Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як падае беларускае ўрадавае агенцтва БЕЛТА, Аляксандар Лукашэнка вечарам 20 ліпеня прыбыў з афіцыйным візытам ва Украіну. Самалёт Лукашэнкі прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Барыспаль каля Кіева.

Дэталяў прыбыцьця кіраўніка Беларусі ў Кіеў не паведамляецца. У прыватнасьці, невядома, ці суправаджае яго сын Мікалай.

Праграмай візыту на 21 ліпеня заплянаваныя перамовы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якія пройдуць у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Будуць абмеркаваныя разьвіцьцё палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

Таксама адной з тэм сустрэчы стане ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Сёньня ўдзень беларуская грамада Кiева і беларускія добраахвотнiкi правялі пікет на вуліцы Банкавай, дзе разьмяшчаецца адміністрацыя ўкраінскага прэзыдэнта. Яны выйшлі на акцыю пад бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сьцягамі.

Удзельнікі пікету трымалі плякаты з партрэтамі расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі з подпісам «Два сапога пара». Апроч таго, у руках удзельнікаў былі партрэты беларускага добраахвотніка Тараса Аватарава, які асуджаны ў Беларусі на пяць гадоў пазбаўленьня волі. На акцыі прыстунічала маці Тараса — Людміла Посьпех.

XS
SM
MD
LG