Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На „Валадарцы“ можа быць што заўгодна» — былыя вязьні пра тое, ці залівае ў дождж камэры СІЗА № 1


Турэмны цэнзар замазаў частку радкоў у лісьце фігуранта «справы патрыётаў» Алеся Яўдахі, які той даслаў з «Валадаркі» актывісту Ўсеваладу Сьцебураку.

«Сёньня ў нас тут дажджы» — пачаў сказ Алесь Яўдаха, а далей ягоныя словы аказаліся замазаныя. Але адрасат кажа, што дзякуючы розьніцы ў колерах чарніла яму ўдалося разабраць замазанае.

«Падчас дажджу апартамэнты СІЗА па поўнай праграме залівае вадой, і насельнікі бегаюць з тазікамі...» Пра гэта, як лічыць Усевалад Сьцебурака, напісаў яму Алесь Яўдаха.

Ці магчыма, каб у СІЗА № 1 на менскай вуліцы Валадарскага са столі ў камэрах цякла вада?

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч у канцы 10-х — пачатку 20-х гадоў паўтара года правёў на «Валадарцы» і пацьвярджае, што тады ў моцныя дажджы некаторыя камэры залівала, хоць самому яму ў такіх камэрах сядзець не даводзілася.

«Так, чуў пра гэтую бяду, калі там сядзеў. Гаворка пра корпус, які пабудаваны за савецкім часам. Ён мае плоскі дах, яго ўвесь час рамантуюць, але гэта дапамагае ненадоўга, бо рамонты робяць па мінімуму: дзе залаталі рубэроідам, дзе залілі смалой. І калі твая камэра на 3 паверсе, дык там капае са столі. Гэта пэўна, мне пра гэта казалі людзі, якія там сядзелі».

Што адбываецца ў камэры, калі са столі цячэ вада? Мікалай Аўтуховіч уяўляе сытуацыю гэтак:

«Вольнага месца там, у камэры, няшмат, таму глядзі: калі са столі цячэ вада не на ложак, дык можа капаць на стол, зь якога пырскае ва ўсе бакі. Калі не перахапіць ваду тазікамі, дык мусяць рабіць нейкія адводы, анучамі ці нечым яшчэ выціраць з падлогі. Гэта ўсё вельмі нязручна, ня кажучы пра вільгаць. Але летам гэта не крытычна, бо на лета з вокнаў вымаюць шыбы, застаюцца толькі краты, інакш там дыхаць няма чым. Пасьля дажджу ўсё высыхае», — кажа Мікалай Аўтуховіч.

З побытавых праблемаў на «Валадарцы» Мікалай Аўтуховіч як самую дрэнную згадвае перанаселенасьць. Паводле ягоных успамінаў, у некаторых камэрах да траціны вязьняў ня мелі ложкаў, і адпачываць трэба было па чарзе. Таксама трывалай побытавай праблемай была адсутнасьць туалетнай паперы. Даводзілася шмат разоў скардзіцца, каб дамагчыся хоць аднаразовай саступкі, але потым усё аднаўлялася. «Адказвалі проста: карыстайцеся газэтамі — і ўсё».

Выпрабаваньнем для вязьня магла стаць нават звычайная прагулка ў турэмным дворыку, кажа Мікалай Аўтуховіч.

«Бывала, што выведуць шмат вязьняў у маленькі дворык, дзе немагчыма хадзіць, будзеш толькі стаяць і дыхаць дымам, бо амаль усе кураць. А за гэты час у камэры могуць „шмон“ зрабіць ахоўнікі — перарыюць усе твае рэчы, нешта забяруць, потым шукаеш. Ці яшчэ горш, калі табе нешта з чужога падкінуць. А потым, як высьветліцца, дык свае падумаюць, што „крысятнічае“, у сукамэрнікаў крадзе... Таму адразу рэчы правяраеш, ці няма чаго чужога», — згадвае прагулкі на «Валадарцы» Мікалай Аўтуховіч.

У сакавіку сядзеў на «Валадарцы» паводле абвінавачаньняў у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў сустаршыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч. Абвінавачаньні з актывіста зьнялі, чарговы турэмны досьвед застаўся.

«На „Валадарцы“ корпус адрозьніваецца ад корпусу. Ёсьць пасьля рамонту, ёсьць зусім старыя. Там можа быць што заўгодна. Ёсьць камэры на 50 чалавек, дзе вада звонку не цячэ, але вільгаць на сьценах страшэнная. Мне даводзілася раней у такой сядзець, там трохпавярховыя нары, ажно пад стольлю. А ёсьць камэры і на 4 чалавекі. Таму ўмовы могуць быць абсалютна розныя. Корпус, дзе цяпер сядзеў, дык там нейкі дробны рамонцік быў, нешта падфарбавана, тынк ня самы аблезлы. Сядзелі ўдвох у камэры на 6 месцаў, хоць незразумела, як там можна 6 чалавек разьмясьціць. Але калі захочуць, дык увапхнуць», — кажа Зьміцер Дашкевіч.

Бацька Алеся Яўдахі — Анатоль Яўдаха кажа, што яму сын пра ваду са столі нічога ў лістах не паведамляў, і радкоў, якія б закрэсьліў цэнзар, у лістах сына яму не сустракалася. «Вось толькі ўчора атрымаў ад сына ліст», — кажа Анатоль Яўдаха і дадае:

«Можа, таму, што не прапусьцяць ліст, калі нешта такое напіша... Але пра ўмовы нічога няма. Вось напісаў, што адзін ягоны сукамэрнік зьехаў, дык другі зьявіўся. Пра сябе: пішу, чытаю, адказваю на лісты, раблю фізычную зарадку. Тое, што і раней было».

Дзяжурны СІЗА на Валадарскага адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра тое, што ў памяшканьнях установы падчас дажджу са столі цячэ вада. «Запішыцеся на прыём да начальства, а мы пра гэта нічога не камэнтуем», — сказаў міліцыянт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG