Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вырвалі з кантэксту». Матолька атрымаў адказ зь Мінабароны на скаргу пра «нашчадкаў Кубэ»


Уладзімер Макараў
Уладзімер Макараў

Блогер Антон Матолька атрымаў адказ зь Міністэрства абароны наконт заяваў прэсавага сакратара Ўладзімера Макарава, зробленых незадоўга да параду на афіцыйны Дзень незалежнасьці 3 ліпеня.

У сваім звароце Матолька нагадаў, што пасьля інцыдэнту з танкам, які падчас рэпэтыцыі на вялікай хуткасьці страціў кіраваньне і зьнёс слуп на сталічным праспэкце Незалежнасьці, у інтэрнэце пачаўся збор подпісаў супраць правядзеньня вайсковага параду ці за тое, каб вынесьці яго за межы гораду. За гэта на той момант выказаліся больш за 3500 чалавек.

Па гарачых сьлядах у прадстаўніка Міністэрства абароны палкоўніка Ўладзімера Макарава журналісты спыталі, ці зьбіраецца Мінабароны прыслухацца да гэтых людзей. На гэта прэсавы сакратар адказаў:

«Вайсковыя парады ў Дзень незалежнасьці праводзяцца і будуць праводзіцца надалей. Але гэтае сьвята ня стала сьвятам беларускіх радыкалаў, тых, хто ёсьць ідэйнымі нашчадкамі Вільгельма фон Кубэ».

У гэтым зьвязку Антона Матольку цікавіла: ці гэта пазыцыя Міністэрства абароны, ці асабістая думка прэсавага сакратара?

У адказе зь ведамства, пад якім паставіў подпіс начальнік упраўленьня маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы палкоўнік Касінскі, паведамляецца, што зварот разгледжаны, дэталёва вывучаны аўдыёзапіс матэрыялаў прэс-канфэрэнцыі.

Па яго словах, экспэртыза паказала, што з кантэксту выступу палкоўніка Макарава «некаторымі СМІ вырваны асобныя фрагмэнты, якія вольна інтэрпрэтаваныя адпаведнымі аўтарамі».

«Прыведзеныя тэзісы не раскрываюць усе аспэкты адказу на пытаньне журналіста, таму прапаную азнаёміцца з разьмешчаным на інтэрнэт-партале Мінабароны 29 чэрвеня матэрыялам пад назвай «Інфармацыйныя акцыі, разгорнутыя „незалежнымі СМІ“, паказалі самае галоўнае — грамадзяне нашай краіны, у тым ліку тыя, хто мае ўласную думку наконт правядзеньня парадаў войскаў, былі і застаюцца патрыётамі сваёй краіны і ў прынцыпе не прымаюць ідэі радыкалаў», — падсумаваў Касінскі.

Такім чынам, уцямнага адказу на сваё пытаньне Матолька так і не атрымаў, а ідэоляг Касінскі фактычна прадубляваў тэкст Макарава, зьмешчаны на сайце абароннага ведамства. А таму будзе зварот у пракуратуру, сказаў Матолька Свабодзе:

«Ліст быў на імя міністра, адпаведна, незразумела, чаму адказ на такім узроўні. Бо фактычна ліст ні пра што. Таму, як мінімум, будзе накіраваны ліст у пракуратуру за парушэньне закону аб зваротах грамадзян — гэта і парушэньне формы, і адказ не па сутнасьці, і г.д. Зрэшты, гэта ж Міністэрства абароны, яны апошнім часам аргумэнтавана адказваць ня могуць. Або ня хочуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG