Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракт на Лёнданскім мосьце. Галоўнае на гэты час


Увечары 3 чэрвеня белы фургон на Лёнданскім мосьце заехаў на ходнікі і пачаў ціснуць людзей. Загінулі 7 чалавек. Неўзабаве побач з рынкам Баро (непадалёк ад Лёнданскага моста) некалькі чалавек атрымалі раненьні — па словах відавочцаў, людзі з нажамі выйшлі менавіта з фургону.

Высьветлілася, што зламысьнікі пасьля тэракту на мосьце, кінулі фургон і, узброіўшыся нажамі, пачалі нападаць на мінакоў паблізу рынку. Праз восем хвілін яны былі застрэлены паліцыяй. Тое, што адбылося расцанілі як тэракт.

На ўсходзе Лёндана паліцыя затрымала 12 падазраваных у датычнасьці да тэракту, які адбыўся ў ноч на нядзелю. Пра гэта паведамілі ў Скотлэнд-Ярдзе. У заяве гаворыцца, што «афіцэры Контртэрарыстычнага падразьдзяленьня затрымалі гэтай раніцай 12 чалавек у раёне Баркінг на ўсходзе Лёндана ў сувязі з інцыдэнтамі ў раёне Лёнданскага моста і рынку Бора-маркет». Па дадзеных Sky News, падазраваныя ў момант затрыманьня знаходзіліся ў доме, дзе жыў адзін з нападнікаў, якога забіла паліцыя. Імёны нападнікаў паліцыя па-ранейшаму не называе.

Гэта ўжо трэці тэрарыстычны акт у краіне за апошнія месяцы

• 22 сакавіка машына наехала на мінакоў на Вэстмінстэрскім мосьце, пасьля чаго кіроўца з нажом напаў на паліцэйскага ля будынку парлямэнту - загінулі пяць чалавек.

• 22 траўня пасьля канцэрта Арыяны Грандэ ў Манчэстэры адбыўся выбух, які ўчыніў сьмяротнік — загінулі 22 чалавекі.

Хто пацярпеў

Загінулі сем чалавек.

Параненыя 48 чалавек.

21 чалавек з ліку параненых — у крытычным стане, паведамляе Нацыянальная служба аховы здароўя:

Раненьні атрымалі таксама чацьвёра паліцэйскіх, адзін з іх — сурʼёзныя. Трое з нападнікаў забітыя.

Паводле інфармацыі памочніка камісара гарадзкой паліцыі Марка Роўлі, на тых, хто нападаў былі надзетыя муляжы выбуховых прыладаў.

Як дзейнічала паліцыя

• У Лёндане закрылі некалькі станцый мэтро, ачапілі раён моста, дзе грузавік урэзаўся ў людзей. Станцыя «Лёндан-брыдж», чыгуначны вакзал, хутчэй за ўсё, ня будуць працаваць увесь дзень.

• Адразу пасьля тэракту ў пабах затрымлівалі людзей:

• 4 чэрвеня днём паліцыя затрымала 12 падазраваных у датычнасьці да тэракту.

• Паліцыя праводзіць ператрусы ў доме ва ўсходнім раёне Лондана Іст-Хэм, тэрыторыя вакол будынка ачэплена, паведамляе Reuters.

Ці ўзяў хто-небудзь адказнасьць за тэракт

Не, пакуль ніхто не ўзяў адказнасьць за тое, што здарылася.

Пасьля тэракту 22 сакавіка (калі машына наехала на мінакоў на Вэстмінстэрскім мосьце) і 22 траўня (калі адбыўся выбух на канцэрце ў Манчэстэры) улады Вялікабрытаніі паднялі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы да максымальнага, аднак 27 траўня яго панізілі на адну прыступку.

Што вядома пра нападнікаў

Асобы ўсіх трох нападнікаў устаноўлены. Аднак іх імёны наўрад ці назавуць бліжэйшым часам.

Адзін з удзельнікаў нападу, застрэлены паліцыянтамі, быў жанаты, у яго засталіся двое дзяцей. Ён жыў у раёне Баркінг на ўсходзе Лёндана апошнія тры гады.

Як адрэагавалі ўлады

• Мэр Лёндана Садок Хан заявіў, што апошнія тэракты ў Лёндане не павінны аказаць уплыў на графік парлямэнцкіх выбараў у Вялікабрытаніі, якія заплянаваны на 8 чэрвеня. «Яны хочуць, каб мы спынілі атрымліваць асалоду ад тых свабодаў, што ў нас ёсьць... яны хочуць, каб мы не галасавалі на ўсеагульных выбарах у чацьвер... мы ня можам дазволіць ім зрабіць гэтага », — сказаў ён.

• Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што Брытанія не павінна рабіць выгляд, што нічога не адбылося. Паводле яе слоў, трэба ўвесьці новыя правілы рэгуляваньня кібэр-прасторы, каб ня даць уздыхнуць прапаведнікам радыкалізму, а таксама неабходна забыцца пра думкі, што ў сьвеце ёсьць бясьпечныя месцы. 4 чэрвеня Мэй праводзіць экстраннае пасяджэньне ўрадавага надзвычайнага камітэта КОБРА.

• Кіраўнічая Кансэрватыўная партыя Вялікабрытаніі заявіла аб прыпыненьні на суткі сваёй перадвыбарнай кампаніі з прычыны тэрактаў у Лёндане. • Каралева Лізавета II наведала царква ў Віндзоры, дзе прагучалі малітвы за загінулых і пацярпелых у выніку тэракту.

Рэакцыя ў сьвеце

• Папа рымскі Францішак заклікаў каталікоў ва ўсім сьвеце маліцца за Лёндан.

• Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абрынуўся з крытыкай на мэра Лёндана Садка Хана, які пасьля нападу заклікаў захоўваць спакой. «Па меншай меры сем чалавек загінулі і 48 параненыя ў тэрарыстычным нападзе, і мэр Лёндана кажа, што няма прычын для турботы! »- напісаў Трамп у твітэры:

• У памяць аб ахвярах тэракту ў ноч на 5 чэрвеня патухнуць агні Эйфелевай вежы, напісала ў свой твітэры мэр Парыжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG