Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў і Вашынгтон на новым этапе дачыненьняў. Ва Ўкраіне ацэньваюць візыт Парашэнкі ў ЗША


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка завяршае свой візыт у ЗША. Пасьля шматлікіх перамоў з новай адміністрацыяй Белага дома ён застаўся задаволеным. Напярэдадні сустрэчы «Вялікай дваццаткі», якая адбудзецца ў ліпені ў Нямеччыне і на якой мае быць кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, Пятро Парашэнка перадаў прапановы аб больш актыўным прыцягненьні ЗША да мірнага працэсу ў разьвязаньні сытуацыі на Данбасе, а таксама абмеркаваў магчымыя варыянты прадастаўленьня Вашынгтонам абарончай зброі Ўкраіне.

Найперш зьмест, а не фармат

Ва Ўкраіне сустрэча Пятра Парашэнкі з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам выклікала шмат эмоцыяў, прычым даволі супярэчлівых. Апанэнтам не спадабаўся фармат сустрэчы, маўляў, Пятро Парашэнка «заскочыў» да Дональда Трампа ў Авальны кабінэт, абы толькі сфатагравацца.

Алег Валошын
Алег Валошын

«Калі мы прыгадаем, як Парашэнку пляскалі на аб’яднаным пасяджэньні абедзьвюх палат Кангрэсу ў верасьні 2014 году, як ён без праблемаў сустракаўся з Абамам у 2015-2016 годзе, то тое, што было цяпер — гэта сьмешна. Калі б такі фармат сустрэчы быў для прэзыдэнта Беларусі, гэта было б дасягненьне, а для прэзыдэнта Ўкраіны гэта зьневажальна, мне здаецца», — мяркуе палітолаг-міжнароднік Алег Валошын.

Прыхільнікі ж Пятра Парашэнкі пераконваюць, што перамовы, няхай яны адбываліся і не ў фармаце «сам-насам», сталі моцным сыгналам пачатку новага этапу стасункаў Украіны і ЗША.

Бачо Карчылава
Бачо Карчылава

«Сустрэча, вядома, была больш азнаямляльнай. Але галоўнае, былі агучаны прынцыпы далейшай супрацы між бакамі. Тут найбольш важна, як у новай адміністрацыі кіраўнікі розных кірункаў будуць далей разьвіваць супрацу з Украінаю. Для мяне вынікам такіх кантактаў мае стаць падпісаньне прэзыдэнтамі вялікага рамачнага пагадненьня пра супрацу між ЗША ды Ўкраінаю», — перакананы Бачо Карчылава, прэс-аташэ амбасады Грузіі ва Ўкраіне ў 2005-2010 гадах, які пасьля дыпляматычнай працы застаўся жыць ва Ўкраіне.

Пра што дамовіліся Трамп з Парашэнкам

Пра вынікі перамоў між Пятром Парашэнкам і Дональдам Трампам пакуль вядома няшмат, і пераважна ад украінскага, а не амэрыканскага боку. Ды і міждзяржаўных пагадненьняў падчас візыту не падпісвалася. Але ўкраінскія экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што ні ўкраінскі, ні амэрыканскі прэзыдэнты падчас пратакольных здымак сустрэчы для прэсы ня згадвалі пра Расею.

Тарас Беразавец
Тарас Беразавец

«Гэта была не кароткая дыпляматычная сустрэча на 10 хвілін, а паўнавартасная сустрэча ў Авальным кабінэце, які ёсьць месцам сустрэчы для пачэсных гасьцей Белага дома. А гэта азначае, што візыт адбываецца на найвышэйшым узроўні. Тэматыка Расеі зараз вельмі адчувальная для адміністрацыі Трампа, і праз гэта шмат нюансаў сустрэчы падпадае пад клясыфікацыю сакрэтнай інфармацыі, якая ня будзе абнародавацца. Але тое, што прэзыдэнт Трамп даў даручэньне міністру абароны распачаць новыя перамовы наконт супрацы ў вайскова-тэхнічнай сфэры — гэта ўжо шмат пра што гаворыць», — тлумачыць Тарас Беразавец, які ўваходзіць у групу палітэхнолягаў Пятра Парашэнкі і таксама цяпер знаходзіцца ў Амэрыцы.

Верагодней за ўсё, больш дэталёвыя крокі паглыбленьня вайскова-тэхнічнай супрацы пасьля перамоваў зь міністрам абароны ЗША Джэймсам Мэтысам у Вашынгтоне будуць ужо абмяркоўвацца ў часе ягонага візыту ў Кіеў на запрашэньне Пятра Парашэнкі.

Крым, Данбас і мірныя перамовы

Украінскія ўдзельнікі перамоў паведамляюць, што ключавымі тэмамі сустрэч у Белым доме сталі бясьпека на Данбасе, Крым, эканамічнае і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Ірына Герашчанка
Ірына Герашчанка

«Асобна абмяркоўвалася пытаньне закладнікаў, якое ёсьць прыярытэтным для Ўкраіны. Я хачу асабліва падкрэсьліць, што прэзыдэнт Парашэнка перадаў віцэ-прэзідэнту Пэнсу ліст сваякоў закладнікаў і палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца на акупаваным Данбасе і ў Расеі. Мы зьвяртаемся да ўсяго сьвету з просьбаю дапамагчы вызваліць хлопцаў, і мы верым, што амэрыканская адміністрацыя будзе ў гэтым пытаньні актыўна супрацоўнічаць з намі», — паведаміла віцэ-сьпікер парлямэнту, прадстаўнік Украіны ў менскай трохбаковай групе Ірына Герашчанка.

Георгі Лагвінскі
Георгі Лагвінскі

​«Крым і Данбас былі прадметам размовы, і я спадзяюся, што мы пабачым і пачуем наўпроставыя крокі, зьвязаныя з дэакупацыяю нашых тэрыторый», — перакананы дэпутат Вярхоўнай Рады Георгі Лагвінскі.

Не Данбасам адзіным

Асобна варта адзначыць энэргетычны блёк пытаньняў, якія прасоўвала ўкраінская дэлегацыя ў ЗША. І гаворка ня толькі пра пастаўку ва Ўкраіну звадкаванага газу ці паліва для атамных электрастанцый, каб зьменшыць залежнасьць ад Расеі.

І Кіеў, і Вашынгтон аднолькава ацэньваюць праект будаўніцтва магістральнага газаправоду «Паўночны паток-2» з Расеі ў Нямеччыну, называючы яго не інакш, як пагрозаю для бясьпекі Эўропы і Ўкраіны. І гэтай тэме была прысьвечаная сустрэча зь міністрам энэргетыкі ЗША Рыкам Пэры. Але ці стане сынхранізаваная пазыцыя Ўкраіны ды ЗША ўплывовай і вызначальнай для Эўропы? Пакуль Украіна ў пошуках інвэстыцыйнай падтрымкі для мадэрнізацыі і разьвіцьця сваіх транзытных магутнасьцяў і рэалізацыі новых эўрапейскіх транспартна-энэргетычных праектаў.

Некалькі дзён таму Сэнат США большасьцю галасоў ухваліў законапраект пра больш жорсткія санкцыі да Расеі.

Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

«Гэты законапраект азначае новую хвалю санкцый, і там ёсьць шмат спэцыфічных момантаў, яны досыць жорсткія. У прыватнасьці, яны тычацца пытаньняў фінансаваньня і могуць ударыць нават па такіх праектах, дастаткова стратэгічна важных для Расеі і для некаторых эўрапейскіх партнэраў Расеі, як „Паўночны паток-2“. Такія намеры ўжо выклікалі неадназначную рэакцыю ў некаторых эўрапейскіх палітыкаў. І ў Расеі таксама, наколькі я ведаю, занепакоеныя гэтым ня толькі з палітычнага пункту гледжаньня, а ў тым сэнсе, што калі санкцыі будуць ухваленыя, яны могуць стварыць праблемы для Расеі. Не катастрафічныя, безумоўна, але праблемы створаць», — мяркуе кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Ўладзімер Фясенка.

«Візыт важны і знакавы. Іншая справа, ня трэба ствараць завышаных чаканьняў. Гэта трывалы працэс дачыненьняў між Украінаю і Злучанымі Штатамі, які трэба падтрымліваць на ўсіх узроўнях. Пасьля гэтага візыту ў нас будзе шмат магчымасьцяў прадоўжыць канкрэтныя перамовы на розных узроўнях», — рэзюмаваў украінскі дыплямат Уладзімер Хандогій, які быў выканаўцам абавязкаў міністра замежных спраў Украіны ў 2009 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG