Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Кіеве сустракаюць Лукашэнку: ля адміністрацыі — пікет, сустрэча з Парашэнкам — заўтра


Фота: Тактычная Група Беларусь

Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі адбудзецца заўтра, 21 ліпеня.

Як паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе ўкраінскага прэзыдэнта, афіцыйная цырымонія сустрэчы пачнецца на плошчы перад будынкам Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны аб 11-й, а ўжо а 12.30 Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка зробяць заявы для журналістаў.

У гэтыя самыя хвіліны беларуская грамада Кiева ды беларускія добраахвотнiкi праводзяць пікет на вуліцы Банкавай, дзе разьмяшчаецца адміністрацыя ўкраінскага прэзыдэнта. Яны выйшлі на акцыю пад бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сьцягамі.

Удзельнікі пікету трымаюць таксама плякаты з партрэтамі расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ды Аляксандра Лукашэнкі з подпісам «Два сапога пара». Апроч таго, у руках удзельнікаў і партрэты беларускага добраахвотніка Тараса Аватарава, які асуджаны ў Беларусі на пяць гадоў пазбаўленьня волі. На акцыю прыйшла і маці Тараса — Людміла Посьпех.

Напярэдадні Людміла Посьпех зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з заклікам заступіцца за яе сына, які абараняў цэласьць украінскай тэрыторыі на Данбасе:

«Я прашу дапамагчы абараніць сына. І мая мэта ня столькі распавесьці пра бяду ў сваёй сям’і, а я ганаруся сваім сынам, колькі падтрымаць тых хлопцаў, якія на сёньняшні момант ня могуць прыехаць або вярнуцца дадому ў Беларусь, і іх абараніць. Майго сына абараніць вельмі складана — гэта залежыць толькі ад жаданьня „вярхоў“, таму я і зьвяртаюся менавіта да ўкраінскай улады зьвярнуць увагу на тых, хто абараняе цэласьць Украіны», — сказала Людміла Посьпех на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 19 ліпеня.

Арганізатары пікету паведамілі, што заплянавалі акцыю на сёньня, бо ня ведалі дакладнага графіку візыту кіраўніка Беларусі ва Ўкраіну. «У нас заяўка на правядзеньне пікету пададзеная да гарадзкіх уладаў на два дні. Мы і заўтра выйдзем на акцыю», — сказала Галіна Сарочык, лідэрка наваўтворанай у Кіеве арганізацыі беларусаў «Сябры».

У гэты момант украінскі прэзыдэнт адсутнічае — ён бярэ ўдзел у мерапрыемствах у Кіеўскім палітэхнічным унівэрсытэце з нагоды стварэньня фонду энэргаэфэктыўнасьці.

Народны дэпутат Украіны Мустафа Наем выказаў абурэньне візытам Аляксандра Лукашэнкі ў гадавіну забойства Паўла Шарамета.

«Абсурд часоў Пятра Парашэнкі — гэта калі ў гадавіну забойства Паўла Шарамета арганізоўваецца афіцыйны візыт прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Таго самога Лукашэнкі, які зьнішчыў у сваёй краіне свабоду слова, пры якім зьніклі і былі пасаджаныя сотні журналістаў, а астатнія, як Шарамет, вымушаныя былі эміграваць. Менавіта таго Лукашэнкі, пры якім Павал быў адпраўлены ў СІЗА, а яго сябар і апэратар Дзьмітры Завадзкі быў па-зьверску забіты. На самай справе, ня важна, у чыёй нездаровай галаве нарадзілася ідэя гэтага візыту менавіта ў гэтую дату. Я ўпэўнены нават, што гэта не спэцыяльна — там проста забыліся пра гэтую гадавіну і нават не супаставілі, як будуць глядзецца побач сюжэты і кадры Парашэнкі і Лукашэнкі з усьмешкамі на тварах і чорныя партрэты Паўла Шарамета з пытаньнем «Хто забіў Паўла?», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Мустафа Наем, былы журналіст інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG