Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі тысяч людзей 14, 15 і 16 ліпеня пратэставалі на вуліцах Варшавы і ў іншых гарадах Польшчы супраць судовых рэформаў, што ўводзіць кіроўная кансерватыўная партыя «Права і справядлівасьць».

У пятніцу 14 ліпеня Сэнат Польшчы канчаткова ўхваліў два законы аб рэформах судовага ўладкаваньня, якія затым пайшлі на разгляд прэзыдэнту краіны. Яны прадугледжваюць, у прыватнасьці, павелічэньне ролі парлямэнту ў кантролі над судзьдзямі — менавіта парлямэнт павінен прызначаць чальцоў Нацыянальнай рады судаводзтва, задача якой бараніць незалежнасьць судоў. Акрамя таго, у дакумэнтах гаворыцца аб рэфармаваньні Канстытуцыйнага суду і павелічэньні кантролю над Генэральнай пракуратурай з боку Міністэрства юстыцыі.

Кіроўная партыя сьцьвярджае, што гэта зробіць судовую сыстэму больш дзейснай і падсправаздачнай грамадзкасьці; апанэнты бачаць у гэтым зьнішчэньне незалежнасьці суду і парушэньні прынцыпу вяршэнства права.

Апазыцыя заяўляе, што гэта парушэньне канстытуцыйнага прынцыпу падзелу ўладаў. Акрамя таго, зьмены прадугледжваюць вызваленьне ад пасадаў усіх судзьдзяў Вярхоўнага суду, акрамя тых, каго прызначыў міністар юстыцыі — менавіта да міністра павінна перайсьці права прызначаць усіх судзьдзяў Вярхоўнага суду.

Пратэст 16 ліпеня ў Варшаве
Пратэст 16 ліпеня ў Варшаве

Гэтыя зьмены выклікалі зьдзіўленьне і неразуменьне за мяжой. У Эўразьвязе іх называюць недэмакратычным адступленьнем ад незалежнасьці судовай сыстэмы і пагражаюць прыцягнуць Польшчу да адказнасьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG