Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ будзе дамагацца праз суд адмены папярэджаньня Міністэрства юстыцыі


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

18 траўня Вярхоўны суд пачне разгляд скаргі Партыі БНФ на пісьмовае папярэджаньне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі нібыта за парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах.

Справу будзе разглядаць судзьдзя Вярхоўнага суду Ганна Сакалоўская. Прадстаўляць партыю ў судзе будуць яе старшыня Аляксей Янукевіч і сябра сойму Юры Чавусаў.

Падставай для папярэджаньня стаў удзел Партыі БНФ у падрыхтоўцы дэманстрацыі да Дня Волі, а менавіта распаўсюд заяўнікамі інфармацыі пра месца і час заплянаванай акцыі раней, чым на яе быў атрыманы дазвол.

Партыя БНФ лічыць пісьмовае папярэджаньне Мінʼюсту беспадстаўным, бо заяўнікамі сёлетняй акцыі 25 сакавіка былі грамадзяне як фізычныя асобы.

Партыя БНФ разглядае гэтае папярэджаньне як праяву палітычнага ціску на палітычных апанэнтаў улады, заявіў яе старшыня Аляксей Янукевіч:

«Сапраўдныя парушэньні закону мелі месца выключна і толькі з боку дзяржавы, якая зьбівала мірных дэманстрантаў, якая не дала ў час адказу на заяўку аб правядзеньні дэманстрацыі. Толькі што скончыўся судовы разгляд скаргі на дзеяньні Менгарвыканкаму, які ў вызначаны законам тэрмін ня даў адказу на заяўку арганізатараў акцыі 25 сакавіка — суд, нягледзячы на відавочныя парушэньні з боку Менгарвыканкаму, не прызнаў чыноўнікаў вінаватымі. Такім чынам, створаная сыстэма супрацьзаконных і беспакараных дзеяньняў дзяржаўных службоўцаў па абмежаваньні правоў і свабодаў грамадзянаў, і суд — усяго толькі прыкрыцьцё гэтай сыстэмы», — сказаў Аляксей Янукевіч.

Падчас падрыхтоўкі да разгляду справы Мінʼюст прадставіў Вярхоўнаму суду ў якасьці доказаў шматлікія раздрукоўкі паведамленьняў пра падрыхтоўку да акцыі 25 сакавіка з сайтаў і сацыяльных сетак, сярод якіх публікацыі БелаПАН, Радыё Свабода і TUT.BY (агулам каля 60 аркушаў).

Таксама ў якасьці абгрунтаваньня сваёй пазыцыі міністэрства прадставіла копіі пастановаў аб прыцягненьні сяброў партыі да адміністратыўнай адказнасьці. У тым ліку пастанову суду Слуцкага раёну аб пакараньні штрафам сябра Сойму Партыі БНФ Віталя Амяльковіча за публікацыю ў сацсетцы «Ўкантакце» закліку да адзначэньня Дня Волі.

Пасьля таго як сёньня Вярхоўны суд адхіліў аналягічную скаргу Абʼяднанай грамадзянскай партыі, ці ёсьць сэнс у судзе?

Юрась Чавусаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што «значэньне суду ў беларускай сыстэме ўлады было вядомае і да суду аб папярэджаньні АГП».

«Але не абскарджваць — азначала б патураць гэтай цёмнай практыцы, калі замест сапраўдных парушальнікаў (Менгарвыканкам, міліцыянты) караюць тых, чые правы парушаныя (дэманстранты, партыі)», — сказаў Чавусаў.

Апошні раз папярэджаньне БНФ адмянялі ў 2006 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG