Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кагосьці зноў пасадзяць. «Беларуськалію» ўчынілі шкоду на 850 тысяч рублёў


ААТ «Беларуськалій»

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні дырэктара і намесьніка дырэктара аднаго з прадпрыемстваў, што абслугоўвала сельскагаспадарчыя арганізацыі Менскай вобласьці, і іншых асобаў, а таксама кіраўніка бухгальтара і мэнэджара іншага прадпрыемства.

Назва прадпрыемства і імёны абвінавачваных не называюцца. Таксама не паведамляецца, ці зьвязаная справа з расейскім «Уралкалием» і арыштам у жніўні 2013 году дырэктара «Уралкалия» Ўладзіслава Баўмгертнэра за ўчыненьне шкоды «Беларуськалію» на суму ад 100 млн да 2 мдрд даляраў.

Сваімі дзеяньнямі абвінавачваныя нанесьлі шкоду ААТ «Беларуськалій» больш як на 850 тысяч дэнамінаваных рублёў. Крымінальная справа накіраваная ў суд, паводле шэрагу артыкулаў дырэктару прадпрыемства пагражае ад 3 да 10 гадоў турмы.

Парушэньне закону заключалася ў нямэтавым выкарыстаньні ў 2010-2012 гадах больш як 28 тысяч тонаў мінэральных калійных угнаеньняў, прызначаных ля сельскай гаспадаркі і атрыманых па льготных цэнах. Іх нібы прадалі насельніцтву, а насамрэч вывезьлі ў Расею і прадалі даражэй. У краме, дзе мелі прадаваць калійныя ўгнаеньні, насамрэч прадавалі прадукты харчаваньня, угнаеньні ж завозілі толькі «на паперы».

Таксама абвінавачваны дырэктар набыў нібы для патрэбаў арганізацыі джып Toyota Land Cruiser Prado па цане, завышанай на 20 тысяч даляраў, і сам ім карыстаўся; прадаў нібы прадпрыемству, а насамрэч іншай асобе, свой Audi A6 і паклаў сабе ў кішэню 8 тысяч даляраў; прыпісаўшы на Land Cruiser 30 тысяч км прабегу, скраў 5 тысяч літраў бэнзіну, якім запраўляў аўта сваякоў. А калі дырэктара на службовым аўтамабілі злавілі на перавышэньні хуткасьці, ён накіраваў у МУС зьвесткі, нібы парушэньне ўчынілі ягоныя падначаленыя.

Таксама ён «прыняў на працу» ў няісны аддзел маркетынгу ў Менску пляменьніцу жонкі, якой плаціў заробак і за пражываньне якой у інтэрнаце сьпісваў грошы з прадпрыемства.

XS
SM
MD
LG