Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены сын бабруйскага блогера скардзіцца на голад у турме


Аляксей Мілюкоў (зьлева) і яго бацька Алег Жалноў, архіўнае фота

Праваабарончая ініцыятыва «Свабоду палітзьняволеным Беларусі» заклікала падтрымаць вязьня Аляксея Мілюкова і ягоную сям’ю, пісаць яму лісты, дасылаць паштоўкі.

Бабруйскі блогер Алег Жалноў, які выкрывае злоўжываньні міліцыі і факты парушэньняў выкладае ў інтэрнэт, заяўляе, што на ягонага асуджанага сына Аляксея Мілюкова ў Горацкай калёніі аказваецца ціск.

Ён сьцьвярджае, што Аляксея рэгулярна зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, не даюць дазволу на спатканьні з роднымі. З адвакатам сустракаецца пад наглядам супрацоўнікаў адміністрацыі калёніі. Акрамя таго, яго абмяжоўваюць у набыцьці харчоў у турэмнай краме.

Пра тое, што адбываецца з Аляксеем Мілюковым у Горацкай калёніі, родныя ведаюць толькі зь лістоў. У іх, кажа Жалноў, Аляксей піша, што ён пастаянна адчувае голад. Турэмнай ежы яму не хапае, а набыць неабходнае ў турэмнай краме на 46 рублёў ня можа, бо «у гэтым яго чамусьці абмяжоўваюць».

«Утрымліваецца ён у памяшканьні камэрнага тыпу. Больш за месяц правёў у штрафным ізалятары. Пасьля сустрэчы з адвакатам Аляксея адправілі на сем сутак у ШІЗА за скаргу на парушэньні яго правоў», — адзначае Алег Жалноў.

«Калі прыехаў адвакат, то не было выдзелена, як належыць, асобнага памяшканьня для гутаркі асуджанага зь ім, — кажа Жалноў. — Гаварылі яны над наглядам супрацоўніка калёніі праз шкло, як на кароткатэрміновым спатканьні з роднымі. Канфідэнцыйнасьці не было. На гэта і паскардзіўся сын, і за гэта быў пакараны».

Паводле Алега Жалнова, сын у Горацкай калёніі стаіць на прафіляктычным уліку як схільны да агрэсіі, захопу закладнікаў і хуліганскіх дзеяньняў.

«Піша, што на яго пастаянна аказваецца ціск, — кажа суразмоўца. — Два тыдні ня мог нармальна спаць, бо ў камэру падсадзілі зьняволенага, які паводзіў сябе неадэкватна. Увесь час гаварыў пра намеры сябе забіць. Меў за шчакой лязо для галеньня. Аляксей быў вымушаны два тыдні быць гатовым, што аднакамэрнік можа напасьці на яго, калі засьне».

«Падтрымка з волі для Аляксея дужа важная. Важная яна і для сям’і», — кажа Жалноў.

«Салідарнасьць з Аляксеем не дае магчымасьці турэмнікам зрабіць умовы ўтрыманьня для яго яшчэ больш жорсткімі, каб ён прызнаў сваю віну, — лічыць блогер. — Кіраўніцтва беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы ведае, што Аляксей не забыты і грамадзтва непакоіцца ягоным лёсам».

Алег Жалноў лічыць, што сына асудзілі за тое, што бацька выкрываў злоўжываньні міліцыі. Паводле самога Аляксея, яго выбралі на ролю фігуранта справы таму, што ён меў судзімасьць, а гэта абцяжарвае правапарушэньні. Сваёй віны Аляксей не прызнае.

За час адбыцьця пакараньня на «хіміі» на Аляксея Мілюкова накладалі спагнаньні за няголенасьць, ня ўзорна засланы ложак, за пратэрмінаваньне аплаты інтэрнату, за недахопы ў працы, а таксама за тое, што «не праяўляў ініцыятывы».

28 кастрычніка Аляксей мае выйсьці на свабоду. Жалноў-старэйшы, аднак, дапускае, што адміністрацыя калёніі можа ініцыяваць справу паводле 411-га артыкулу, каб падоўжыць тэрмін ягонага зьняволеньня як асуджанага, які злосна парушае рэжым і ня стаў на шлях выпраўленьня.

Летась Наваполацкі суд прызнаў Мілюкова вінаватым ва «ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі» і пакараў яго годам турмы. Аляксей адбываў трохгадовае пакараньне на «хіміі» ў Наваполацку.

Інцыдэнт, які прывёў да зьняволеньня Мілюкова, здарыўся ў верасьні 2013 году ля будынка бабруйскага ДАІ. Жалноў убачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цьвердзіць, з парушэньнем правілаў дарожнага руху, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, зьвінавацілі Жалнова ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку бацьку і сына, як яны сьцьвярджалі, гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак.

18 ліпеня 2014 году суд Бабруйскага раёну пакараў Аляксея Мілюкова трыма гадамі абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі адкрытага тыпу за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

XS
SM
MD
LG