Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя піша на блогера Філіповіча пратаколы, ён — заявы на міліцыю


Максім Філіповіч
Максім Філіповіч

Гомельскі блогер Максім Філіповіч зьвярнуўся ў гарадзкі Сьледчы камітэт з просьбай разабрацца ў чарговым абвінавачваньні яго за нібыта незаконны распаўсюд інфармацыйных паведамленьняў.

— Мяне выклікаў у пастарунак участковы Савецкага РАУС Дзьмітры Акуліч, паказаў рапарт падпалкоўніка міліцыі Драздова на імя намесьніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталя Котчанкі, які зьяўляецца адначасна і начальнікам упраўленьня ідэалягічнай працы і кадравага забесьпячэньня, і заявіў, што ўгледзеў у маіх дзеяньнях адміністрацыйнае парушэньне. Ну й склаў пратакол на незаконна распаўсюджаньне інфармацыйнага паведамленьня — паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП.

Відаць, міліцыі падалося мала таго, што мяне судзілі чатыры разы за стрымы акцыяў пратэсту «недармаедаў» у Гомлі, Берасьці, Маладэчне, Пінску і я ўжо адсядзеў 30 сутак. Цяпер наважыліся штрафаваць, бо, паводле згаданага артыкулу, суд можа адразу «прыпаяць» мне 1150 рублёў штрафу.

— Раней вы езьдзілі і ў Берасьце, і ў Маладэчна, здымалі відэа, часам прамаўлялі на сходах. А гэтым разам што такое зрабілі, што ў міліцыі зноў склалі пратакол?

— Я ж блогэр, здымаю відэа, часам камэнтую і выстаўляю на YouTube. Вось і ўся мая правіна. Як я зразумеў з рапарту падпалкоўніка міліцыі Драздова, які пераслалі ў Савецкі РАУС на распараджэньне намесьніка начальніка УУС Віталя Котчанкі, гэтым разам мяне абвінавацілі ў «падмене дзяржаўных СМІ».

— Як вы, былы кіроўца зь невялічкай відэакамэрай, падмянілі сабою дзяржаўныя СМІ?

— Так міліцыя сьцьвярджае. У рапарце падпалкоўніка Драздова гаворыцца, што праводзіўся маніторынг інтэрнэту. Выявілі мае публікацыі на відэахостынгу YouTube, разьмешчаныя з 2 па 22 траўня, канал «Гарантий нет». Падлічылі, у канала — 24 320 падпісчыкаў. Агульная колькасьць праглядаў відэакантэнту складае 5 300 380. Відэаролікаў — 252.

Чытаю ў рапарце, кантэнт «складаецца зь відэаматэрыялаў пра судовыя працэсы над актывістамі і журналістамі-фрылансэрамі Гомельскага рэгіёну». Пішуць таксама, што я рэгулярна праводжу «стрымы», у якіх дзялюся сваімі думкамі наконт «працэсаў і падзеяў у Рэспубліцы Беларусь». Прыгаданыя назвы маіх 17 відэаролікаў. І найбольш праглядаў (звыш 30 тысяч) сабраў відэаролік «Беларускае тэлебачаньне — геніі пяра».

І выснова зроблена такая, што хоць стой хоць падай: «З улікам росту папулярнасьці свайго каналу Максім Філіповіч фактычна падмяняе сабою дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і ў фармаваньні грамадзкай думкі сярод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

— Ганаровая ацэнка. Выглядае, «падседзелі» кіраўніка дзяржаўнай тэлекампаніі, і ня толькі яго?

— Няхай не перажываюць: я на крэсла Генадзя Давыдзькі не прэтэндую. Камэнтары раблю, седзячы ў сябе дома на бальконе. А вось чаму мае відэаролікі людзі глядзяць больш, чым перадачы афіцыйнага тэлебачаньня, тут сапраўды ёсьць дзяржаўная праблема. Няхай у гэтым разьбіраюцца тыя, каму належыць. Толькі навошта мяне прасаваць? Выглядае, хочуць паказальна прыціснуць, каб і ніхто іншы не адкрываў рот — заслону інфармацыйную ўзводзяць.

Праз заяву ў гарадзкі Сьледчы камітэт я маю спадзеў на сумленную ацэнку дзеяньняў міліцыі. Я ж законапаслухмяны чалавек, законы імкнуся не парушаць. Да таго ж тысячы беларусаў разьмяшчаюць відэа і на YouTube, і ў «Аднаклясьніках» — і нічога. А мяне, бачыце, тузаюць.

— Чым зараз заняты блогер Філіповіч?

— Рэгулярна хаджу «ў народ», раблю здымкі, каб ня страціць повязь з рэальным жыцьцём. Нядаўна быў у ААТ «Мілкавіта», дзе зьніклі 500 тон малака, і адміністрацыя «павесіла» нястачу на 205 работнікаў малочнага цэху.

— Вы, калі выйшлі з ізалятарау пасьля адной з чарговых адседак за відэастрым, то заявілі пра мару набыць домік у вёсцы і займацца з сям’ёю агародніцтвам. Удалося знайсьці нешта прыдатнае?

— Пакуль не ўдалося. Цяпер адпачываем зь сям’ёю ў вёсцы ў маёй мамы. Прыглядаюся да вясковай працы. Адчуваю, што маю прыязнасьць да вырошчваньня памідораў. Але гэта ўсё адно на другім пляне — пасьля здыманьня відэа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG