Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пчаляры бароняць вульлі свае. Канфлікт вяскоўцаў і ўладаў вакол пасекаў у прыродаахоўнай зоне Прыпяці


Раскіданыя гаспадарчыя дамкі пчаляроў
Раскіданыя гаспадарчыя дамкі пчаляроў

Пчаляры ў Альшанах пратэстуюць супраць дэмантажу гаспадарчых дамоў на пчальніках. Робяць гэта супрацоўнікі МНС, а таксама мясцовага лясгасу, на загад чыноўнікаў Столінскага райвыканкаму.

Здаўна альшанскія пчаляры знаходзілі на ўзьбярэжжы Прыпяці месцы, дзе ставілі ня толькі вульлі, але і гаспадарчыя пабудовы. Невялікія будынкі стаялі безь перашкод дзесяцігодзьдзямі. Але ў 2013 годзе, калі тэрыторыю прыродаахоўнага заказьніку «Сярэдняя Прыпяць» павялічылі, дамкі апынуліся ў прыродаахоўнай зоне і сталі незаконнымі.

«Прыйшлі нейкія людзі і пачалі ўсё ламаць»

Бураць ня толькі гаспадарчыя пабудовы, але і вульлі — так было на пчальніку Леаніда Кірыловіча:

Леанід Кірыловіч — пчаляр з Альшанаў
Леанід Кірыловіч — пчаляр з Альшанаў

«Учора прыяжджаю на свой пчальнік і раптам бачу, як супрацоўнікі лясгасу параскідвалі нават вульлі, пазрывалі зь іх дахі. На пчальніку ў мяне невялікая пабудова, дзе захоўваю інвэнтар, дык і там павырывалі вокны, шклопакеты павыцягвалі. Пабілі дах. Я якраз у той момант, калі нішчылі маю маёмасьць, прыехаў, пачаў сварыцца зь імі. Яны пачалі апраўдвацца, што мусяць выконваць загад. Але раптам яны атрымаюць загад нішчыць маю хату ў вёсцы — то што, таксама будуць гэта выконваць? Я раззлаваўся. Узяў пілу, завёў яе і кажу ім: „Бярыце інструмэнт, рэжце тут усё, калі на тое пайшло“. Дык у выніку яны сказалі, што я ім пагражаў, выклікалі міліцыянтаў. Цяпер мяне могуць пасадзіць пад адміністрацыйны арышт за гэта. Але, хутчэй за ўсё, хочуць мяне кінуць за краты толькі для таго, каб зьнішчыць мой пчальнік, каб не перашкаджаў ім. У выніку я проста буду вымушаны кінуць пчалярства, бо іншага выйсьця проста няма. Я проста ня ведаю, куды адвезьці пчол. Яны ж загінуць».

Пчальнік на палескіх балотах
Пчальнік на палескіх балотах

Пчаляры кажуць, што іх падманулі

Абвастрэньне канфлікту адбылося яшчэ ў лютым 2017 году. Уначы, калі пчаляроў не было на месцы, супрацоўнікі мясцовага лясгасу і МНС пачалі ламаць уласнасьць вяскоўцаў. Тады альшанскія пчаляры паскардзіліся ў аблвыканкам.

У вёску наведалася кіраўніцтва вобласьці, прыехаў міністар лясной гаспадаркі. Сустрэліся з пчалярамі, і нібыта пастанавілі — не перашкаджаць гадаваць пчол у прыродаахоўнай зоне. А цяпер усё перайгралі, абураецца Леанід Кірыловіч:

«Зусім нядаўна да нас прыяжджаў міністар лясной гаспадаркі. Была зь ім сустрэча, падчас якой высокі чыноўнік абяцаў урэгуляваць спрэчныя пытаньні з пчалярамі. Было даручана гаспадарам навесьці парадак на пчальніках. Але размова аказалася проста словамі. Не разумею, у чым прычына».

Вяскоўцы лічаць, што іх падманулі. Бо ўлады абяцалі, што ніхто маёмасьць пчаляроў ня будзе чапаць. Наадварот, чыноўнікі і зь Менску, і зь Берасьця нібыта заклікалі мясцовых жыхароў актыўней разводзіць пчол, бо гэта карысна для заказьніка, кажа жыхар Альшанаў Аляксей Пявец:

Аляксей Пявец, жыхар Альшанаў
Аляксей Пявец, жыхар Альшанаў

«Прадстаўнікі Столінскага райвыканкаму яшчэ ў лютым казалі, што не жадаюць хваляваньняў і рэвалюцыі ў асобна ўзятым населеным пункце. Таму прагучала абяцаньне, што разбураць хаткі пчаляроў ніхто ня будзе. Супраць народу, маўляў, ня пойдуць. Але абяцаньне аказалася марным».

Мясцовыя ўлады: дамкі пчаляроў будуць зьнесеныя

Раскіданыя гаспадарчыя дамкі пчаляроў
Раскіданыя гаспадарчыя дамкі пчаляроў

Прадстаўнікі мясцовых уладаў у размове з карэспандэнтам Свабоды сказалі, што цяпер гаспадарчыя пабудовы ў заказьніку лічацца незаконнымі і трэба іх пазносіць.

Сяргей Сідарэвіч, намесьнік старшыні Столінскага райвыканкаму, кажа, што ў любым выпадку на тэрыторыі заказьніка «Сярэдняя Прыпяць» будзе наводзіцца парадак:

«На тэрыторыі асаблівай прыродаахоўнай тэрыторыі знаходзяцца гаспадарчыя пабудовы, узьвядзеньне якіх недапушчальнае. Білетаў на дазвол весьці гаспадарчую працу з боку лясгасу летась, як і сёлета, не было выдадзена. Там неабходна наводзіць парадак, і з боку мясцовай улады будуць весьціся працы, каб усё было прыведзена ў норму. Праўда, некаторыя вяскоўцы ў Альшанах агрэсіўна ўспрымаюць патрабаваньні. Яны імкнуцца абараніць свае інтарэсы. Але закон ёсьць закон. Пра гэта вялася размова і з удзелам старшыні аблвыканкаму. Пчалярам усё патлумачылі. Мы ж далей будзем працягваць працу па інфармаваньні жыхароў вёскі. Яны павінны будуць самі прыбраць свае пабудовы, навесьці там парадак. Пакуль рана казаць пра нейкія канкрэтныя тэрміны па выкананьні заканадаўства. Але галоўнае, што мы можам рабіць — праводзіць інфармаваньне вяскоўцаў».

Павал Каралёў, пчаляр з Альшанаў, лічыць, што падыход да вырашэньня праблемы з боку мясцовай улады выклікае шмат пытаньняў. Чамусьці іхнія гаспадарчыя пабудовы чыноўнікі лічаць дамамі для адпачынку, але насамрэч там толькі захоўваецца інвэнтар. У пчалярскіх дамках няма ўмоваў, каб спыняцца там і адпачываць:

Раскіданыя гаспадарчыя дамкі пчаляроў
Раскіданыя гаспадарчыя дамкі пчаляроў

«Сапраўды, некаторыя ўзьвялі на ўзьбярэжжы Прыпяці вялікія будынкі. Але ж у такім выпадку здалёку відаць, што гэта зусім не гаспадарчыя пабудовы пчаляроў. У гэтых дамах можна жыць цэлы год. І гэта махлярства, бо робіцца пад маркай пчаляроў. З гэтым трэба змагацца. Але нас усіх лічаць парушальнікамі. Ніхто ж не намагаецца разьбірацца, хто нармальны пчаляр, які трымае 20–30 сямей, а хто проста паставіць два вульлі, але ня можа адрозьніць пчалы ад трутня. Бортнікам на самой справе патрэбныя невялікія памяшканьні на сваіх пчальніках. Нехта ўзводзіць пабудовы памерам два на тры, нехта з дошак, нехта з блёкаў. Ёсьць так, што прыедзеш на пчальнік, а раптам дождж пачнецца? Бывае і такое, што спатрэбіцца пераначаваць, бо пад адкрытым небам не застанесься ж. Тым больш у мяне вялікі пчальнік. Я не пасьпею за адзін дзень яго нават абысьці. Мне трэба застацца тут на ноч і на наступны дзень завяршыць працу. У мяне ж цяпер 35 сямей, але я ня ставіў аніякіх пабудоваў на сваім пчальніку. Бо калі праз гэтыя забароны будзе зьнішчана ўся мая праца, для мяне гэта будзе катастрофа».

Раскіданыя гаспадарчыя дамкі пчаляроў
Раскіданыя гаспадарчыя дамкі пчаляроў

Паводле заканадаўства займацца пчалярствам у прыродаахоўнай зоне не забараняецца. Вяскоўцы кажуць, што весьці гаспадарку проста немагчыма без адмысловага памяшканьня, каб захоўваць медагонку, карпусы, рамкі для вульляў.

І з гэтым цалкам пагаджаецца Павал Мірановіч, дырэктар Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Заказьнікі рэспубліканскага значэньня „Сярэдняя Прыпяць“ і „Альманскія балоты“» зь сядзібай у Століне. Кажа, што пчалярства ў заказьніку павінна быць і што пчаляры маюць права ставіць невялікія гаспадарчыя «качавыя будкі»:

«Яны, пчаляры і мясцовы лясгас, проста павінны разабрацца паміж сабою, зь нюансамі вакол гаспадарчай пабудовы і качавой будкі для інвэнтару. Гэта цалкам павінна быць пабудавана на дамоўленасьці паміж канфліктуючымі бакамі. Лесьнікі павінны тлумачыць гаспадарам, што памер будкі залежыць ад колькасьці пчаліных сямей. Калі ж казаць пра выпадкі зьнішчэньня вульляў — дык гэта сапраўдны вандалізм, такое проста недапушчальна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG