Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне могуць абмежаваць дзейнасьць Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату


Мітынг прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) у Кіеве. 18 траўня 2017 году
Мітынг прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) у Кіеве. 18 траўня 2017 году

Вярхоўная Рада Ўкраіны плянуе разгледзець два законапраекты, якія датычацца арганізацыі дзейнасьці рэлігійных арганізацый і асаблівага статусу канфэсій з цэнтрамі кіраваньня ў Расеі. Найперш заканадаўчыя зьмены могуць закрануць Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату.

У прыватнасьці, існуючы закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» прапануецца дапоўніць нормаю пра спрашчэньне працэдуры ўнясеньня зьменаў або перарэгістрацыі статутаў рэлігійных суполак. Згодна зь ёю, лёс прыходу маюць вырашаць непасрэдна вернікі гэтай суполкі, а не эпархіяльнае кіраўніцтва ці мітраполія.

Аўтары другога законапраекту — «Аб асаблівым статусе рэлігійных арганізацый, кіроўныя цэнтры якіх знаходзяцца ў дзяржаве, прызнанай Вярхоўнай Радай Украіны дзяржавай-агрэсарам» — прапанавалі асаблівую працэдуру рэгістрацыі статутаў такіх рэлігійных арганізацый пасьля падпісаньня адпаведных пагадненьняў паміж дзяржавай і царквой, а таксама абавязковае ўзгадненьне кандыдатур на кіраўнікоў гэтых рэлігійных арганізацый з цэнтральнымі ды мясцовымі органамі выканаўчай улады, што рэалізуюць дзяржаўную палітыку ў сфэры рэлігіі. Апроч таго, прапануецца ў абавязковым парадку ўзгадняць зь дзяржаўным органам, які зарэгістраваў статут, і запрашэньне замежных грамадзян для правядзеньня прапаведніцкай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны.

Мітынг прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) у Кіеве. 18 траўня 2017 году
Мітынг прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) у Кіеве. 18 траўня 2017 году

Нягледзячы на прапанову профільнага парлямэнцкага камітэту адхіліць гэтыя законапраекты, як тыя, што парушаюць Канстытуцыю і гарантаванае права грамадзян на свабоду веравызнаньня, яны былі ўнесеныя ў парадак дня парлямэнцкай сэсіі. На гэта імгненна адрэагавала кіраўніцтва Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) ды Рускай праваслаўнай царквы. Паводле іх, з аднаго боку, заканадаўчыя зьмены адкрываюць шлях да падпарадкаваньня царквы дзяржаве, а з другога — да пазбаўленьня іх маёмасьці на карысьць Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату.

З гэтай нагоды кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл зьвярнуўся да кіраўнікоў краінаў «нармандзкай чацьвёркі», прадстаяцеляў памесных праваслаўных цэркваў, Папы Рымскага Францішка і да генэральнага сакратара ААН:

«У выпадку ўхваленьня гэтых праектаў будзе ўзаконена нечуваная для сучаснай Эўропы дыскрымінацыйная прававая практыка ў дачыненьні да большасьці праваслаўнага насельніцтва Ўкраіны. Такое абмежавальнае рэлігійнае заканадаўства ня дзейнічала ва Ўкраіне нават у пэрыяд камуністычнага рэжыму, а на іншай тэрыторыі Эўропы нешта падобнае існавала хіба толькі ў часы нацысцкага праўленьня ў Нямеччыне», — гаворыцца ў ягоным звароце.

Пры гэтым кіраўнік РПЦ пераконвае, што «за 2014-2016 гады на тэрыторыі Ўкраіны праварадыкальныя элемэнты гвалтоўна захапілі больш за 40 храмаў Украінскай праваслаўнай царквы». Паводле яго, фармальнай нагодай для гэтага сталі мясцовыя рэфэрэндумы, якія прымалі рашэньні пра пераход суполкі да Кіеўскага патрыярхату.

Мітынг прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) у Кіеве. 18 траўня 2017 году
Мітынг прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) у Кіеве. 18 траўня 2017 году

З асуджэньнем ініцыятывы ўкраінскіх дэпутатаў выступіў і кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павел ад імя Сыноду Беларускага экзархату:

«Беларуская праваслаўная царква, выступаючы ў абарону міру, справядлівасьці і здаровага сэнсу, у абарону сваіх украінскіх братоў у веры, асуджае ініцыятыву... Калі згаданыя законапраекты будуць прынятыя, гэта можа ўвесьці Украіну ў хаос бяспрыкладнай грамадзянскай вайны на глебе рэлігійных ганеньняў і рэпрэсій у дачыненьні да ўкраінскага праваслаўя», — напісаў у сваім звароце да ўкраінскага прэзыдэнта мітрапаліт Павел.

«На маю думку, чакаць грамадзянскай вайны — гэта перабольшаньне. У сувязі зь першым законапраектам пра спрашчэньне працэдуры рэгістрацыі наагул ня вынікне ніякага напружаньня, а што тычыцца другога законапраекту — вядома, для УПЦ МП гэта трохі нязручныя зьмены, бо непасрэдна будзе закранаць іхныя інтарэсы, таму гэта цалкам зразумелая рэакцыя, каб іх не дапусьціць», — мяркуе Устым Хаварыўскі, кандыдат навук у дзяржаўным кіраваньні, сябра экспэртнай рады пры Дэпартаменце ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Міністэрства культуры Ўкраіны.

Святары ж Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату адразу пачалі арганізоўваць сваіх вернікаў на акцыі пратэсту. Яны адбыліся практычна ва ўсіх рэгіёнах Украіны, а таксама пад Вярхоўнай Радай, дзе іх падтрымалі шэраг дэпутатаў фракцыі «Апазыцыйны блёк» ды групы «Адраджэньне» — палітычных сілаў, якія былі створаныя пасьля расколу Партыі рэгіёнаў і ўцёкаў папярэдняга прэзыдэнта Віктара Януковіча. Яны заяўляюць, што сабралі 350 тысяч подпісаў пад патрабаваньнем да Вярхоўнай Рады адмовіцца ад разгляду гэтых законапраектаў.

«Усё, што мы хочам ад гэтай царквы — прымусіць яе ўзяць на сябе абавязаньні не ажыцьцяўляць антыўкраінскай дзейнасьці ва Ўкраіне», — заявіў у парлямэнце адзін з ініцыятараў увядзеньня асаблівага статусу царквы, народны дэпутат Дзьмітро Тымчук.

Мітынг прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) у Кіеве. 18 траўня 2017 году
Мітынг прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) у Кіеве. 18 траўня 2017 году

Паводле яго, задоўга да агрэсіі Расеі прыходы УПЦ МП па сутнасьці былі і ёсьць «цалкам легальнымі пляцоўкамі пуцінскай машыны замбаваньня». «З пачаткам агрэсіі яны застаюцца рассаднікамі ўкраінафобіі і антыўкраінскай прапаганды ў нашай краіне. Храмы і манастыры гэтай царквы на Данбасе зь першых дзён агрэсіі былі перавалачнымі базамі і складамі зброі тэрарыстаў і расейскіх акупантаў, а сьвятары гэтай царквы ня толькі ваявалі, але і ўзначальвалі тэрарыстычныя банды, якія забівалі ўкраінцаў. Дарэчы, гэтая царква і цяпер, на чацьвёртым годзе вайны, ніяк не пракамэнтавала падзеі на Данбасе са сваім актыўным удзелам, не кажучы ўжо пра выбачэньні перад украінцамі», — дадаў дэпутат.

Афіцыйныя прадстаўнікі іншых рэлігійных канфэсій, у тым ліку і Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, пакуль не камэнтуюць парлямэнцкія ініцыятывы. Магчыма, таму, што практычна кожная зь іх можа стаць аб’ектам заканадаўчых зьменаў, бо ў прапанаваных законапраектах назва рэлігійнай арганізацыі не ўдакладняецца. А факт кіраваньня канфэсіямі з-за мяжы датычыць ня толькі УПЦ МП, а і каталіцкай з цэнтрам у Ватыкане, пратэстанцкай з цэнтрамі ў Англіі ды Нямеччыне, аналягічна і ў выпадку з мусульманамі.

У Дэпартамэнце ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Міністэрства культуры Ўкраіны прызнаюць, што законапраекты сапраўды маюць прыкметы абмежаваньня рэлігійнай свабоды, аднак тлумачаць іх «неадназначнай роляй УПЦ МП» у падзеях на ўсходзе краіны, якія фактычна і падштурхнулі вернікаў да жаданьня зьмяніць падпарадкаваньне сваіх рэгіянальных суполак з Маскоўскага на Кіеўскі патрыярхат.

Паводле інфармацыі Міністэрства культуры Ўкраіны, за апошнія гады зафіксавана 150 фактаў пераходу суполак да іншай царквы, каля 80 зь іх зьмянілі УПЦ МП на УПЦ КП, але і ў іншых канфэсіях адбываюцца падобныя пераходы. У той жа час большасьць спэцыялістаў мяркуюць, што такія факты перападпарадкаваньня нават пасьля заканадаўчых новаўвядзеньняў ня стануць масавымі.

«У рэлігійнае заканадаўства Ўкраіны неабходна ўносіць зьмены, бо яно даўно не ўдасканальвалася, у прыватнасьці ў дачыненьні працэдурных пытаньняў дзейнасьці рэлігійных арганізацый. Адзіная мая засьцярога ў тым, што гэтыя зьмены павінны былі больш абмяркоўвацца, бо, напрыклад, працэдура рэгістрацыі, што прапануецца цяпер, добрая толькі для тых рэлігійных арганізацый, якія маюць фіксаванае сяброўства, а ў каталіцкіх, праваслаўных і грэка-каталіцкіх арганізацыях яно нефіксаванае, таму зразумець, што такое агульныя зборы і хто мае быць іх удзельнікам, даволі цяжка, і тут паняцьце самаідэнтыфікацыі не дае адказу на ўсе пытаньні», — пераконвае Устым Хаварыўскі.

У той жа час, на ягоную думку, законапраект пра рэлігійныя арганізацыі з цэнтрам кіраваньня за межамі Ўкраіны патрабуе дапрацоўкі.

«Насьцярожвае тое, што ягоныя нормы могуць выкарыстоўвацца выбарачна, бо заканадаўца не ўдакладняе канфэсію, якой гэта датычыцца, таму тут ужо будзе залежаць ад практыкі прымяненьня закону, што таксама можа мець пэўныя наступствы. Хацелася б, каб дэпутаты яшчэ папрацавалі», — дадаў экспэрт.

Устым Хаварыўскі лічыць, што, улічваючы ўвагу палітыкаў, грамадзтва і рэлігійных дзеячоў да заканадаўства ў сфэры свабоды сумленьня, любыя ініцыятывы будуць укараняцца вельмі цяжка. «Іх трэба вельмі добра рыхтаваць і праводзіць шмат кансультацыяў», — перакананы ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG