Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстары з ЗША выкупілі амаль дзьве траціны выпуску эўрабондаў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Большая частка новага выпуску эўрабондаў Беларусі, якая выйшла на рынак пасьля шматгадовай паўзы, набыта амэрыканскімі інвэстарамі.

Інвэстары з ЗША набылі эўрааблігацыі прыкладна на 900 мільёнаў даляраў з 1,4 мільярда, гэта значыць 64,5% агульнага абʼёму. На долю інвэстараў зь Вялікай Брытаніі прыпала 26% (каля 365 мільёнаў даляраў), з кантынэнтальнай Эўропы — 9% (125 мільёнаў даляраў). Такія лічбы назвала Інтэрфаксу крыніца ў банкаўскіх колах.

Абʼём пяцігадовага траншу эўрабондаў («доўгія» паперы з пагашэньнем у лютым 2023 году) склаў 800 мільёнаў даляраў, 10-гадовага — 600 мільёнаў. Прыбытковасьць траншаў — адпаведна 7,125% і 7,625% гадавых. Кніга заявак перавышала 3,1 мільярда даляраў, пры гэтым попыт быў крыху ссунуты ў бок 5-гадовага тэрміну, што ў выніку і адбілася на суадносінах траншаў.

Арганізатарамі зьдзелкі выступілі Citi і Raiffeisen Bank International, суарганізатарам — Банк разьвіцьця Беларусі. Road show эўрабондаў прайшло 19–21 чэрвеня ў Лёндане, Нью-Ёрку, Бостане, Лос-Анджэлесе і Цюрыху.

Беларусь не разьмяшчала эўрабонды больш за 6 гадоў. Апошні раз на зьнешні рынак краіна выходзіла ў студзені 2011 году, разьмясьціўшы 7-гадовыя эўрабонды на 800 мільёнаў даляраў пад 8,95%. Гэта адзіны выпуск эўрабондаў Беларусі, які знаходзіцца ў абароце. Улетку 2015 году Беларусь выплаціла апошні купон і пагасіла дэбютны выпуск эўрааблігацый на 1 мільярд даляраў, разьмешчаны ў 2010 годзе.

XS
SM
MD
LG