Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане фургон наехаў на пешаходаў, адзін чалавек загінуў


Паліцыя на месцы здарэньня

Каля мячэці на паўночным усходзе Лёндану 19 чэрвеня а 0:15 ночы паводле мясцовага часу белы мінівэн на высокай хуткасьці наехаў на пешаходаў, перадае The Guardian.

Загінуў прынамсі адзін чалавек, ня меней за восем параненыя. Большая частка пацярпелых — мусульмане, якія вярталіся зь мячэці пасьля малітвы. 48-гадовы кіроўца быў арыштаваны паліцыяй пасьля таго, як быў затрыманы мінакамі.

Паводле сьведак, нападнік нібыта крычаў, што хоча «забіць усіх мусульманаў». Прадстаўнікі мусульманскай грамады Лёндану заяўляюць, што атака была «матываваная ісламафобіяй». Некаторыя сьведкі кажуць, што з машыны выскачылі некалькі чалавек, але паліцыя не паведамляе пра іншых падазраваных.

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што здарэньне разглядаецца як «патэнцыйны тэракт», перадае BBC. Мэр Лёндану Садык Хан наўпрост назваў здарэньне тэрактам.

Напад адбыўся ў раёне парку Фінсбэры — як адзначае брытанская прэса, разнастайным у культурным сэнсе, зацішным і бясьпечным месцы, дзе мячэць суседнічае з культавым рок-клюбам. Раён вядомы як цэнтар альжырскай меншасьці Лёндану, раней быў вядомы як цэнтар ірляндзкіх мігрантаў.

Наезд на пешаходаў — распаўсюджаная ў апошні час тактыка тэрарыстычных нападаў радыкальных ісламістаў. Падобнае здарэньне адбылося ў Лёндане 3 чэрвеня — фургон на Лёнданскім мосьце заехаў на ходнік і пачаў душыць людзей, загінулі 7 чалавек. У той жа дзень непадалёк некалькі чалавек з нажамі сталі нападаць на мінакоў. 22 сакавіка нападнік наехаў на людзей на Вэстмінстарскім мосьце, адзін чалавек загінуў. 23 траўня пад канцэртнай арэнай сьмяротнік падарваў бомбу, загінулі 22 чалавекі.

XS
SM
MD
LG