Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар ЦРУ: Расея даўно спрабуе падарваць амэрыканскую дэмакратыю


Дырэктар ЦРУ Майк Пампэа
Дырэктар ЦРУ Майк Пампэа

Майк Пампэа заявіў, што для спэцслужбаў ЗША не было нічога новага ў паведамленьнях аб расейскім умяшаньні ў выбары.

Дырэктар ЦРУ Майк Пампэа ў інтэрвію тэлекампаніі NBC заявіў, што Расея ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў робіць спробы падарваць амэрыканскую дэмакратыю, але разам з тым адзначыў неабходнасьць сумеснай працы ў такіх галінах, як барацьба з тэрарызмам.

Камэнтуючы паведамленьні аб умяшаньні Расеі на выбарах у ЗША, Пампэа заявіў, што ў гэтым не было «нічога асабліва арыгінальнага».

«Яны займаюцца гэтым ужо вельмі даўно. На працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў расейцы спрабуюць падарваць амэрыканскую дэмакратыю, — падкрэсьліў кіраўнік ЦРУ. — Так што нічога новага ў гэтым няма, але гэта, вядома ж, патрабуе павышанай увагі да пытаньня аб тым, як іх спыніць».

Пры гэтым Пампэа не пацьвердзіў паведамленьняў СМІ, што намаганьні па расейскім умяшаньні на выбарах кіраваліся асабіста прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Ён таксама ня стаў казаць, ці размаўляў ён у пэрыяд знаходжаньня на пасадзе з дырэктарам ФСБ Аляксандрам Бортнікавым, але заявіў пра неабходнасьць працягваць сумесную працу там, дзе гэта тычыцца бясьпекі амэрыканцаў.

«Барацьба з тэрарызмам — выдатны прыклад. Амэрыканцы лётаюць на расейскіх самалётах, расейцы лётаюць на амэрыканскіх самалётах — гэта тое, што тычыцца нашай магчымасьці працягваць палёты ў небе», — сказаў Пампэа.

Паводле дырэктара ЦРУ, калі Расея мае інфармацыю пра тэрарыстаў і месцы іхнай дзейнасьці, то ён разьлічвае на тое, што Масква падзеліцца гэтай інфармацыяй.

«Падобным жа чынам, калі мы можам зьберагчы расейскія ці амэрыканскія інтарэсы ў Расеі з дапамогай перадачы інфармацыі, будзе правільна пайсьці на гэта», — дадаў ён.

Пампэа адзначыў, што амэрыканская выведніцкая супольнасьць прадставіла грамадзкасьці інфармацыю аб дзеяньнях Расеі, у тым ліку аб актыўнасьці ў кібэрпрасторы і прапагандысцкіх намаганьнях.

«Важна, каб Амэрыка разумела, што робяць расейцы, як і тое, часам, чаго яны не робяць. Я чытаў публікацыі ў прэсе, якія былі проста зусім ня слушныя. Таму важна, каб мы інфармавалі пра тое, чым займаюцца расейцы, кітайцы ці іранцы. І там, дзе мы можам рассакрэціць інфармацыю, так каб ня выкрыць нашых сродкаў і мэтадаў, мы абавязаны ісьці на гэта».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG