Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трох жыхарак Сочы прызначылі палітвязьнямі


Расейская вайсковая тэхніка заяжджае ў тунэль паміж Грузіяй і РФ, 22 жніўня 2008

Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў палітычнымі вязьнямі Марыну Джанджгаву, Інгу Туцісані і Анік Кесян, якія асуджаныя паводле абвінавачваньня ў дзяржаўнай здрадзе.

Трох жыхарак Сочы прызналі вінаватымі ў тым, што ў сваіх СМС, адпраўленых грузінскім знаёмым, яны паведамілі пра перамяшчэньні расейскай вайсковай тэхнікі напярэдадні збройнага канфлікту Расеі з Грузіяй у жніўні 2008 году.

Джанджгава была асуджаная да 12 гадоў зьняволеньня, Туцісані — да васьмі, Кесян — да шасці.

«Мэмарыял» запатрабаваў неадкладна вызваліць іх і заявіў, што лічыць недапушчальным ускладаць на грамадзянскіх асобаў адказнасьць за захаваньне ваеннай таямніцы, якая ім не давяралася. А тым больш крымінальна караць за зносіны з замежнікамі на тэму падзей, інфармацыя пра якія зьяўляецца агульнадаступнай.

Раней «Мэмарыял» прызнаваў палітвязьнямі Аксану Севасьцідзі і Кацярыну Харэбаву, асуджаных паводле такога ж абвінавачваньня. У 2016 годзе грузінскую грамадзянку Харэбаву вызвалілі пасьля абмену зьняволенымі з Грузіяй, а Севасьцідзі сёлета ў сакавіку памілаваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

XS
SM
MD
LG