Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б Трамп хацеў працягнуць руку Маскве, то рабіў бы гэта не ў Варшаве, — польскі экспэрт


Сёньня а 22 гадзіне ў Варшаве прызямліцца Air Force One з амэрыканскім прэзыдэнтам на борце. 5 і 6 ліпеня Дональд Трамп будзе знаходзіцца ў Польшчы на запрашэньне прэзыдэнта Анджэя Дуды.

Апрача двухбаковых сустрэчаў з кіраўніцтвам Польшчы, прэзыдэнт ЗША прыме ўдзел у саміце «Ініцыятывы трох мораў». Сярод галоўных тэмаў перамоваў — прысутнасьць амэрыканскіх войскаў ва Ўсходняй Эўропе, бясьпека, энэргетыка і дачыненьні з Расеяй.

Пра мэты і магчымыя наступствы візыту Дональда Трампа для Ўсходняй Эўропы ў інтэрвію Дзьмітрыю Гурневічу распавядае польскі палітоляг, сябра праграмнай рады кіроўнай польскай партыі «Права і Справядлівасьць», і чалец Нацыянальнай рады разьвіцьця пры прэзыдэнце Польшчы, прафэсар Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі.

Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі.
Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі.

— Дональда Трампа шмат хто абвінавачвае ў ізаляцыянізьме. Яго папракаюць у крытыцы NATO і адмове ад эўраатлянтычнага падыходу ў амэрыканскай замежнай палітыцы. Якая тады мэтага ягонага прыезду ў Варшаву?

ЗША шукаюць новыя ўзмоцненыя кропкі апоры ў Эўропе. Гэта адпавядае інтарэсам краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.

— Вы пералічылі тэзісы, якія агучваліся ў рамках прапагандысцкай барацьбы падчас выбарчай кампаніі. Але рэальная сытуацыя гэтага не пацьвярджае. Ёсьць вельмі выразныя рашэньні, як, напрыклад, павелічэньне выдаткаў на ўзбраеньне эўрапейскіх саюзьнікаў у рамках NATO. Гэта стала магчымым дзякуючы прэсіі Трампа. Будзьма шчырымі, гэта робіцца не дзеля супрацьстаяньня «Ісламскай дзяржаве». Гэта выразны крок у адказ на расейскую агрэсію ва Ўкраіне.

— Але павелічэньне выдаткаў — гэта крок эўрапейскіх саюзьнікаў, а не ЗША. Эўропа сама плоціць за сваю бясьпеку.

— Ёсьць рашэньне наконт пераносу амэрыканскага дывізійнага камандаваньня зь Нямеччыны ў Познань. Ёсьць рашэньне наконт высылкі ў Эўропу чарговай танкавай брыгады ЗША. Усё гэта ня толькі робіць тэзіс пра аслабленьне NATO непраўдзівым, а наадварот, сьведчыць пра ўмацаваньне альянсу. Галоўны саюзьнік Амэрыкі — Вялікабрытанія — выходзіць са складу ЭЗ. Ёсьць пэўная прахалода ў адносінах з Турцыяй. Таму ЗША шукаюць новыя ўзмоцненыя кропкі апоры ў Эўропе. Дональд Трапм працягнуў тэрмін знаходжаньня амэрыканскіх войскаў у Эўропе. Гэта адпавядае інтарэсам краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы.

— Апанэнты амэрыканскага прэзыдэнта кажуць, што Трамп ляціць у Польшчу з канкрэтным бізнэс-плянам. І што яго мэта не падрымаць наш рэгіён, а заахвоціць краіны Ўсходняй Эўропы купляць амэрыканскі газ.

Расея ўплывае на Эўропу праз газ, карупцыю, спэцслужбы. Таму прыход сюды амэрыканскай сыравіны мінімалізуе расейскі ўплыў.

— Але гэтае вымярэньне амэрыканскай эканамічнай экспансіі нам выгаднае. Амэрыка хоча пераламаць расейскую дамінацыю на эўрапейскі рынку энэргарэсурсаў. Сымбалем гэтага стала пастаўка першага звадкаванага газу з ЗША ў польскі тэрмінал у Сьвінавуйсьці і польская воля пазбыцца расейскай дамінацыі дзякуючы амэрыканскай сыравіне.

— Ці выгадна гэта эўрапейскім краінам? І Расея, і шмат хто ў Эўропе, пераконваюць, што расейская сыравіна ў дадзены момант самая танная крыніца энэргіі для Эўропы.

— Пытаньне — для каго? Для Польшчы расейская сыравіна нядаўна была самая дарагая. Цяпер, пэўна, для Ўкраіны. У кантрактах «Газпрому», напрыклад, з Польшчай, гэтая цана засакрэчаная. Але не сакрэт, што палякі атрымалі вельмі жорсткія ўмовы. Усе мы таксама ведаем, што Расея выкарыстоўвае свой газ для палітычнай барацьбы, як інструмэнт шатажу. Расея ўплывае на Эўропу праз газ, карупцыю, спэцслужбы. Таму прыход сюды амэрыканскай сыравіны мінімалізуе расейскі ўплыў.

Пляц Красіньскіх у Варшаве. Месца выступу Дональда Трампа
Пляц Красіньскіх у Варшаве. Месца выступу Дональда Трампа

— Дональд Трамп прыме ўдзел у саміце «Ініцыятывы трох мораў». Які інтарэс Амэрыкі да гэтай ініцыятывы, і ці зможа рэгіён выйграць ад падтрымкі ЗША?

— Амэрыка ўзмацнняе Ўсходнюю Эўропу, як супрацьвагу Расеі. Гэта і пэўны сыгнал старым дзяржавам ЭЗ. Эманюэль Макрон заявіў нядаўна, што краіны Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы крадуць месцы працы ў французаў. Існуе верагоднасьць, што ў Эўропе могуць узьнікнуць дзьве плыні: старыя чальцы і новыя, якія далучыліся да ЭЗ пасьля 2004 году. Францыя, напрыклад, ставіць пад сумнеў прынцыпы, якія стаялі ля вытокаў Эўразьвязу: свабодны абмен рабочых і паслуг. Краінам нашага рэгіёну гэта нявыгадна, таму ідзе пэўны адказ і з нашага боку. Трохмор’е — гэта канструкцыя краін, якія маюць супольныя інтарэсы. Ідэальная для гэтых краінаў супраца са Скандынавіяй, якая таксама адчувае пагрозу з боку Расеі, і спадзяецца на амэрыканскую падтрымку.

— Пагрозу з боку Расеі адчуваюць і Беларусь з Украінай. Магчыма варта да ініцыятывы Трохмор’я запрасіць і гэтыя краіны?

У інтарэсе Польшчы ўцягваць і Беларусь, і Ўкраіну ў эўрапейскія працэсы.

— Пакуль што ўся гэтая канструкцыя ў стане пабудовы. Міжнародная палітыка дынамічная і ніколі невядома, што будзе неўзабаве. Вядома, што ідэя Трохмор’я мае свае карані ў тым ліку і ў міжваеннай канцэпцыі Міжмор’я, якая прадугледжвала саюз краінаў паміж Расеяй і Нямеччынай. Імпульсам цяпершняга аб’яднаньня стала расейская агрэсія ва Ўкраіне. У яе ўваходзяць краіны Эўразьвязу і NATO. Беларусь і Ўкраіна па-за гэтымі арганізацыямі. Але ў інтарэсе Польшчы ўцягваць і Беларусь, і Ўкраіну ў эўрапейскія працэсы. Украіну ўжо цяпер можна запрашаць у транспартныя праекты Трохмор’я.

Сытуацыя ў Беларусі вельмі складаная і ўзровень адносінаў на нізкім узроўні. Але гэта не канец гісторыі, усё можа зьмяніцца. Ёсць ініцыятыва трансэўрапейскай аўтастрады Via Carpathia уздоўж мяжы Беларусі і Ўкраіны, ад Кляйпэды да Салёнікаў. Чаму б не дабудаваць транспартныя каналы да гэтай аўтастрады зь Беларусі? Калі б была палітычная воля беларускага боку, то не было б ніякіх перашкодаў да гэтага. Гэта дазволіць ажывіць транспамежны рух.

Выбар Варшавы — гэта пазыцыя амэрыканскай дзяржавы адносна нашага рэгіёну.

— Які сыгнал Трамп адправіць Маскве падчас гэтага візыту? Маскве будзе працягнутая рука, ці ўсё амэрыканскі прэзыдэнт пацьвердзіць, што ЗША захоўваюць свае ўплывы ва Ўсходняй Эўропе?

— Калі б Трамп хацеў працягнуць руку Маскве, то не Варшава была б абраная месцам для такой дэклярацыі. Гэта сымбалічны выбар. Расейская прапаганда і прыхільнікі антыамэрыканізму ў Эўропе часта паказваюць ЗША, як нейкую царскую Расею, дзе ўсё вырашае адзін чалавек. ЗША — гэта складаная палітычная сытэма і таму выбар Варшавы — гэта пазыцыя амэрыканскай дзяржавы адносна нашага рэгіёну. Гэта выразная палітычныя лінія. І рэспубліканцы, і дэмакраты ў ЗША, успрымаюць Расею, як краіну, якая кідае выклік Амэрыцы і стварае шэраг праблемаў для амэрыканскай палітыкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG