Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга як невылечная хвароба


Вокладка кнігі Вальжыны Морт «Эпідэмія ружаў». Фота: Логвінаў
Вокладка кнігі Вальжыны Морт «Эпідэмія ружаў». Фота: Логвінаў

Вальжына Морт, «Эпідэмія ружаў»; «Логвінаў», 2017.

Я ня раз чула ад маіх равесьнікаў — паэтаў і паэтак — «мы вырасьлі на яе вершах». І я таксама вырасла на яе вершах.

Я добра памятаю той момант, калі на лаўцы ля крамы «Каравай», амаль насупраць нашай агульнай альма-матэр, я разгарнула тонкі, як мой уласны жыцьцёвы досьвед, зборнік. Было лета, і кроў паэзіі, што цякла па кніжных венах радкоў, падавалася такой жа гарачай, як маё захапленьне. (Так што, шаноўны чытач_ка гэтага тэксту, не чакай ад мяне аб’ектыўнасьці).

У 2006 годзе, калі я ўпершыню прачытала дэбютную кнігу Вальжыны Морт «Я тоненькая, як твае вейкі», аўтарка якраз зьехала жыць у ЗША і пэўным чынам выпала з беларускага кантэксту, безумоўна, не адразу і ня цалкам, пасьпеўшы «выкарміць» сваімі рэзкімі і яркімі творамі сяго-таго з маладых тагачасных паэтаў ды паэтак. А водгульле ейнай «Беларускай мовы» не сьціхае дагэтуль:

За тваімі межамі, мая краіна,
пачынаецца вялізны дзіцячы дом.
І ты вядзеш нас туды, Беларусь.
Можа, нарадзіліся мы бяз ног?
Можа, ня тым багам молімся?
Можа, табе ад нас гора?
Можа, мы невылечна хворыя?
Можа, няма табе чым нас карміць?
Так хіба ж ня ўмеем мы жабраваць?
Можа, ты ніколі не хацела нас?
Але ж і мы на пачатку
ня ўмелі цябе любіць.

(«Беларуская мова»)

у Амэрыцы Вальжына зрабіла ангельскую мову сваёй

У Амэрыцы Вальжына зрабіла ангельскую мову сваёй — як і Набокаў, які, дарэчы, выкладаў у тым самым Карнэлскім унівэрсытэце, дзе цяпер яна. У 2008 выйшла дзьвюхмоўная кніга «Фабрыка сьлёз», перакладзеная таксама на нямецкую і швэдзкую. А ў 2011 зьявіўся цалкам ангельскамоўны зборнік «Collected Body», назву якога па-беларуску можна прыкладна інтэрпрэтаваць як «Сабранае цела (тэкстаў)».

Сёлета, праз дванаццаць гадоў пасьля дэбюту, Вальжыніны вершы зноў (зь)вярнуліся да беларускіх чытачоў на іхняй мове. Кніга «Эпідэмія ружаў» (выдавецтва «Логвінаў», 2017) складаецца як з зусім новых твораў і твораў «аўта»-перакладзеных з ангельскай, гэтак і зь некалькіх ранейшых, але ўсё гэтак жа важных для аўтаркі і яе чытачоў. Рэдактарам кнігі выступіў Альгерд Бахарэвіч.

«Эпідэмія ружаў» – найперш кніга памяці, кніга мінулага

«Эпідэмія ружаў» для мяне — найперш кніга памяці, кніга мінулага, якое прарастае праз нас і якое ніколі зь сябе не выкарчаваць. Сама Вальжына як выкладчыца паэзіі (што для беларускіх літаратараў можа падацца непамысным) сьцьвярджае, што паэзія — гэта дакладная навука, як прыкладам, матэматыка, і ў сваіх развагах пра паэзію ў большай ступені зьвяртаецца да яе фармальнага боку, гаворачы пра мэтафару, вершападзел і сынтаксіс, але мне хацелася б пагаварыць крыху пра іншае.

Паэзія Вальжыны расьце з нашай гісторыі, з гісторый нашых вясковых бабуляў і нашых стомленых маці, з гісторый вясковых хатаў, з гісторый вайны і нястачы, з сонных гісторый хрушчовак у спальных раёнах, з гісторый нашага, афарбаванага ў чырвонае, дзяцінства і нашага няўрымсьлівага сталеньня. З гісторый расказаных і падгледжаных, выкрычаных і нашаптаных, але, мабыць, што яшчэ важней — з гісторый нямых, сарамліва ці спуджана пахаваных пад плотам на магільніку ўспамінаў. Гісторый, чые неспакойныя прывіды дагэтуль ходзяць між нас.

Вальжына Морт. Фота: Юля Цімафеева
Вальжына Морт. Фота: Юля Цімафеева

У вершах «Зінгер», «Кенатаф», «Псалм 18», «Ода да Бранкі» і іншых тэма мінуўшчыны чуецца найбольш гулка.

…У нашай вёсцы
нават могілак сваіх няма.
Мужчыны паміраюць на вайне.

іхныя целы — самі сабе магілы.
Жанчыны гараць у агні.

<…>

А мне здавалася, што твой трафэйны Зінгер
З агню нас вынесе на выгнутай сьпіне.

(«Зінгер»)

вылечыцца ад гэтай траўматычнай недасказанасьці

Старагрэцкае паходжаньне назвы верша «Кенатаф» само па сабе кажа нам пра помнікі загінулым у Другой сусьветнай вайне, якія можна знайсьці ледзь ня ў кожным населеным пункце Беларусі. Адзін з асноўных вобразаў верша — гэта голад і маўчаньне, голад і адсутны голас. «Хлеб цішыні ненадламаны» — сямейная гісторыя нераскрытая, прага ў мінулым (галеча вайны) зьліваецца з прагай цяперашняй (неабходнасьць ведаць гісторыю). «У кожнай кнізе я бачу адно твой пусты страўнік». Як вылечыцца ад гэтай траўматычнай недасказанасьці, ад прывідных вобразаў прошлага, якім не ажыць ніколі? Кроплі Леты, што выпісвае доктар, забыцьцё?

Любімая ўнучка тваёй любімай сястры,
чым больш Леты я капаю сабе ў вочы,
тым бліжэй я да цябе. І не.

У вершы «Кенатаф», як на мяне, часткова хаваецца і ключ (музычны?) да разуменьня назвы кнігі — «Эпідэмія ружаў»:

Радавод — гэта ня дрэва, а бутон ружы,
Пялёсткі зьвязаныя разам, ратамі ўніз.

«Зьвязаныя разам», аб’яднаныя маўчаньнем пра боль, пакуты і пра сьмерць. Маўчаньнем ад немагчымасьці прамовіць, ад жаданьня, марнага, выслабадзіць нас ад страху.

«…гук, / што пачынаецца з дотыку, / музыка " робіцца тым паратункам, гаварэньне і ўласны голас паэзіі, «каб пахаваць іх, як трэба — па аднаму! — / унутры трунных клявіш». Каб даць прывідам з нашай памяці супакой. І яшчэ:

Што дапамагае нам выжыць? Нашыя пахавальныя
песьні.

(«Ода да Бранкі»)

Але і гэта не канчатковы і не адзіны адказ у «Кенатафе». Сканчаецца верш няпэўнасьцю:

І не.

гэта цела, якое само ведае і адчувае сябе

Уцялесьненасьць — вось яшчэ адна рыса, характэрная для паэтычных вобразаў Вальжыны Морт. Нездарма ў назьве яе другога амэрыканскага зборніка слова «цела» гучыць наўпрост. І гэта ня цела, што сарамліва прыкрывае сябе перад уладным паглядам зацікаўленага гледача, або дэманструе толькі свае найпрывабныя часткі. Гэта цела, якое само ведае і адчувае сябе (голас, голад, дыханьне, боль, сьмерць, юр, каханьне):

Жанчына ідзе ўздоўж кустоў ядлоўцу і шыпшыны,
з чыстай вульвай, складзенай паміж ног,
з грудзямі, што як кончыкі яе сьвяточных туфляў,
ціха блішчаць у цяжкой шафе.

(«Крыжаванка»)

Але гэтае цела адчувае і целы іншых — людзей, жывёлаў, дрэў, нават целы мора і зямлі, — а яшчэ ўсьведамляе ўласную злучанасьць зь імі праз гэтае цела. Усе целы ў паэзіі Вальжыны жывыя, нават калі гэта фіранкі, і тым больш, калі гэта мерцьвякі.

Хіба так можна, што дрэвы — з гэтай зямлі
і я таксама — з гэтай зямлі.

(«Псалм 18»)

Вальжына Морт. Фота: Юля Цімафеева
Вальжына Морт. Фота: Юля Цімафеева

І, канечне, гэта кніга пра любоў. Пра горкую любоў да мовы, ня толькі і ня столькі беларускай, а мовы як такой, што дазваляе нам выказваць сябе, наколькі гэта для яе і для нас магчыма, наколькі наогул музыку можна ператварыць у слова.

Гэта кніга пра любоў да музыкі, як у вершы «Опэра» ці ўжо згаданых мной «Кенатафе» і «Беларускай мове». Гэта палкая любоў да мужчын («Найчалавечы з усіх чалавечых гукаў», «Музыка Саранчы», «Жан-Поль Бэльмандо» і інш.), гэта бязьмежная ў часе любоў да жанчын і жаноцкасьці («Дзьве Евы», «Цётка Анна», «Бабуля», «Жэня», «Х.»):

яе рукі як ногі бусла
чырвоныя палачкі
і я сяджу на кукішках
і выю ваўком
на белую поўню тваёй галавы
бабуля
я кажу табе: гэта не боль
гэта так моцна цябе абдымае бог
цалуе і коле сваёй няголенай шчакою

(«Бабуля»)

Гэта любоў да прасторы: да вёскі, гораду, вострава, мора. У «Менскай песьні» Вальжына Морт ажыўляе для нас схаваную, замураваную ў скляпеньнях раку Нямігу:

Няміга цячэ па адваротным
баку мапы.

Горад трымае Нямігу,
як фігу,
за сьпінай.

І цяпер, нагаварыўшы так шмат пра тэмы ў паэзіі Вальжыны Морт, я хачу сказаць, што гэта ўсё было няправільна. І паэтычная рэальнасьць ніколі ня роўная чалавечай рэальнасьці. Паэтычнае слова заўжды круціцца вакол сваёй восі, хоць і прыбітае да старонкі аўтарскім малатком. Верш заўжды гаворыць за самога сябе і пра самога сябе. І, як казаў яшчэ адзін аматар ружаў, паэт Паўль Цэлян, верш — гэта пасланьне ў бутэльцы, адпраўленае почасту ў марным спадзеве, «што недзе і некалі яно можа быць вынесена на бераг, на бераг сэрца, мабыць». Верш у дарозе, ён мкне да «нейкага адкрытага да размовы Ты, адкрытай да размовы рэчаіснасьці». І мне вельмі хочацца, каб кніга «Эпідэмія ружаў» дасягнула свайго берагу, свайго чытача, заразіла сабой і зьмяніла. Бо нашто нам мастацтва, якое нічога не зьмяняе?

Юля Цімафеева

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG