Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія ня ўпусьціць расейскіх «начных ваўкоў»


Міністар унутраных справаў Грузіі Георгій Мгебрышвілі

Міністар унутраных спраў Грузіі Георгій Мгебрышвілі заявіў, што расейскія матацыклісты, у тым ліку з мотаклюбу «Начныя ваўкі», ня ўедуць у яго краіну ў дні гадавіны перамогі ў вайне. Грузінскія памежнікі без тлумачэньня прычынаў не прапускаюць праз мяжу матацыклістаў з Расеі.

Адказваючы на крытыку паплечнікаў экс-прэзыдэнта Міхеіла Саакашвілі пра нежаданьне ўладаў прыняць меры супраць «начных ваўкоў», Мгебрышвілі заявіў, што МУС вырашыла не пускаць расейскіх байкераў у краіну.

«Супакойцеся, начныя ваўкі ў Грузію не прыедуць», — сказаў міністар. Так ён адказаў на заявы лідэраў апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» аб плянах расейцаў правесьці 9 траўня ў Тбілісі «шумныя акцыі». Асабліва непрымальным апазыцыянэры лічаць выкарыстаньне «георгіеўскіх стужак» як «знаку расейскай акупацыі Грузіі і іншых краінаў».

Пачынаючы ад 2 траўня, грузінскія інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць аб інцыдэнтах на расейска-грузінскай мяжы блізу кантрольна-прапускнога пункту «Верхні Ларс», дзе грузінскія памежнікі без тлумачэньня прычынаў адмовіліся прапусьціць расейскіх матацыклістаў. Многія ўжо вярнуліся назад ва Ўладзікаўказ.

Грузінскія байкеры папярэдзілі, што 9 траўня яны не дапусьцяць у «Парку перамогі» ніякіх акцый расейскіх калегаў з выкарыстаньнем «георгіеўскай стужкі». Аднак ня ўсе ў Грузіі настроены гэтак непрымірыма. Былы сьпікер парлямэнту, лідэр апазыцыйнай партыі «Дэмакратычны рух — Адзіная Грузія» Ніна Бурджанадзэ, назваўшы тое, што адбываецца, «ура-патрыятызмам», адзначыла ў сваёй заяве, што «георгіеўская стужка» гэта «сымбаль перамогі над нацызмам ня толькі рускіх, але і грузінаў».

XS
SM
MD
LG