Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаваць АЭС прыдумалі пры Шушкевічу


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Вось мы кажам: будзе Лукашэнка, будзе і АЭС. Дабудуюць конча. Мы кажам: для яго гэта справа прынцыпу. Так і ёсьць. Толькі прыдумаў АЭС не Лукашэнка.

Гэта выпадае з-пад увагі. Ня дзеля таго аб гэтым нагадваю, каб перавесьці ўвагу. Не. А дзеля таго, каб мы ўсьведамлялі: дамоклаў меч атамнай станцыі быў над намі заўсёды.

Іншая рэч: калі б пры Шушкевічу атрымалі ад Расеі (што тады было малаверагодна) цяперашні крэдыт на будаўніцтва, быў бы шанец сабраць па краіне подпісы супраць. Магчыма, за рэфэрэндум. Аднак вядома, што і ў тыя часы ад подпісаў бывала мала толку. Большасьць у Вярхоўным Савеце была намэнклятурнага паходжаньня, была гарою за начальства. За Кебіча, зразумела, не за Станіслава Станіслававіча.

Нават сёньня ўражвае, што атамнай станцыяй шчыльна заняліся ў 1993 годзе. Толькі нядаўна дазволілі пратэставаць, каб Чарнобыль не паўтарыўся. Рана яшчэ настолькі моцная, што думкі пра АЭС у абсалютнай большасьці і быць не магло. Здавалася кашчуннай. Дзяцей вывозілі масава за мяжу на аздараўленьне, дабрачынныя арганізацыі зьбіралі грошы на лекі для беларусаў, а начальства анігадкі, яму рукі сьвярбяць пабудаваць АЭС. Няхай гэта справай ураду было, Кебіча, але ж і Шушкевіч ня мог ня ведаць. Пагатоў сам ядзерны фізык.

Краіна, як асобнае ўтварэньне, яшчэ толькі асвойтваецца ў сваёй новай ролі, яшчэ толькі на ногі становіцца. Інфляцыя, грошай ні на што няма, а яны па ўсёй Беларусі шукаюць прыдатныя для атамнай станцыі пляцоўкі.

Гэта ўсё потым і вылезла пад Астраўцом, шыла ў мяху ляжала заўсёды.

Так, ядзернае лобі нікуды ня дзелася. Атамная станцыя за сорак кілямэтраў ад Менску, якую пачалі будаваць у 1983-м, была ў значнай ступені гатовая. Але Крамлю зрабілася сорамна, а хутчэй проста грошай больш ня меў, і ў 1987-м будоўлю спынілі і закансэрвавалі. Каб распачаць новую праз дваццаць год, гэтым разам далей ад беларускай сталіцы, бліжэй да літоўскай.

Паводле Станіслава Шушкевіча, у Соснах каля Менску працаваў рэактар ІРТ2000. Ён больш не працуе, але за межы Беларусі яго не вывозілі.

На рэактары працавалі вучоныя з Навукова-дасьледчага інстытуту ядзернай энэргетыкі Акадэміі навук БССР. Створаны быў у 1965 годзе.

У адным са сваіх лістоў Янка Запруднік узгадваў аб навуковай канфэрэнцыі ў Жэнэве (1955), што была прысьвечаная атамнай энэргетыцы. Прадстаўнікоў Украіны не было, а зь Беларусі — два навукоўцы з дакладамі. Запруднік надаў гэтаму факту вялікую ўвагу, «бо такія весткі маюць вялікае псыхалягічнае значэньне, выкарэньваючы сабой рознага роду комплексы», паколькі ў Беларусі праводзяцца досьледы нават у галіне атамнай энэргіі. І аб гэтым неабходна напісаць у «Бацькаўшчыне», зазначаў ён.

У Соснах, што ня дзіўна, працавалі над вайсковымі праграмамі. Сакрэтнымі тады. Прыдумалі і ажыцьцявілі выпуск перасоўнай атамнай станцыі. На двух Мазах. Назвалі «Памірам». Выпусьцілі два «Паміры». Пасьля чарнобыльскай катастрофы іх было рашэньне зьліквідаваць. А якія салодкія пэрспэктывы былі! Можна было па чыгунцы перавезьці хоць на БАМ. Можна было «Антэем» хоць у Арктыку. І ўсё: родная савецкая армія забясьпечаная электрычнасьцю.

Так што ядзерныя сны Беларусі доўга яшчэ сьніць, вечна. Вучоныя яшчэ ў 1955-м у Жэнэве маглі ў капіталістаў з дакладамі выступаць, ядзерныя фізыкі з партбілетам у кішэні. Такія рэчы не зьнікаюць бясьсьледна. Тым больш, нехта «выкараніў» комплексы: што не пацягнем АЭС, што такую грандыёзную будоўлю будзем толькі сьніць. Не! Цяпер яна будзе сьніцца ўсім беларусам. І, што ня можа, мабыць, ня цешыць начальства: суседзі літоўцы сьніць будуць. Але ўжо не сваю, а беларускую атамную.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG