Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія абяцае падтрымліваць Беларусь на міжнароднай арэне


Гіёргі Маргвэлашвілі і Аляксандар Лукашэнка ў Менску

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Грузіі Гіёргі Маргвэлашвілі 1 сакавіка падчас перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам у фармаце «сам-насам» у Менску, перадае БЕЛТА.

«Мы ўпэўненыя, што ваша праца па прыўнясеньні большай стабільнасьці ў рэгіёне і больш глябальна дасьць свой плён, прынясе посьпех. Мы лічым, што ваша роля павінна быць яшчэ больш умацаваная», — сказаў прэзыдэнт Грузіі, паабяцаўшы падтрымліваць Беларусь на міжнароднай арэне.

Гіёргі Маргвэлашвілі таксама адзначыў, што на перамовах бакі разгледзелі цэлы шэраг пытаньняў, скіраваных на паляпшэньне беларуска-грузінскіх адносін. Гэта сфэры гандлю (у прыватнасьці, гаварылася пра імпарт у Беларусь традыцыйных паўднёвых тавараў: садавіны, гародніны, вінаў), супрацоўніцтва ў турызьме, сфэрах культуры, адукацыі.

Па выніках перамоў Лукашэнка і Маргвэлашвілі прынялі сумесную заяву, у якой пацьвердзілі зацікаўленасьць абедзьвюх краін ва ўмацаваньні супрацоўніцтва. Таксама лідэры дзьвюх краін падпісалі пагадненьні паміж урадамі аб паветраных зносінах і аб спрыяньні ажыцьцяўленьню і ўзаемнай абароне інвэстыцый.

У праграме афіцыйнага візыту прэзыдэнта Грузіі, які разьлічаны на два дні — 1–2 сакавіка, таксама сустрэчы з кіраўніцтвам ураду Беларусі, Нацыянальнага сходу, наведваньне арганізацыяў, сацыяльных і культурных абʼектаў.

Паводле супрацоўніка грузінскай службы Радыё Свабода Кобы Ліклікадзэ, які на просьбу беларускай Свабоды пракамэнтаваў візыт у Менск прэзыдэнта Грузіі Гіёргі Маргвэлашвілі, паўнамоцтвы грузінскага лідэра значна меншыя, чым паўнамоцтвы Лукашэнкі.

У прыватнасьці, Маргвэлашвілі ня мае права падпісваць міждзяржаўныя пагадненьні. Да таго ж цяпер у Грузіі ідзе актыўнае абмеркаваньне новых канстытуцыйных паправак, якія зьмяншаюць і без таго мізэрныя паўнамоцтвы прэзыдэнта Грузіі.

XS
SM
MD
LG