Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка бярэ ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця міжнароднай спэцыялізаванай выставы «ЭКСПА-2017» у Астане. Паведамляецца, што беларускі павільён афіцыйна пачне працаваць 10 чэрвеня.

Задоўга да мерапрыемства ў цэнтры казахстанскай сталіцы перад комплексам адміністрацыйных будынкаў нафтавай кампаніі «Казмунайгаз» арганізатары выставілі больш за сотню плястыкавых манэкенаў з назвамі краінаў. Стылізаваныя чалавечкі ўпрыгожаныя выявамі, характэрнымі для таго ці іншага рэгіёну.

Беларусь у шэрагу першых, чый «глёбус» сустракае гасьцей на плошчы. Праўда, не абышлося безь недагляду: бусел з раскінутымі крыламі суправаджаецца надпісам Belorus. Пры больш уважлівым вывучэньні бачна, што ў сьпешным парадку мастакі выпраўлялі іншую памылку — зафарбоўвалі апошнія літары слова Belorussia. Але, зрабіўшы гэта, не падумалі, што трэба яшчэ пераправіць О на А. Атрымаўся геаграфічны нэалягізм.

Манэкены з «глёбусамі» краін-удзельніц
Манэкены з «глёбусамі» краін-удзельніц

Маштабная імпрэза праводзіцца пад лёзунгам «Энэргія будучыні» і прапагандуе альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Удзел у выставе пацьвердзілі прадстаўнікі 115 краін і двух дзясяткаў міжнародных арганізацый. Адмыслова пад выставу на колішнім пустыры збудавалі цэлы раён — незвычайнай формы павільёны, залі, экспазыцыйныя пляцоўкі.

У Астану прыбылі кіраўнікі шэрагу дзяржаў і ўрадаў. Тут жа і афіцыйныя асобы, якія ўдзельнічалі ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў сталіцы Казахстану.

«ЭКСПА-2017» будзе доўжыцца тры месяцы і завершыць сваю працу 10 верасьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG