Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што абмяркоўваў праблему Катару з арабскімі лідэрамі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у аўторак даў зразумець, што ён выкарыстаў свой уплыў для таго, каб пераканаць арабскія краіны разарваць дыпляматычныя стасункі з Катарам (на момант публікацыі ўжо 9 краінаў зрабілі гэта).

У сэрыі паведамленьняў у Twitter прэзыдэнт ЗША заявіў, што падчас нядаўняга візыту на Блізкі Ўсход абмяркоўваў фінансавую падтрымку, якую ўлады Катару аказваюць тэрарыстычным групам. Дональд Трамп растлумачыў, што «рады бачыць», што яго перамовы з каралём Саудаўскай Арабіі Салманам і кіраўнікамі 50 мусульманскіх дзяржаў «ужо прынесьлі вынікі».

«Яны казалі, што зоймуць жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да фінансаваньня экстрэмістаў, і ўсе доказы паказвалі на Катар, — напісаў Трамп. — Можа быць, гэта стане пачаткам канца жахаў тэрарызму!»

Паводле прэс-сакратаркі Дзярждэпартамэнту Гізэр Наўэрт, стасункі Злучаных Штатаў з Катарам «застаюцца моцнымі», і абедзьве краіны «працягваюць супрацоўнічаць... у пытаньні барацьбы з тэрарызмам».

У мінулы панядзелак арабскія краіны абвясьцілі аб разрыве дыпляматычных дачыненьняў з Катарам, абвінаваціўшы эмірат у фінансавай падтрымцы тэрарызму. Першымі былі Бахрэйн, Саудаўская Арабія, Эгіпэт і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, пазьней да іх далучыліся Сырыя, Емэн, прызнаны ААН часовы ўрад Лібіі, Мальдывы і Маўрыцыюс. Некаторыя краіны рэгіёну заявілі аб спыненьні марскога і авіяцыйнага спалучэньня з Катарам (паветраная прастора краіны аказалася замкнёная) і высылцы дыпляматаў гэтай краіны.

Паводле газэты Financial Times, прычынай гэтага кроку стала рашэньне ўладаў Катару заплаціць каля мільярда даляраў за вызваленьне прадстаўнікоў каралеўскай сямʼі, якія былі захопленыя ў палон баявікамі шыіцкай ваенізаванай групоўкі «Катаіб Хізбала» на поўдні Іраку падчас сакалінага паляваньня.

WikiLeaks: ЗША ведалі аб фінансавай падтрымцы «ісламскай дзяржавы» Катарам

У аўторак дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан заявіў, што ў Вашынгтоне спадзяюцца, што лідэры арабскіх краінаў змогуць абмеркаваць рознагалосьсі ў ходзе перамоваў.

«ЗША прызнаюць, што Катар прыклаў намаганьні, каб паспрабаваць спыніць фінансаваньне некаторых тэрарыстычных групаў, — сказаў ён. — Гэта ўключае, у прыватнасьці, перасьлед падазраваных у гэтым фінансаваньні, замарожваньне актываў і ўвядзеньне строгіх нормаў кантролю над банкаўскай сыстэмай. Катар дамогся прагрэсу, але неабходна працягваць працу ў гэтым кірунку».

У Катары разьмешчанае Цэнтральнае камандаваньне ўзброеных сілаў ЗША на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. На авіябазе Аль-Удэйд таксама базуюцца падразьдзяленьні амэрыканскіх ВПС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG