Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрыстос, Лукашэнка і «лібэроіды»: 7 цытатаў палкоўніка Макарава


Палкоўнік Уладзімер Макараў

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў назваў сёньня праціўнікаў ваенных парадаў у Беларусь «нашчадкамі Вільгельма Кубэ». Вострыя цытаты палкоўнік Макараў дазваляў сабе ня раз і раней. Свабода сабрала некаторыя зь іх.

1. Існуе цікавы сайт predateli.com, дзе разьмешчана дастаткова пераканаўчая інфармацыя аб прадстаўніках «пятай калёны» — тых, каго цалкам можна называць либэроіды або лібэроіднай сэктай, то бок бездапаможных прадстаўніках маргінальнага соцыюму, які нічога агульнага ў прынцыпе ня можа мець ні з сапраўдным лібэралізмам, ні з сапраўднай дэмакратыяй.

2. Дзень Перамогі, як і Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца па волі беларускага народа менавіта 3 ліпеня, — гэта сьвятыя сьвяты, напоўненыя высокім сэнсам. Але гэта ня сьвяты для «беларускіх» радыкалаў. Пятая калёна ненавідзіць гэтыя сьвяшчэнныя для беларусаў даты і не хавае гэтага.

3. Шалее псэўдалібэральная жоўтая прэса, а крыкі палітычных няўдачнікаў і прайдзісьветаў дасягнулі свайго апагею. «Апошняя дыктатура Эўропы», «палітычнае сярэднявечча», «таталітарная дзяржава», «варварская дыктатура», «краіна, якія спыніліся ў разьвіцьці» — гэта толькі нікчэмна малая частка эпітэтаў, якімі «ўзнагароджана» наша краіна псэўдадэмакратычнай тусоўкай, якая заклікала сусьветную супольнасьць да санкцый, праліваючы сьлёзы з нагоды беларускай рэвалюцыі «ружаў», «цюльпанаў» або «аранжавага» перавароту, які не адбыўся.

4. Тлумачыць лібэроіднай тусоўцы, што значыць тэзіс — «нярэчыўнае кіруе сьветам» — справа бессэнсоўная. Кошт параду ня вызначаецца даляравы эквівалентам. Менавіта таму пятая калёна віскатала, і будзе віскатаць на самай высокай ноце ў сувязі з любымі патрыятычнымі акцыямі, што праводзяцца ў нашай краіне.

5. Лідэр беларускай нацыі А. Р. Лукашэнка ўжо ўвайшоў у сусьветную гісторыю як яркі палітычны дзеяч новага стагодзьдзя. Таму цалкам заканамерны выбар беларускага народа, які ён зрабіў 19 сьнежня 2010 года. Гэты выбар на карысьць міру і стварэньня прызнаны знакавымі фігурамі сусьветнай супольнасьці.

6. Трэба вучыцца ў Кітайскай Народнай Рэспублікі, у Камуністычнай партыі Кітая бараніць уладу, абараняць вялікую гісторыю, абараняць нацыянальныя інтарэсы!

7. У беларускую сымболіку «Кветкі Перамогі» зашыфраваныя важныя філязофскія сэнсы. У міталёгіі многіх народаў менавіта яблык — сымбаль неўміручасьці. Яблыневы цьвет — сымбаль вясны, росквіту і паэтычная эмблема прыгажосьці, а ў іканаграфіі яблык у руках Хрыста — адзін з сымбаляў выратаваньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG