Паводле Паўла Севасьцяна, рашэньне аб правядзеньні пікету прынята ўсімі сябрамі арганізацыі. Севасьцян сказаў Свабодзе: праводзячы сумесныя вайсковыя вучэньні ва ўмовах канфлікту Расеі і Ўкраіны, Беларусь тым самым робіць нядобразычлівы крок у бок паўднёвага суседа:
«Мы хочам выйсьці з плякатамі супраць гэтых вучэньняў, каб паінфармаваць слонімцаў, што азначае для Беларусі правядзеньне такіх вайсковых вучэньняў. Бо, з аднаго боку, Беларусь пазыцыянуе сябе як мірная пляцоўка для перамоваў у канфліктнай сытуацыі паміж Расеяй і Ўкраінай. З другога боку — праводзіць вайсковыя вучэньні з Расеяй. Гэта не адпавядае нэўтральнаму статусу нашай дзяржавы, што, дарэчы, заяўлена ў Канстытуцыі».
Севасьцян таксама лічыць, што правядзеньне вайсковых вучэньняў, па сутнасьці, патурае агрэсіўнай палітыцы Расеі ў адносінах да іншых суседзяў Беларусі.
«У Слоніме склалася практыка, што ўлады не дазваляюць правядзеньня пікетаў апазыцыйным актывістам. Але мы зьвярнуліся да іх афіцыйна, згодна з заканадаўствам Беларусі. Больш за тое, гэтыя вайсковыя вучэньні выклікаюць занепакоенасьць ва ўсіх нашых суседзяў. Гэтыя вучэньні ўцягваюць Беларусь у канфлікт з краінамі Захаду. А ці патрэбна гэта Беларусі?» — задаецца пытаньнем Павал Севасьцян.