Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі Ўкраіны: Увядзеньне памежнага кантролю для грамадзян Беларусі патрабуе перамоваў


Абвешчаныя Ўкраінай пляны пра ўвядзеньне біямэтрычнага кантролю для замежных грамадзян пры ўезьдзе на ўкраінскую тэрыторыю будуць патрабаваць дадатковых перамоў з шэрагам дзяржаў, зь якімі цяпер краіна мае пагадненьні пра бязьвізавы рэжым.

«Біямэтрычны кантроль плянуецца ўвесьці для ўсіх краін. Рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, па сутнасьці, сьведчыць пра тое, што кабінэт міністраў Украіны мае пачаць перамовы пра ўнясеньне зьмен у двухбаковыя пагадненьні, якія на сёньняшні дзень дзейнічаюць у сфэры ўзаемных паездак», — паведаміла ў размове з Радыё Свабода інфармаваная крыніца ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Паводле суразмоўцы, для краін, у якіх пакуль ня ўведзеныя біямэтрычныя пашпарты, «будуць прадугледжаныя мэханізмы, што дазволяць бесьперашкодна ўяжджаць на тэрыторыю Ўкраіны».

На сёньня памежны кантроль між Украінаю і Беларусьсю рэгулюецца пагадненьнем пра бязьвізавыя паездкі грамадзян, падпісаным у чэрвені 2009 года. Яно прадугледжвае пералік дакумэнтаў, зь якімі грамадзяне Беларусі і Ўкраіны маюць права ўяжджаць на тэрыторыю краін. У гэтым пераліку біямэтрычны пашпарт, як і абавязковае зьняцьце адбіткаў пальцаў, адсутнічае.

Згодна з артыкулам 4 гэтага пагадненьня, бакі абавязаны неадкладна інфармаваць адзін аднаго па дыпляматычных каналах аб увядзеньні новых дакумэнтаў або ўнясеньні зьмен у пералік дакумэнтаў, якія выкарыстоўваюцца для ўзаемных паездак, і адначасова даслаць адзін аднаму іхныя ўзоры.

У артыкуле 6 прадугледжана, што кожная з краін мае права поўнасьцю або часткова прыпыніць дзеяньне асобных палажэньняў пагадненьня, калі гэта неабходна для гарантаваньня бясьпекі дзяржавы, захаваньня грамадзкага парадку або аховы здароўя насельніцтва. Але пра прыняцьце такіх захадаў бакі абавязаны паведаміць адзін аднаму па дыпляматычных каналах.

Пагадненьне пра бязьвізавыя паездкі грамадзян Беларусі і Ўкраіны падпісана на неабмежаваны час, але кожны з бакоў можа дэнансаваць яго, паведаміўшы пра гэта другому боку у пісьмовай форме. У такім выпадку пагадненьне страціць моц па заканчэньні шасьці месяцаў з даты паведамленьня.

Біямэтрычны кантроль не пазьней за Новы Год?

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў сёньня, што біямэтрычны кантроль для замежнікаў на мяжы павінен запрацаваць не пазьней за 1 студзеня 2018 году.

«Але ў выпадку гатоўнасьці адпаведных органаў МУС, маецца на ўвазе памежная служба, міграцыйная служба, МЗС, — я не выключаю, што ён запрацуе яшчэ да канца гэтага году», — заявіў Турчынаў па выніках пасяджэньня Рады.

Акрамя таго, грамадзяне Расеі перад прыездам ва Ўкраіну будуць абавязаны прайсьці папярэднюю электронную рэгістрацыю ва ўкраінскім міністэрстве замежных спраў. Расейцаў таксама абавяжуць рэгістравацца па месцы часовага знаходжаньня і паведамляць пра свае перасоўваньні.

Раней сёньня прэзыдэнт Пятро Парашэнка анансаваў, што Ўкраіна ўвядзе біямэтрычны кантроль на мяжы для ўсіх замежнікаў. «Мы павінны зьняць біямэтрычныя дадзеныя, уключаючы адбіткі пальцаў, лічбавую фатаграфію. Гэта значна ўзмоцніць магчымасьці для барацьбы з тэрарызмам», — сказаў Парашэнка

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG