Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крым даставілі яшчэ дзьве турбіны, падобныя да Siemens, — Reuters


Ілюстрацыйнае фота. Газавая турбіна камбінаванага цыклю Siemens
Ілюстрацыйнае фота. Газавая турбіна камбінаванага цыклю Siemens

Агенцтва Reuters паведаміла, што ў акупаваны Расеяй украінскі Крым маглі даставіць насуперак санкцыям Эўрапейскага Зьвязу з суседняй Расеі яшчэ дзьве турбіны вытворчасьці нямецкай кампаніі Siemens да дзьвюх дастаўленых раней.

Як паведаміла агенцтва, у ноч на чацьвер двое яго рэпартэраў бачылі гэтае абсталяваньне ў порце ў Феадосіі на акупаваным паўвостраве. Незалежных пацьверджаньняў таго, што гэтыя два цыліндрычныя аб’екты пад сінімі пакрываламі, падобныя на два дастаўленыя раней у акупаваны Сэвастопаль, таксама зьяўляюцца турбінамі нямецкай кампаніі, на момант публікацыі агенцтва ня мела. Але іхныя памеры і форма адпавядаюць публічна апублікаваным выявам газавых турбінаў кампаніі Siemens, гаворыцца ў паведамленьні.

У сераду прадстаўнік нямецкай кампаніі ў яе штаб-кватэры ў Баварыі Яшар Азад сказаў агенцтву, што Siemens усё яшчэ спрабуе высьветліць усе факты, у прыватнасьці месца знаходжаньня астатніх дзьвюх з чатырох турбінаў, пра якія гавораць апошнім часам.

На самім акупаваным расейскім паўвостраве прадстаўнік фактычнай расейскай улады заявіў гэтаму ж агенцтву, што гаварыць пра гэтыя турбіны нельга, «таму што, вы разумееце, санкцыі, Siemens».

У сераду ўрад Нямеччыны заклікаў кампанію Siemens AG хутчэй і паўней прадставіць тлумачэньні наконт таго, якім чынам яе газавыя турбіны, насуперак дзейсным санкцый Эўрапейскага Зьвязу, дабраліся да акупаванага Расеяй украінскага Крыму з суседняй Расеі. Як заявіў журналістам у Бэрліне прадстаўнік канцлера Ангелы Мэркель Штэфэн Зайберт, нямецкі ўрад сочыць за справай «зь вялікай увагай». Паводле яго, захаваньне санкцый — гэта ў першую чаргу адказнасьць кампаніі Siemens. Менавіта кампанія, сказаў ён, павінна правяраць, каб усе яе дзелавыя дачыненьні адпавядалі санкцыйнаму рэжыму. «Дастаўка турбінаў у Крым насуперак умовам кантракту і нягледзячы на запэўніваньні на вышэйшым узроўні ... заслугоўвае асаблівай увагі і цалкам недапушчальная», — адзначыў спікер.

У аўторак кампанія Siemens падала пазовы ў Арбітражны суд Масквы наконт яе газавых турбінаў, насуперак санкцыям незаконна дастаўленым з Расеі ў Крым. Сярод пазваных ёсьць і сумеснае прадпрыемства нямецкай кампаніі ў Расеі, у якім Siemens мае 65% і на заводзе якога ў Расеі і былі пабудаваныя згаданыя турбіны. У кампаніі таксама заявілі, што будуць вымушаныя абдумаць свае далейшыя стасункі з Расеяй пасьля справы з турбінамі, пасьля якой «вяртаньне да звыклага парадку спраў немагчымае».

У панядзелак кампанія Siemens заявіла, што выставіць крымінальныя абвінавачаньні супраць неназваных асобаў, адказных за гэтае парушэньне, а таксама падасьць судовыя пазовы з мэтай спыніць дастаўку ў Крым іншага абсталяваньня і дамагчыся вяртаньня турбінаў з Крыму назад у Расею. Інакш, заявілі ў кампаніі, яна будзе дамагацца адмяніць увесь кантракт. Акрамя таго, Siemens узважвае і іншыя дадатковыя крокі, гаварылася ў паведамленьні.

Кампанія тады пацьвердзіла інфармацыю аб дастаўцы ў акупаваны Расеяй Крым сама меней дзьвюх з чатырох яе турбінаў насуперак санкцыям, якія датычацца паўвострава. Яна таксама паабяцала, што ня будзе ўдзельнічаць у мантажы, наладцы і гарантыйным абслугоўваньні турбінаў, калі іх усё ж такі ўсталююць там.

Siemens адзначае, што турбіны былі пастаўленыя на заказ для электрастанцыі на Таманскім паўвостраве ў Расеі і затым перавезеныя з Расеі ў Крым «супраць волі» кампаніі. Siemens таксама адмаўляе сваю датычнасьць да перанакіраваньня турбінаў з Расеі ў Крым. Гэта, адзначыла кампанія, відавочнае парушэньне кантракту, прама забараняе расейскаму контрагенту ажыцьцяўляць пастаўкі ў Крым. Як гаварылася ў паведамленьні, на працягу мінулых некалькіх месяцаў контрагент неаднаразова пісьмова запэўніваў Siemens, што перавозкі турбінаў у Крым ня будзе.

Пры гэтым, заявілі ў кампаніі, Siemens пачала ўнутранае расьсьледаваньне ў дачыненьні да ўсіх сваіх сумесных прадпрыемстваў і партнэраў у Расеі, каб гарантаваць адсутнасьць любых паставак або аказаньне паслуг, якія маглі б парушыць экспартныя абмежаваньні.

На мінулым тыдні стала вядома, што ў акупаваным Крыме з суседняй Расеі былі дастаўлены газавыя турбіны электрастанцыі, якую будуе ў Сэвастопалі фактычная расейскія ўлады. Агенцтва «Рэйтэр» апублікавала расьсьледаваньне, якое пацьвердзіла: гаворка ідзе пра турбіны кампаніі Siemens, якія трапілі з Расеі ў Крым з парушэньнем санкцый Эўрапейскага Зьвязу. Паводле гэтых дадзеных, турбіны былі афіцыйна прызначаныя для электрастанцыі, на паперы плянаванай на Таманскім паўвостраве ў Расеі, але адтуль былі морам перавезеныя на акупаваны ўкраінскі Крымскі паўвостраў.

Пра магчымасьць перанакіраваць «таманскія» турбіны ў Крым для дзьвюх новых электрастанцый, у Сэвастопалі і Сімфэропалі, у Расеі гавораць ужо некалькі гадоў, з часу акупацыі паўвострава 2014 году. Але Siemens кожны раз падкрэсьліваў, што яго турбіны прызначаныя толькі для Тамані, але не для акупаванага ўкраінскага паўвострава, куды пастаўкі такога абсталяваньня забаронены санкцыямі ЭЗ.

Эўрапейскі Зьвяз, а таксама ЗША і іншыя краіны «Групы сямі» і яшчэ шэраг дзяржаў увялі ў дачыненьні да Расеі некалькі пакетаў санкцый за яе агрэсію супраць Украіны — спачатку праз акупацыю Крыму, потым праз умяшаньне на ўсходзе Ўкраіны. Частка гэтых санкцый забараняе эканамічныя кантакты з акупаваным паўвостравам і з захопленымі Расеяй кампаніямі на ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG