Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Валэнса далучыўся да пратэстаў супраць судовай рэформы ў Польшчы


Пратэсты ў Варшаве 20 ліпеня
Пратэсты ў Варшаве 20 ліпеня

Лех Валэнса, былы прэзыдэнт Польшчы і заснавальнік руху «Салідарнасьць», падтрымаў пратэсты супраць супярэчлівай судовай рэформы. 22 ліпеня 73-гадовы Валэнса выступіў на мітынгу ў польскім Гданьску.

«Наша пакаленьне змагло вярнуць Польшчу ў нармальны стан і забясьпечыць разьмеркаваньне ўлады. Мы ня можам нікому дазволіць гэта зьнішчыць», — сказаў Валэнса.

21 ліпеня дзясяткі тысяч палякаў выйшлі з пратэстамі на вуліцы сталіцы Варшавы і іншых польскіх гарадоў. Насуперак перасьцярогам Эўрапейскага зьвязу, Сэнат, верхняя палата парлямэнту Польшчы, ўхваліў закон, які надасьць палітыкам краіны значны кантроль над судовай сыстэмай.

Раней гэты закон ухваліла ніжняя палата парлямэнта, Сэйм, і для ўступленьня ў сілу застаецца толькі подпіс кіраўніка дзяржавы. Прэзыдэнт Дуда заўсёды прытрымліваецца лініі кіруючай партыі «Права і справядлівасьць». Акурат гэтая партыя і ініцыявала закон.

Старшыня партыі Яраслаў Качыньскі сьцьвярджае, што судовая сыстэма ў Польшчы мае патрэбу ў «радыкальных зьменах». Па яго словах, яна да гэтага часу функцыянуе, як у часы сацыялізму, і ў ёй яшчэ поўна працаўнікоў з тых часоў.

Закон, сярод іншага, прадугледжвае вызваленьне ад пасад судзьдзяў Вярхоўнага суду, за выключэньнем тых, якіх прызначыў прэзыдэнт. Новы законы дае прэзыдэнту права кіраваць дзейнасьцю судоў.

Гэты закон рэзка крытыкавалі ў Эўрапейскім зьвязе за тое, што ён, па словах крытыкаў, зьнішчае незалежную судовую галіну ўлады і пагражае прынцыпу вяршэнства права.

Прэмʼер-міністар Польшчы Шыдла адпрэчыла крытыку Эўразьвязу, заявіўшы, што законы Польшчы — гэта ўнутраная справа краіны, і што ўрад не падпарадкуецца ніякаму зьнешняму націску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG