Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імя Паўла Шарамета ўпішуць у Мэмарыял журналістам у Вашынгтоне


Павал Шарамет, архіўнае фота

Імя Паўла Шарамета ўпішуць у Мэмарыял журналістам у Музэі навін (Newseum) у Вашынгтоне — разам зь імёнамі яшчэ 13 журналістаў сьвету, якія загінулі ў 2016 годзе, паведамляе сайт музэю.

14 новых імёнаў тых, хто загінуў, здабываючы або перадаючы навіны, дададуць раніцай 5 чэрвеня.

Паўла Шарамета ўнясуць у мэмарыял як журналіста «Ўкраінскай праўды» і радыё «Вести» з Кіева, дзе ён працаваў перад сьмерцю.

Іншыя журналісты, якія летась загінулі пры выкананьні прафэсійнага абавязку і якіх ушануюць у ЗША, паходзяць з Аўганістану, Сырыі, Іраку, Лібіі, Самалі, Бразыліі, Мэксыкі і Індыі.

Пасьля цырымоніі 5 чэрвеня ў мэмарыяле будуць значыцца імёны 2285 журналістаў, якія загінулі з 1837 году.

Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году, падклаўшы выбухоўку пад машыну, у якой ён езьдзіў на працу, — аўтамабіль выбухнуў у цэнтры Кіева каля 8 раніцы, Шарамет атрымаў цялесныя пашкоджаньні і памёр у машыне хуткай дапамогі.

Праваахоўнікі расьсьледуюць забойства як тэракт, але ні выканаўцаў, ні арганізатараў яго да гэтага часу ня знойдзена.

XS
SM
MD
LG