваю ацэнку днямі. Таму нельга выключаць, што Дуда згаданыя законы не падпіша. Самы вялікі дакор з боку апазыцыі ў адрас прэзыдэнта — несамастойнасьць. У прэзыдэнта зьявілася выдатная магчымасьць нэўтралізаваць сваіх крытыкаў і сабраць балы на карысьць пераабраньня падчас наступных выбараў. Гэта вялікая спакуса. Ёсьць і іншы варыянт: Дуда законы падпіша і гэтым самым дасьць новы імпульc для пратэстаў на вуліцах.

Судовая рэформа патрэбная Польшчы. Але тое, што прапаноўвае ПіС, не задавальняе людзей. Глыбокіх зьменаў, апрача кадравых, гэтыя зьмены не нясуць. А палітыкі атрымаюць у выніку спакусу ручнога кіраваньня судамі.

Польшча апынулася на крутым павароце, але зламаць яе дэмакратычную сутнасьць у разы цяжэй, чым кволую сыстэму Беларусі ў сярэдзіне 1990-х.

Усё гэта небясьпечна і нават пры найлепшай матывацыі і намерах можа прывесьці да трагічных для дэмакратыі наступстваў. Таму і ўзьнікаюць апакаліптычныя сцэнары пра сьмерць дэмакратыі ў Польшчы, пераўтварэньне ў другую Турцыю, палітвязьняў і выхад з ЭЗ.

Сябры-палякі ці то жартам, а мо і ўсур’ёз, пытаюць: беларусы, навучыце, як змагацца з дыктатурай, бо вы ўжо такое праходзілі. На жаль, усё яшчэ праходзяць. Бяда ў тым, што такое параўнаньне, па-першае, дэвальвуе аўтарытарную сутнасьць рэжыму ў Беларусі, а па-другое, размывае разуменьне таго, што адбываецца ў Польшчы. Польшча апынулася на крутым павароце, але зламаць яе дэмакратычную сутнасьць у разы цяжэй, чым кволую сыстэму Беларусі ў сярэдзіне 1990-х. Гэта і парлямэнт, і СМІ, і мясцовая ўлада. А галоўнае — грамадзтва. Насуперак алярмісцкім галасам, што ў Польшчы пануе дыктатура і ўлада ня лічыцца зь меркаваньнем людзей, грамадзтву цягам апошніх двух гадоў удавалася ня раз прымушаць уладу мяняць свае рашэньні.

Пратэсты супраць судовай рэформы — гэта не пратэсты супраць зьмяншэньня заробкаў ці павышэньня падаткаў. Гэта пратэсты супраць парушэньня прынцыпу, зьмены якога, цалкам верагодна, большасьць палякаў нават бы не адчула. Людзей вывеў ня страх згубіць капейку, а злосьць на закон, які можа забраць у іх свабоду. Гэта той гатунак злосьці, якога баіцца кожная ўлада. А раззлаваныя палякі - гэта падвойная праблема.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG