Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зона Свабоды: Што азначае бязьвізавы рэжым для Ўкраіны і калі яго атрымаюць беларусы?


Калі бязьвіз у Эўропу атрымаюць беларусы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:21 0:00

Калі бязьвіз у Эўропу атрымаюць беларусы

Украіна атрымала бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам. Паводле прэзыдэнта Парашэнкі, тым самым яна выйшла са складу постсавецкіх краінаў.

Што гэта азначае для Ўкраіны і для Беларусі? Ці далёка Ўкраіне да Эўропы? Калі бязьвіз у Эўропу атрымаюць беларусы? Чаму Ўкраіна забараніла «Одноклассники» і «Вконтакте»? Гэтыя тэмы ў «Зоне Свабоды» абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, аглядальнік украінскай Свабоды Расьціслаў Хоцін і вядоўца Ганна Соўсь.

Прапануем фрагмэнты дыскусіі.

Ганна Соўсь: 17 траўня ў Страсбуры старшыня Эўрапарлямэнту ўрачыста падпісаў заканадаўчы акт, якім для грамадзянаў Украіны ўводзіцца бязьвізавы рэжым. Днямі новы эўрапейскі закон будзе апублікаваны, і праз 20 дзён бязьвізавы рэжым для ўкраінцаў набудзе моц. У цырымоніі ўзяў удзел прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які заявіў, што Ўкраіна «рве з постсавецкім мінулым і ўсё больш робіцца часткаю адзінай эўрапейскай цывілізацыйнай прасторы». «Бязьвіз — гэта сьведчаньне стратэгічнай правільнасьці нашага эўрапейскага выбару», — сказаў ён. Чаму бязьвізавы рэжым з ЭЗ ацэньваецца значна больш, чым ўсяго толькі зручнейшая магчымасьць езьдзіць за мяжу?

Расьціслаў Хоцін: Гэта сапраўды так. Размова ідзе пра эўрапеізацыю Ўкраіны і ўкраінцаў. Мільёны ўкраінцаў зараз змогуць паехаць у ЭЗ, ў краіны Шэнгенскай зоны, ў Эўропу паглядзець, навучыцца, вярнуцца і прывезьці візуальны эўрапейскі досьвед, каб выкарыстоўваць яго ва Ўкраіне.

Украіна зьяднае, рэінтэгруе тыя тэрыторыі вагой ўкраінскага пашпарту

Гэта цывілізацыйны выбар для Ўкраіны. Украіна не ідзе ў Эўропу, яна вяртаецца ў Эўропу, у сям’ю эўрапейскіх народаў, адкуль яны была штучна ізаляваная 300 гадоў, знаходзячыся ў расейскай і савецкай імпэрыях. Гэта вельмі моцны штуршок да рэінтэграцыі праблемных тэрыторый ва Ўкраіне, якія зараз знаходзяцца пад ўладай Расеі — анэксаваны Крым і акупаваная частка Луганскай і Данецкай абласьцей на Данбасе. Ужо зараз ёсьць інфармацыя з Крыму пра тое, што масава крымчане цікавяцца, як атрымаць украінскі біямэтрычны пашпарт, каб ня жыць у ізаляцыі. Украіна зьяднае, рэінтэгруе тыя тэрыторыі вагой ўкраінскага пашпарту. Акцыі ўкраінскага пашпарту пайшлі ўгару. Цяпер з украінскім пашпартам можна будзе ехаць у 34 эўрапейскія краіны бязь візаў, плюс яшчэ дададуцца 30 краінаў сьвету, якія маюць бязьвіз з ЭЗ. Такім чынам ўкраінскі пашпарт адкрывае свабодны ўезд больш чым ў 100 краінаў сьвету, увойдзе ў топ-40 пашпартоў сьвету. Ён — унікальны, зь ім можна ехаць бяз візы і на захад, і на ўсход.

Ганна Соўсь: Беларускі пашпарт у гэтым рэйтынгу будзе на вельмі вялікай адлегласьці ад ўкраінскага... Наколькі моцны псыхалягічны эфэкт для беларусаў будзе ад эўрапейскага бязьвізу для Ўкраіны? У сераду я ўдзельнічала ў тэлемасьце Страсбур-Брусэль-Прага-Кіеў, і Расьціслаў, вядучы трансьляцыі ў Празе казаў пра тое, што ўкраінцы па-добраму зайздросьцілі малдаванам і грузінам, якія ўжо мелі бязьвіз. Ці пазайздросьцяць беларусы? Ці пазайздросьцяць па-добраму?

Валер Карбалевіч: Тое, што пазайздросьцяць, гэта зразумела. Але ці моцны псыхалягічны эфэкт гэта акажа на грамадзкую сьвядомасьць? Пэўны эфэкт акажа, але ня вельмі моцны. Гэтая навіна ня стала нейкай мэйнстрымнай у беларускай інфармацыйнай прасторы. У расейскай — трохі больш, але таксама ня вельмі, бо расейцам цяпер ня вельмі выгадна на гэта рабіць акцэнт. Яны вельмі доўга сьцябаліся з таго, што ЭЗ увесь час адкладваў гэтае рашэньне, казалі, што дарэмныя былі ўсе высілкі ўкраінцаў, дарэмны быў Майдан і ўсё астатняе, нічога Эўропа ім не прапанавала ў адказ. І таму цяпер на гэта акцэнтаваць увагу ня вельмі выгадна.

прыкладна больш за 60 працэнтаў беларусаў увогуле ніколі не выяжджалі за межы Беларусі

Я б зьвярнуў увагу на тое, што экспэрты кажуць, што Беларусь займае першае месца ў сьвеце па колькасьці выдадзеных Шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва. Але незалежныя сацыялягічныя апытаньні, праведзеныя колькі гадоў таму, паказваюць, што прыкладна больш за 60 працэнтаў беларусаў увогуле ніколі не выяжджалі за межы Беларусі. Таму гэтая навіна будзе як раз для той меншасьці, якая актыўная, дынамічная, якая хоча езьдзіць. Яшчэ адзін момант, чаму гэтая навіна ня будзе мець моцнага псыхалягічнага эфэкту. Справа ў тым, што беларускі абывацель бачыць якой дарагой цаной гэтае рашэньне для Ўкраіны апынулася. Гэта і Майдан, і вайна, і канфлікт з Расеяй, і страта Крыма. Гэта таксама будзе ўплываць на ўспрыняцьцё беларускім грамадзтвам гэтага рашэньня.

Каб атрымаць бязьвіз, Украіна правяла 144 рэформы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:47 0:00

Ганна Соўсь: Беларусь знаходзіцца на зусім іншым узроўні ўзаемадзеяньняў з ЭЗ, чым Украіна. Цяпер беларусы плацяць за шэнгенскую візу 60 эўра, расейцы, як і ўкраінцы пакуль 35 эўра. Беларусь дагэтуль не заключыла пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму для беларусаў і адпаведна зьніжэньня коштаў, што ўкраінцы маюць ужо 10 гадоў. Ці набліжаюцца даволі доўгія перамовы да станоўчага выніку?

Юры Дракахруст: Не зусім. Яны, зразумела, ідуць вельмі марудна. Спачатку Беларусь не надта хацела, ёй не давалі, бо былі парушэньні правоў чалавека, потым ў 2011 годзе ЭЗ прапанаваў. Тады былі санкцыі, і ўжо Менск сказаў: «Не, нам ня трэба». Потым у 2013 годзе, калі пачалі паляпшацца стасункі, Беларусь пагадзілася. З 2013 году чатыры гады працягваюцца перамовы. Ідуць яны ня надта хутка. Ёсьць ключавыя пытаньні, якія пакуль не вырашаныя, Першае — біямэтрычныя пашпарты, Беларусь па тых ці іншых прычынах на гэта не ідзе. Другое — праблема рэадмісіі. Хаця некалькі гадоў таму Лукашэнка падпісаў указ аб часовых лягерах для уцекачоў, так што працэс паўзе, але вельмі павольна, марудна. Сказаць, што праз год ці праз два будзе дасягнутая мэта, ня думаю. Нагадаю, што размова ідзе пра тое, каб беларусы атрымалі тое, што зараз маюць ня толькі ўкраінцы, але і расейцы — 35 эўра за візу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG