Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейская імпэрыя была гэткім жа агрэсарам, як і кайзэраўская Нямеччына», — мастак Голубеў


Дыпціх «Утаймаваньне агню»
Дыпціх «Утаймаваньне агню»

У менскай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага завяршае працу выстава сталічных мастакоў Уладзімера і Марыты Голубевых.

Сярод твораў, аб’яднаных канцэптуальнай назвай «Плюс/мінус», некалькі працаў вызначаюцца тэматычнай зьвязанасьцю — найперш тыя, што адсылаюць да падзеяў Першай усясьветнай вайны.

Дамінантай выставы — дыпціх пад назвай «Утаймаваньне агню». Кайзэраўскія салдаты з вагнямётам на фоне сялянскай хаты, на палотнішчы — двухсэнсоўны надпіс «не паліць» з дубляваньнем па-расейску і ангельску — «не курить» і «no smoking».

На супрацьлеглай сьцяне — «вечны агонь» у выглядзе керасінавай лямпы з цэтлікам «1914», годам пачатку забытай вайны. Гэтаксама «ўнутраны зрэз» паравозу ў якасьці сымбалю тэхнічнага прагрэсу, які надаў мабільнасьці варагуючым арміям, ды стос чамаданаў як увасабленьне масавага сыходу ад крывавай бойні.

«Вечны агонь» Першай усясьветнай
«Вечны агонь» Першай усясьветнай

Беларуская дылема: якога акупанта лічыць «добрым», а якога — «дрэнным»

У эпіцэнтры геапалітычнага канфлікту найбуйнейшых імпэрыяў тэрыторыя Беларусі, якая ўжо больш за стагодзьдзе знаходзілася пад расейскім пратэктаратам, апынулася ў 1915-м. За наступныя тры гады зямля і яе насельнікі спаўна зьведалі ўсе жахі вайны.

Больш за 800 тысяч тутэйшых мужчынаў былі мабілізаваныя ў царскае войска, 70 тысяч зь іх загінулі на франтах. Прыкладна 2 мільёны жыхароў сталі вымушанымі ўцекачамі, блізу 500 тысяч так і не вярнуліся з эвакуацыі. Колькасьць тых, хто загінуў і памёр ад хваробаў, сярод мірнага насельніцтва перавысіла 60 тысяч.

Стагодзьдзе сыходу: Беларусь на чамаданах
Стагодзьдзе сыходу: Беларусь на чамаданах

Аднак і праз 100 гадоў маштабная падзея застаецца па-за ўвагай афіцыйнай гістарыяграфіі: яна павярхоўна вывучаецца ў школах, яе наступствы не афішуюцца, роля мясцовага насельніцтва зводзіцца да эпізадычнай. За савецкім часам, з прычыны ўсё той жа паліткарэктнасьці ва ўгоду «старэйшаму брату», героі і ахвяры вайны рэдка калі траплялі ў прыцэл літаратараў і мастакоў. Пасьля таго, як баявых афіцэраў замянілі чырвонаармейцы, а сялянства паступова накрыла хваля калектывізацыі, старонку гісторыі ціха перагарнулі.

Цікавасьць да тэмы крыху падагрэла круглая дата — 100 гадоў ад пачатку ваенных дзеяньняў у жніўні 1914-га. Наступны віток прадбачыцца ў 2018-м, калі міжнародная грамадзкасьць будзе адзначаць аналягічны юбілей — падпісаньне мірных пагадненьняў з наступнай капітуляцыяй кайзэраўскай Нямеччыны.

Чым выкліканы інтарэс да табуяванай тэмы з боку Ўладзімера Голубева? Навошта мастаку заглыбляцца ў кантэкст, які дагэтуль успрымаецца неадназначна?

Мастак Уладзімер Голубеў
Мастак Уладзімер Голубеў

«Чаму беларусы не цікавяцца Першай усясьветнай вайной? — задаецца рытарычным пытаньнем суразмоўца. — Мой пункт гледжаньня на гэты конт вельмі просты: найперш таму, што ня ведаюць, на чый бок стаць, якія выбудаваць прыярытэты. А праўда ў тым, што Расейская імпэрыя, фактычна захапіўшы тэрыторыю Рэчы Паспалітай, была гэткім жа агрэсарам, як і кайзэраўская Нямеччына. Царскія войскі ў Беларусі да Першай усясьветнай — гэта тое ж самае, што кайзэраўская армія тут у 1918 годзе. І вось гэтая дваістасьць пазыцыі — каго з акупантаў выбраць у якасьці „добрага“, а каго ў якасьці „дрэннага“ — сёньня, па вялікім рахунку, усіх напружвае. Таму і нецікава заглыбляцца ў тэму, бо невядома, як каго расфарбоўваць».

Савецкая гістарычная навука намагалася ўсяляк дыстанцыявацца ад спадчыны Першай усясьветнай вайны — маўляў, за авантуру царскай улады бальшавікі адказнасьці не нясуць. Аднак, як лічыць Уладзімер Голубеў, для Беларусі дазаваная напаўпраўда нічога прынцыпова не зьмяняе і сёньня:

Дылема «дрэнных» і «добрых» акупантаў
Дылема «дрэнных» і «добрых» акупантаў

«Калі няма выразнай і зразумелай пазыцыі, спажыўцам пачынаюць прапаноўваць нейкія спадарожныя рэчы. То бок, альбо побытавыя падрабязнасьці — як тады людзі жылі, як яны пакутавалі, альбо тэхнічныя аспэкты — ужываньне газу, спэцыфічныя віды зброі, бамбавікі „Ільля Мурамец“ і г.д. Тое, што, уласна кажучы, цікавіць дасьледчыкаў па агульнай гісторыі, навуцы і тэхніцы. А вось з пункту гледжаньня этычных кампанэнтаў нічога не прачытваецца дагэтуль. І не прачытаецца, пакуль беларусы самі ня вызначацца і не адкажуць на прынцыповае пытаньне: што такое для нас Расейская імпэрыя — 250 гадоў татальнай акупацыі ці 250 гадоў братэрскага саюзу?».

Постімпэрская зорка, інсталяцыя
Постімпэрская зорка, інсталяцыя

Апусьціць эмоцыі: бесстароннасьць — як пазбаўленьне ад сындрому вечнай ахвяры

Мастак кажа, што асабіста для яго няма стэрэатыпнага падзелу на «дрэнных немцаў» і «добрых рускіх». Зьмястоўная сутнасьць падзеяў 100-гадовай даўніны нашмат больш складаная ў параўнаньні з тым, як яе намагаюцца спрасьціць афіцыйныя прапагандысты:

«Усім добра вядома што ў Кіеве, што ў Менску: першае, з чаго немцы пачыналі, калі абжываліся, — гэта вычысьцілі вакзалы, грамадзкія сарціры і навялі парадак на гарадзкіх вуліцах. Таму што рэвалюцыйныя матросы, рабочыя, сяляне і ўсё іхняе народаўладзьдзе вельмі хутка прывяло вялізную тэрыторыю да такога запусьценьня, што сталіцы больш нагадвалі вялізныя кучы сьмецьця. Пра Кіеў дакладна ў такім ключы пішуць, Менск, думаю, не выключэньне».

«Не паліць», фрагмэнт
«Не паліць», фрагмэнт

Сюжэт «Утаймаваньня агню» — не зусім аўтарская прыдумка. Асновай паслужыла тагачасная фатахроніка, якую Ўладзімер Голубеў пераасэнсаваў мастацкімі мэтадамі. У рамках інсталяцыі да твору нават прыстаўлены вогнетушыцель. Суразмоўца кажа, што ў адлюстраваньні падзеяў наўмысна пазьбягае залішняга трагізму — найперш, каб пазбавіцца ад кляйма вечнай ахвяры:

«Гэта спроба дыстанцыявацца: мы ніколі ня зможам ацаніць гістарычную падзею ва ўсёй яе паўнаце, калі будзем у ёй суб’ектыўна зацікаўленыя. Таму і ёсьць доля лёгкай іроніі, хоць, безумоўна, гэта страшна. У Беларусі падчас абедзьвюх войнаў былі спаленыя разам з жыхарамі мноства вёсак, тэма збольшага табуяваная. Зь іншага боку, паспрабаваць зразумець усе грані таго жахлівага працэсу можна толькі дапусьціўшы пэўную долю бесстароннасьці. Іначай мы ніколі ад таго шоку не адыдзем. Карціна — своеасаблівая дапамога ў барацьбе з гістарычным нэўрозам, у якім мы жывём. Таму і нясе ў сабе шмат сэнсаў: і ўласна лінгвістычны (не паліць, не курить, no smoking), і выкарыстаньне сучаснай піктаграмы („курыць забаронена“), і гістарычны кантэкст (хранікальная фатаграфія ў аснове). Заклікае прыбраць эмоцыі і разгледзець сытуацыю незаангажавана, каб вылечыцца ад сындрому вечнай ахвяры».

Мастак на фоне сымбалічнай лямпы
Мастак на фоне сымбалічнай лямпы

Да 100-годзьдзя падпісаньня мірнай дамовы і заканчэньня Першай усясьветнай вайны Ўладзімер Голубеў мяркуе стварыць цэлую галерэю твораў адпаведнай скіраванасьці:

«Безумоўна, новыя творы будуць. Я пляную на наступны год зрабіць лякальную імпрэзу, на якой усе працы будуць прысьвечаныя выключна падзеям Першай усясьветнай вайны — „вялікай вайны“, як звычайна кажуць пра яе эўрапейскія дасьледчыкі. Мабыць, іх будзе ня так шмат — дзесьці ў межах дзясятка „габарытных“ і, спадзяюся, цікавых твораў. Папярэдне пляную адкрыць выставу 11 лістапада 2018 году, акурат на 100-годзьдзе падпісаньня Камп’енскага перамір’я. Зразумела, што пакуль гэта толькі пляны, дзеля іх рэалізацыі трэба яшчэ працаваць і працаваць».

Уладзімер Голубеў з «чамаданамі»
Уладзімер Голубеў з «чамаданамі»

11 лістапада ў шмат якіх краінах адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Першай усясьветнай вайны. Шырокамаштабны збройны канфлікт Аўстра-Вугорскай, Асманскай, Германскай і Расейскай імпэрыяў стаў адным з самых крывавых у гісторыі: больш як за чатыры гады супрацьстаяньня загінулі 10 мільёнаў чалавек, 20 мільёнаў былі параненыя.

У 2014 годзе, да 100-годзьдзя пачатку Першай усясьветнай, у Смаргоні на Гарадзеншчыне, дзе больш за 800 дзён працягвалася пазыцыйная вайна, за грошы так званай саюзнай дзяржавы пачалі ўзводзіць мэмарыял героям і ахвярам той вайны. Аднак да юбілею здаць аб’ект не пасьпелі. Цяпер чакаюць чарговай нагоды — у 2018 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG