Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма пляну Б, бо няма плянэты Б»: эўрапейскія лідэры крытыкуюць Трампа за выхад з Парыскага пагадненьня


Дональд Трамп аб'яўляе рашэньне аб выхадзе ЗША з Парыскага пагадненьня па клімаце, 1 чэрвеня 2017 году
Дональд Трамп аб'яўляе рашэньне аб выхадзе ЗША з Парыскага пагадненьня па клімаце, 1 чэрвеня 2017 году

Эўрапейскія лідэры выказалі абурэньне рашэньнем прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб выхадзе Штатаў, якія займаюць другое ў сьвеце месца ў забруджаньні навакольнага асяродзьдзя, з Парыскага пагадненьня пра клімат.

Лідэры Нямеччыны, Францыі і Італіі апублікавалі супольную заяву, у якой выказалі «шкадаваньне» з нагоды рашэньня Трампа.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сказаў Трампу ў асабістай тэлефоннай размове ўвечары 1 чэрвеня, што «ні пра што нельга было перадамаўляцца»:

«Няма ніякага пляну Б, таму што няма ніякай плянэты Б, — сказаў Макрон ў тэлезвароце. — Мы ня будзем заключаць менш амбіцыёзнае пагадненьне. Ні ў якім разе».

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Антоніё Таяні сказаў пра рашэньне Трампа: «Гэта пытаньне даверу і лідэрства. Гэтае рашэньне пашкодзіць і ЗША, і ўсёй плянэце».

Эўракамісар у зьмене клімату Мігель Арыяс Каньетэ заявіў, што рашэньне Трамп «загартавала, але не аслабіла нас, і гэты вакуум будзе запоўнены новым маштабным і мэтанакіраваным лідэрствам. Эўропа і яе моцныя партнэры па ўсім сьвеце гатовыя ўзяць на сябе ролю лідэра».

Мэр Парыжу Ан Ідальго напісала ў «Твітэры», што мэрыя «будзе падсьветленая зялёным сьвятлом у знак рашучасьці ажыцьцявіць Парыскае пагадненьне».

Экалягічныя арганізацыі бязьлітасна раскрытыкавалі рашэньне Трампа. У Greenpeace заявілі: «Выйшаўшы з Парыскага пагадненьня, Трамп зноў ператварыў ЗША з кліматычнага лідэра ў кліматычнага паразыта».

Незадоўга да таго, як было абвешчана аб выхадзе ЗША з пагадненьня, прадстаўнік Ватыкану біскуп Марсэла Санчэс Саронда папярэдзіў, што гэта стане «катастрофай для ўсіх», а пантыфік успрыме гэта «як аплявуху».

Улады Кітаю заявілі, што гэты крок нэгатыўна адаб’ецца на ўзаемным даверы паміж дзьвюма дзяржавамі ў шматбаковых перамовах, але паабяцаў выконваць уласныя абавязаньні.

Рашуча выказаўся амэрыканскі мільярдэр і вынаходнік Ілан Маск, адзін з дарадцаў Белага дома, сузаснавальнік кампаніяў Tesla, SpaceX і PayPal. Маск заявіў, што ня бачыць для сябе «іншага выйсьця, акрамя як пакінуць раду пры Белым доме». Іншы тэхна-мільярдэр, стваральнік Facebook Марк Цукербэрг заявіў, што рашэньне Трампа «ставіць пад пагрозу будучыню нашых дзяцей», а таксама паабяцаў, што кожны новы вылічальны цэнтар кампаніі будзе на 100% сілкавацца аднаўляльнымі крыніцамі энэргіі.

Беларусь падпісала Парыскі пратакол. Што гэта значыць?

Пагадненьне, заключанае ў 2015 годзе амаль 200 краінамі, нацэлена на скарачэньне выкідаў, зь якімі зьвязваюць глябальнае пацяпленьне. ЗША паабяцалі да 2025 году скараціць выкіды на 26-28% у параўнаньні з узроўнем 2005 году. Паводле навукоўцаў, адмова ЗША выконваць умовы пагадненьня можа паскорыць наступствы глябальнай зьмены клімату.

Аднак лідэры нацыяналістычных папулісцкіх партыяў Эўропы віталі рашэньне Трампа. Так, брытанскі палітык Найджэл Фарадж напісаў у Twitter: «Трамп выконвае перадвыбарнае абяцаньне выйсьці з Парыскага пагадненьня, і ўсе шакаваныя. Гэта называецца дэмакратыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG