Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане фургон наехаў на пешаходаў, загінулі 7 чалавек. Паліцыя кажа пра тэракт

абноўлена

UK - Police attend to an incident near London Bridge in London, Britain, June 3, 2017. REUTERS/Hannah McKay
UK - Police attend to an incident near London Bridge in London, Britain, June 3, 2017. REUTERS/Hannah McKay

На Лёнданскім мосьце ў цэнтры брытанскай сталіцы грузавы аўтамабіль на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў групу пешаходаў.

Вядома, што загінулі прынамсі 7 чалавек. 48 чалавек з раненьнямі дастаўленыя ў шпіталі, дзе ім аказваюць дапамогу мэдыкі. У іх ліку тыя, хто атрымаў нажаваныя раненьня ад нападу ў лёнданскім раёне Бора, які, меркавана, не зьвязаны з тэрарыстамі з фургону.

МЗС Беларусі выказаў спачуваньне ахвярам тэракту ў Лёндане. Ці ёсьць беларусы сярод пацярпелых у лёнданскім тэракце, пакуль невядома.

Лейбарысты і кансэрватары абвясьцілі пра часовае спыненьне перадвыбарчай кампаніі ў Вялікай Брытаніі.

На месца здарэньня прыбылі дзясяткі паліцэйскіх аўтамабіляў і машынаў хуткай дапамогі, зачыненыя некалькі станцыяў лёнданскага метро і чатыры чыгуначныя вакзалы. Паліцыя эвакуюе тэрыторыю побач зь Лёнданскім мостам, у тым ліку бары і рэстараны.

Лёнданскі мост знаходзіцца ў цэнтры брытанскай сталіцы, непадалёк разьмешчаны самы высокі ў горадзе хмарачос «Шардэн». Побач з мостам знаходзяцца офісы некалькіх газэтаў, у тым ліку Sun.

Падобны інцыдэнт адбыўся ў сакавіку на Вэстмінстэрскім мосьце. Гэта быў тэракт — кіроўца грузавіка, задавіўшы некалькіх людзей, забіў і паліцыянта, спрабуючы прарвацца ў будынак парлямэнту, і быў застрэлены. 22 мая ў выніку выбуху ў Манчэстэры, зьдзейсьненага ісламістам-сьмяротнікам, загінулі больш за 20 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG