Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША могуць увесьці маштабныя санкцыі супраць Вэнэсуэлы


Антыўрадавыя выступы ў Каракасе 27 траўня 2017 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуру, што Злучаныя Штаты распачнуць «апэратыўныя і магутныя эканамічныя дзеяньні», калі вэнэсуэльскія ўлады пойдуць на скліканьне Канстытуцыйнага сходу, мэтай якога зьяўляецца зьмяненьне канстытуцыі краіны і пазбаўленьне цяперашняга парлямэнту Вэнэсуэлы паўнамоцтваў.

Прэзыдэнт ЗША выступіў з заявай на наступны дзень пасьля правядзеньня апазыцыяй неафіцыйнага рэфэрэндуму, 98 адсоткаў удзельнікаў якога адхілілі ідэю скліканьня Канстытуцыйнага сходу. «Учора вэнэсуэльцы зноў прадэманстравалі, што яны выступаюць за дэмакратыю, свабоду і вяршэнства закона. Але іх мужныя дзеяньні ігнаруюцца лідэрам, які марыць аб увядзеньні дыктатуры, — заявіў Дональд Трамп. — Злучаныя Штаты ня будуць стаяць убаку ў той час, як Вэнэсуэла разбураецца. Калі Мадура навяжа краіне Канстытуцыйны сход, ЗША распачнуць магутныя і апэратыўныя эканамічныя дзеяньні».

Паводле інфармацыйнага агенцтва Reuters, Белы дом разглядае ўвядзеньне маштабных санкцыяў супраць энэргетычнага сэктару Вэнэсуэлы і дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA. На гэтую галіну прыпадае 95 адсоткаў экспартнай выручкі краіны, прычым ЗША зьяўляецца адным з асноўных экспартных рынкаў Вэнэсуэлы, чыя нафта патрабуе асаблівай перапрацоўкі. Аднак Белы дом дзейнічае асьцярожна, паколькі падобныя санкцыі могуць мець разбуральныя наступствы для вэнэсуэльскай эканомікі.

Вэнэсуэльская апазыцыя, якая атрымала пераважную большасьць на выбарах у парлямэнт краіны ў 2015 годзе, на працягу некалькіх месяцаў арганізуе амаль штодзённыя пратэсты ў розных гарадах краіны. У выніку загінулі 93 чалавекі і больш за паўтары тысячы атрымалі раненьні і траўмы. Лідэры апазыцыі заклікалі да правядзеньня ў чацьвер 24-х гадзіннай усеагульнай забастоўкі. Іх асноўным патрабаваньнем зьяўляецца правядзеньне датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG