Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касінераў заявіў, што нэанацысты зьбілі яго зь сябрамі ў Маладэчна. Міліцыя праводзіць праверку


Вячаслаў Касінераў пасьля бойкі

Актывіст Вячаслаў Касінераў распавёў Свабодзе пра бойку на Цэнтральнай плошчы Маладэчна: 21 чэрвеня каля 20-25 чалавек нэанацысцкіх поглядаў напалі на яго, ягонага сябра і дзьвюх сябровак за палітычныя погляды. У самога Касінерава зламаны нос, закрытая чэрапна-мазгавая траўма.

«Нападнікаў было ў пяць раз болей, білі і дзяўчат»

«Гэта была не надта і бойка, гэта было зьбіваньне», — кажа Касінераў.

Паводле яго, нападнікаў было каля 20-25 чалавек, але ягоныя сябры бачылі некалькі «бітком набітых машынаў, якія езьдзілі па горадзе і шукалі яго і сяброў». Касінераў кажа, білі ў тым ліку дзяўчат.

«Атакавалі нэанацысты, на мне была байка, якую робяць анархісты з Украіны, па вонкавым выглядзе было зразумела, хто я і што я, мажліва, нехта пазнаў мяне, — разважае Касінераў. — Напэўна, білі за выгляд, але беларуская мова іх зьдзівіла за нядоўгую размову, што там адбылася.

Я не асабліва меў магчымасьць з кімсьці пабіцца, бо гэта адбывалася на Цэнтральнай плошчы Маладэчна. Мяне зьдзівілі такія нахабныя паводзіны людзей. Я заўсёды сутыкаюся зь нейкім вулічным гвалтам, але людзі разумелі, дзе яны гэта робяць, што пад камэрамі нельга, што ёсьць нейкія нормы. Калі ідзе вялікая колькасьць апанэнтаў, палітычных там ці футбольных, то ёсьць прапановы „выйсьці роўнымі складамі“, прыкладам „давайце два на два выйдзем“. Там таксама былі такія закіды, але я разумеў, што ніхто са мной два на два ня выйдзе, каб пабіцца і потым адпусьціць».

«Ці яны вельмі дурненькія, ці гэта нейкая правакацыя, супраца»

«Міліцыі ніякай не было, хоць быў цэнтар гораду. Скончылася тым, што мяне моцна зьбілі, павалілі на зямлю. Білі каля 5-7 чалавек. У выніку ў мяне зламаны нос, закрытая чэрапна-мазгавая траўма. І ўсё — нас зьбілі, мы пайшлі. Але нас яшчэ пільнавалі да самага вакзалу, падыходзілі, прапаноўвалі кудысьці адысьці. Але побач з вакзалам не адважыліся нападаць».

Касінераў кажа, што яму тэлефанавалі зь міліцыі з нагоды бойкі. Але ён не зьбіраецца падаваць заяву ў міліцыю, бо «ня вельмі верыць, што такія мэтады дзейнічаюць у нашай краіне.

«І зноўку, нахабныя паводзіны нацыстаў паказваюць, што, хутчэй за ўсё, яны разумелі, што яны робяць і дзе. У мяне два варыянты: ці яны вельмі дурненькія, што гатовыя нападаць на кагосьці пад камэрамі ў цэнтры гораду, ці гэта нейкая правакацыя, супраца.

Я разумеў, што знаходжуся ў людным месцы, дзе ёсьць камэры. А цяпер мае паплечнікі, антыфашысты знаходзяцца ў турме, таму калі я пачну сябе абараняць з усімі сваімі мажлівасьцямі, крымінальны артыкул завядуць ужо на мяне перш, чым на кагосьці іншага. Празь міліцыю наўрад ці буду гэта вырашаць».

Міліцыя правярае інцыдэнт

Начальнік прэсавай службы Ўпраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму Яўген Сачак паведаміў Свабодзе:

«Мы цяпер аналізуем усю інфармацыю, у тым ліку і апублікаваную ў інтэрнэт-крыніцах. Кіраўніцтва Упраўленьня ўнутраных справаў Менаблвыканкаму ў курсе гэтай сытуацыі. Па дадзеным выпадку праводзіцца праверка. Гэта ўсё, што я магу сказаць на дадзены момант».

На ўдакладняючае пытаньне Свабоды, ці быў насамрэч інцыдэнт, ці была бойка, Сачак паўтарыў:

«Зараз праводзіцца праверка. Сытуацыя на кантролі».

***

Вячаслаў Касінераў — актывіст анархісцкіх поглядаў, фігурант «справы графіцістаў», нядаўна аштрафаваны таксама за пятлю на шыі «царскага гарадавога». Штраф за пэрформанс са скульптурай далі нягледзячы на тое, што пракурор запатрабаваў для Касінерава 2 гады «хатняй хіміі», а начальнік менскай міліцыі Аляксандар Барукоў называў скульптуру «сьвятым месцам». Пасьля суду Касінераў мяркуе, што за ім могуць сачыць спэцслужбы: так, яго хацелі затрымаць, калі ён адпраўляў лісты ў турму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG