Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы пасьля Майдану афіцыйны візыт у Кіеў: ці ўшануе Аляксандар Лукашэнка памяць герояў Нябеснай сотні?


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Сёньня аб 11-й гадзіне ў Кіеве адбудзецца афіцыйная цырымонія сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі ды Пятра Парашэнкі. Яна будзе праходзіць на плошчы перад будынкам Адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта.

Прадугледжваецца, што спачатку Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка правядуць сустрэчу ў фармаце сам-насам, а потым — у пашыраным складзе з удзелам дэлегацый. Афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі распачаўся напярэдадні, але ніякіх публічных мерапрыемстваў на 20 ліпеня не анансавалася.

Аляксандар Лукашэнка ўжо наведваў Кіеў пасьля падзей на Майдане: быў у чэрвені 2014 году на інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і ў сьнежні 2014 году, але з рабочым візытам — літаральна празь некалькі месяцаў пасьля таго, як Менск быў выбраны нэўтральнай пляцоўкай для правядзеньня перамоваў пра вырашэньне канфлікту на Данбасе.

Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу не наведваў у Кіеве алею Герояў Нябеснай сотні, на якой ушаноўваецца памяць у тым ліку і беларуса Міхася Жызьнеўскага — ён стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў актывістаў зь міліцыяй і першым з іншаземцаў, пасьмяротна ўганараваным званьнем Героя Ўкраіны.

Ушанаваньне герояў Нябеснай сотні — пратакольная практыка

У дыпляматычнай практыцы Ўкраіны ўжо склалася традыцыя, калі кіраўнікі замежных дзяржаў і ўрадаў падчас афіцыйных візытаў ушаноўваюць памяць загінулых падчас масавых акцый пратэсту 2013-2014 гадоў. Але ці ёсьць гэта абавязковаю часткаю афіцыйных візытаў, не ўдакладняецца. Невядома пра такі пункт у праграме візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў.

Між тым ускладаньне кветак замежнымі высокапастаўленымі гасьцямі стала ў Кіеве пратакольнай практыкай.

Алею Герояў Нябеснай сотні наведвалі кіраўнікі краінаў СНД, Эўропы і ЗША.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн двойчы наведваў алею Герояў Нябеснай сотні — у лістападзе 2014-га і ў сьнежні 2015-га.
Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал П’етра Паралін у час афіцыйнага візыту 20 чэрвеня 2016 году памаліўся за «навамучанікаў украінскага народу» каля пастаўленага на алеі крыжа.

11 ліпеня 2016 году прэм’ер-міністар Канады Жустэн Трудо ўсклаў кветкі да месца гібелі герояў Нябеснай сотні і ўкленчыў на знак пашаны да палеглых.

15 верасьня 2016 году міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан пасьля наведваньня алеі Герояў Нябеснай Сотні назваў мэмарыял «змрочным напамінам пра ахвяраў у барацьбе за дэмакратыю і сувэрэнітэт».

Памятнае для ўкраінцаў месца неаднойчы наведвалі прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск і прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Сьпіс можна працягваць, але найбольш паказальнымі сталі першыя ўгодкі гібелі актывістаў, што адзначалася 22 лютага 2015-га. Тады ў Кіеў на ўшанаваньне прыехалі прэзыдэнты Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Малдовы, Грузіі, Славаччыны, а таксама кіраўнікі ўрадаў Латвіі і Эстоніі, кіраўнікі парлямэнтаў Гішпаніі і Баўгарыі, прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў Чэхіі, Францыі, Вугоршчыны ды іншыя афіцыйныя асобы. Тады ўсе разам яны прайшлі Маршам годнасьці па вуліцах, дзе адбываліся супрацьстаяньні ўдзельнікаў акцый пратэсту зь міліцыяй.

XS
SM
MD
LG