Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уралкалій» не выключае аднаўленьня партнэрства зь Беларусьсю


Асноўны бэнэфіцыяр «Уралкалія» Дзьмітры Мазепін разьлічвае ў бліжэйшыя дні абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам аднаўленьне супрацоўніцтва па продажы хлёркалію. Пра гэта ён заявіў падчас агляду прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным расейскага павільёну на «ЭКСПА-2017» у Астане.

«На 13 чэрвеня прызначана сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, мы яшчэ раз паспрабуем знайсьці ўзаемавыгаднае рашэньне, — цытуе Мазепіна агенцтва Інтэрфакс. — На гэтую сустрэчу таксама запрошаны прэзыдэнт „Сбербанка“ Герман Грэф — каб са свайго боку параіць нэўтральнае фінансавае рашэньне, якое задаволіць абодва бакі».

На перакананьне Мазепіна, патэнцыял цаны на хлоркалій на ўсясьветным рынку выкарыстаны ня ў поўнай меры, таму неабходна весьці перамовы зь беларускім бокам.

Ён удакладніў, што летась «Уралкалій» зрабіў некалькі прапановаў аб аднаўленьні партнэрства зь «Беларуськаліем», але яны не былі адэкватна ўспрынятыя. Цяпер перамовы ў неактыўнай стадыі.

Бізнэсовец расказаў, што ў яго было некалькі сустрэчаў з Лукашэнкам. Беларускі кіраўнік настойвае, што калі будзе адноўлена сумесная кампанія, яна павінна знаходзіцца ў Беларусі. «Напэўна, гэтае пытаньне можна абмяркоўваць, але як яна будзе кіравацца, хто будзе стаяць на чале — тут трэба шукаць кампрамісы з улікам інтарэсаў расейскага боку», — сказаў ён.

У сваю чаргу, Лукашэнка неаднаразова казаў, што Менск гатовы да альянсу з «Уралкаліем», але на сваіх умовах.

У сярэдзіне 2013 году «Ўралкалій» заявіў пра спыненьне экспартных продажаў праз сумесны зь «Беларуськаліем» трэйдэр — «Беларускую калійную кампанію». Рашэньне матываванае тым, што беларусы пачалі пастаўкі хлоркалію ў абыход БКК. Тады і расейцы вырашылі прадаваць угнаеньні праз свае сеткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG