Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Эстоніі запытаецца ў Менску пра «справу патрыётаў»


Кіраўнік МЗС Эстоніі Свэн Міксэр у сваю бытнасьць Міністрам абароны Эстоніі ў 2015 годзе

Міністар замежных справаў Эстоніі паінфармаваны пра справу «Белага легіёну» і зьбіраецца ў часе візыту ў Беларусь узьняць пытаньне з правамі чалавека ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў адказе прэс-службы эстонскага МЗС на запыт беларускай службы Радыё свабода.

Напярэдадні працоўнага візыту ў Беларусь міністра замежных справаў Эстоніі Свэна Міксэра грамадзянскія актывісты з Латвіі, Эстоніі і Беларусі зьвярнуліся да яго з адкрытым лістом з просьбай паўплываць на беларускія ўлады ў пытаньні рэпрэсій супраць актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасьці.

«У Вас адбудзецца размова зь Міністрам Уладзімірам Макеем, які заўсёды быў самым праэўрапейскім членам беларускага ўраду, — гаворыцца ў лісьце, які апублікаваў партал Delfi. — Калі ласка, уздыіміце пытаньне „Белага Легіёну“ у гэтай гутарцы. Мы верым, што Уладзімір Макей зможа данесьці да Аляксандра Лукашэнкі, што для яго асабіста і для Беларусі, з пункту гледжаньня Эўрапейскай пэрспэктывы лепш пазьбегнуць фабрыкацыі гэтай справы і забясьпечыць яго ўдзельнікам сумленны і адкрыты судовы працэс. Важна, каб гэты працэс быў прызнаны сумленным і адкрытым міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі», — гаворыцца ў адкрытым лісьце да міністра Міксера.

У МЗС Эстоніі Радыё Свабода паведамілі, што працоўны візыт Свэна Міксера, які быў заплянаваны на 23 траўня, пераносіцца з-за «зьменаў у раскладзе ў Беларусі», аднак міністар паінфармаваны пра ліст.

«Паколькі пытаньне правоў чалавека ў Беларусі ў цэлым, у тым ліку затрыманьні людзей, знаходзіцца пад пільнай увагай ЭЗ на працягу некалькіх гадоў, міністар, безумоўна, паставіць гэтыя пытаньні на парадак дня, калі справа дойдзе да візыту», — гаворыцца ў адказе прэс-службы Міністэрства замежных справаў Эстоніі.

XS
SM
MD
LG