Прычыны выбуху невядомыя, але, паводле мясцовых сродкаў інфармацыі, паліцыя разглядае інцыдэнт як тэрарыстычны акт. BBC са спасылкай на прадстаўнікоў паліцыі перадае пра тое, што на стадыёне была знойдзена другая выбуховая прылада непадалёк ад месца першага выбуху.
Пасьля выбуху натоўп гледачоў у паніцы кінуўся да выхадаў.
На месцы здарэньня працуюць сапёры. Раёны, прылеглыя да канцэртнай залі, патрулююць нарады паліцыі; суседняя чыгуначная станцыя зачыненая.
Канцэртная заля Manchester Arena, дзе выступала Грандэ, самая вялікая ў Эўропе, разьлічаная на 22 тысячы чалавек, была цалкам запоўненая.
ВВС перадае, што праз тэракт у Манчэстэры будзе перанесены старт перадвыбарнай кампаніі ў Вялікай Брытаніі.
Раней паведамлялася, што ў ноч на 23 траўня ў гарадзкія шпіталі былі дастаўленыя некалькі дзясяткаў пацярпелых у выніку выбуху пасьля канцэрту амэрыканскай сьпявачкі Арыяны Грандэ. Як мінімум 22 чалавекі сталі ахвярамі надзвычайнага здарэньня. Паліцыя пакуль не раскрывала асобы загінулых, але сярод іх ёсьць дзеці.
Паводле папярэдніх зьвестак, выбух учыніў тэрарыст-сьмяротнік. Ён прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне ў пераходзе паміж стадыёнам і вакзалам.
Як кажуць відавочцы, гук выбуху (магчыма, нават двух) прагучаў практычна адразу пасьля завяршэньня канцэрту. На відэазапісах з Manchester Arena відаць, як людзі ў паніцы спрабуюць пакінуць залю.
Да гэтага амэрыканскі тэлеканал NBC News са спасылкай на крыніцы паведаміў пра гібель як мінімум двух дзясяткаў і сотні параненых. Відавочцы распавядалі, што бачылі, як на падлозе ляжаць ад 20 да 30 чалавек. Колькі ўсяго чалавек было на канцэрце, пакуль не паведамляецца.
У транспартнай паліцыі заявілі, што выбух адбыўся не ў залі, а ў фае стадыёну. Адміністрацыя Manchester Arena сьцьвярджае, што гэта здарылася «за межамі ўстановы ў грамадзкай прасторы». Гаворка ідзе пра крыты пераход, які злучае стадыён з галоўнай чыгуначнай станцыяй гораду Manchester Victoria. Вакзал быў зачынены пасьля выбуху.
У паліцыі заявілі, што сьледзтва будзе прытрымлівацца вэрсіі тэракту, калі не атрымае іншых зьвестак. Крыніцы NBC News і Reuters паведамляюць, што разглядаецца вэрсія аб тэрарысьце-сьмяротніку. Крыніца ABC News паведамляе, што выбуховае прыстасаваньне было начынена цьвікамі. Інфармацыю пра сьмяротніка з самаробнай бомбай затым пацьвердзіла паліцыя.
На канцэрце было шмат дзяцей і падлеткаў — 23-гадовая Арыяна Грандэ, якая пачала кар’еру сьпявачкі і актрысы яшчэ ў дзяцінстве, папулярная ў першую чаргу сярод моладзевай аўдыторыі. Пасьля выбуху ў сацсетках сталі зьяўляцца паведамленьні пра згубленых дзяцей, якія прыйшлі на канцэрт з бацькамі. Сама сьпявачка, паводле яе прадстаўнікоў, не пацярпела.
Жыхары Манчэстэра прапанавалі дапамогу ўсім, хто ня мог дабрацца дадому пасьля выбуху. У «Твітэры» запушчаны хэштэг #roomformanchester (пакой для Манчэстэра), каб любы ахвотны меў магчымасьць пераначаваць. Гатэлі пускалі да сябе непаўналетніх гледачоў, якія чакалі, пакуль па іх прыедуць бацькі. Таксісты развозілі пасажыраў бясплатна з прычыны прыпыненьня грамадзкага транспарту.