Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці катуюць падсьледных у «справе патрыётаў? Сваякі дзеляцца зьвесткамі зь вязьніц КДБ і міліцыі


Сьледчы ізалятар КДБ
Сьледчы ізалятар КДБ

Ці ўжывалі сьледчыя адносна фігурантаў «справы патрыётаў» незаконныя захады ўзьдзеяньня, у тым ліку фізычныя катаваньні? 23 траўня старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які не выключае, што незаконныя захады ўзьдзеяньня маглі ўжывацца, зьвярнуўся ў Генпракуратуру з просьбай праверыць працу сьледчых. А што кажуць пра гэта сваякі арыштаваных?

«Кроў капала з носа на падлогу»

Нявеста аднаго зь лідэраў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага Сьвятлана кажа пра вядомыя ёй факты: што яе жаніх быў моцна зьбіты падчас арышту і што ў першыя дні сьледзтва да яго не пускалі адваката, хоць допыты працягваліся, у тым ліку ўначы.

«Цяпер пра катаваньні нічога ня ведаю, бо такіх зьвестак яны не даюць, у лістах пра гэта нічога ня пішуць, бо тады б лісты не дайшлі. Таму ня ведаю, ці верыць гэтым меркаваньням пра катаваньні. Ад адваката ведаю, што выглядае быццам нармальна, ні на што ня скардзіцца, адчувае сябе добра. Але як там на самой справе, калі шчыра, ня ведаю. Спадзяюся, што бяз гэтага абыходзіцца. Але пры затрыманьні — так, бачыла, што ў яго твар быў пабіты да крыві. Прыйшлі да нас зь ператрусам, а яго спачатку не прывялі, падманвалі мяне, казалі, што ён недзе едзе, хаця трымалі ўнізе. Я запатрабавала, каб яго прывялі, і ўрэшце гэта зрабілі. На твары Міраслава было шмат крыві, якая запяклася, але была і сьвежая кроў. Як пасадзілі да сьцяны, дык кроў накапала з носа на падлогу. Самі мне прапанавалі яму твар абцерці. Як разумею, калі была сьвежая кроў, дык унізе зьбівалі, калі трымалі перад кватэрай. І на патыліцы была вялікая чырвоная пляма крыві ад удару. Але цяпер такога няма, як кажа адвакат, усё нармальна. Хаця адвакаты ж даюць падпіску аб неразгалошваньні», — кажа Сьвятлана.

Міраслаў Лазоўскі
Міраслаў Лазоўскі

Ці мог Міраслаў Лазоўскі адразу пасьля затрыманьня кантактаваць з адвакатам? Сьвятлана кажа:

«Не, бо ведаю, што адразу да яго не пускалі адваката, пры гэтым допыты працягваліся. І яшчэ пра першы тыдзень Міраслаў казаў, што не давалі спаць, бо прыходзілі з допытамі. Гэта ён перадаваў праз адваката. Што хадзілі да яго, хадзілі і хадзілі — гэтак цэлы тыдзень. Пра гэта я даведалася нядаўна, бо не хацелі мяне непакоіць, не расказвалі», — кажа Сьвятлана, нявеста Міраслава Лазоўскага.

Нерэгулярныя лісты — праблема, пра якую дакладна вядома

Паводле жонкі яшчэ аднаго вязьня «амэрыканкі» Аляксея Абрамава, ёй невядома, каб мужа падчас затрыманьня зьбівалі. І цяпер зь ім абыходзяцца ў межах закону, мяркуе Марыя.

«Я бачыла яго пасьля затрыманьня, на ператрусе, і тады на ягоным твары сьлядоў зьбіцьця не было. А што там было далей, ня ведаю. У лістах нічога пра гэта не пісаў, ня скардзіўся, што такое было ў вязьніцы», — кажа жонка Аляксея Абрамава.

У Аляксея Абрамава ёсьць праблемы са здароўем. Ці аказваюць яму ў «амэрыканцы» мэдычную дапамогу?

«У яго праблемы са страўнікам, дык ведаю, што сочаць за гэтым, бралі аналізы, праводзілі нейкія працэдуры. Такія мінімальныя. Канечне, ніхто там ня будзе ў гэта паглыбляцца, проста выпісалі нейкія лекі, каб прымаў. Але што менавіта — невядома».

З мужавых праблемаў у вязьніцы КДБ Марыя назвала пэўна адну — што нерэгулярна даходзіць пошта: і ад яго, і яму ад сяброў.

«Часам бывае па два тыдні перапынак, хоць піша рэгулярна. Чым гэта патлумачыць, ня ведаю», — сказала жонка фігуранта «справы патрыётаў» Аляксея Абрамава Марыя.

«Падсаджвалі да яго „размоўшчыкаў“, каб разгаварыць»

Сяброўка Віктара Данілава Юлія Букштыновіч кажа, што пра катаваньні ў вязьніцы КДБ, дзе трымаюць яе любімага чалавека, з пэўнасьцю ня ведае.

«Адвакат нас пераконвае, што фізычна над Віцем ніякіх такіх дзеяньняў не зьдзяйсьняюць. Адзінае, што былі гэтыя „размоўшчыкі“, якіх да яго падсаджвалі ў камэру, каб разгаварыць. Але пра нейкі ціск ня кажуць. Кажа адвакат, што выглядае нармальна і нармальна сябе пачувае. І што ён з усімі ветлівы, яго ў камэры ўсе паважаюць, у тым ліку і турэмныя канваіры. Паводле ягоных лістоў, таксама нічога такога няма. Нядаўна нам удалося перадаць яму першую порцыю вітамінаў — урэшце».

Віктар Данілаў
Віктар Данілаў

Зьвесткі пра тое, што ў першыя дні пасьля арышту фігурантаў справы патрыётаў бесьперапынна дапытвалі, Юлія Букштыновіч не змагла ні пацьвердзіць, ні абвергнуць:

«Адзінае, што дакладна ведаю, што да Віці таксама доўга не пускалі нашага адваката. Праўда, хадзіў да яго дзяржаўны адвакат, а нашага не пускалі».

«Трымаюць удвох, раней трымалі ў адзіночцы»

Большасьць фігурантаў «справы патрыётаў» утрымліваюць у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Сярод гэтых вязьняў Алесь Яўдаха, які працаваў распаўсюднікам і прадаўцом кніг.

Алесь Яўдаха
Алесь Яўдаха

Бацька вязьня Анатоль Яўдаха няшмат ведае пра ўмовы, у якіх трымаюць на «Валадарцы» ягонага сына.

«Трымаюць у камэры цяпер іх дваіх, раней было тры, яшчэ быў адзін — гэта спачатку. Пра нейкі ціск ці катаваньні нічога ня ведаю. Адвакатка кажа, што ўсё нібыта нармальна, выглядае добра, але адвакатка ў нас пад падпіскай. Сам ён нічога пра такія рэчы ня піша, таму не магу нешта пэўнае сказаць. Затрымалі сына 21 сакавіка, і адвакатка да яго змагла трапіць недзе дні праз тры. І пра тое, што было зь ім за гэтыя тры дні, пакуль нічога ня ведаю», — сказаў Анатоль Яўдаха.

У пракуратуры Беларусі карэспандэнта Свабоды запэўнілі, што ліст праваабаронцы Алеся Бяляцкага пра меркаваныя катаваньні фігурантаў «справы патрыётаў» разгледзяць «у адпаведнасьці з законам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG