Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд разгледзіць скаргу былога студэнта пэдагагічнага ўнівэрсытэту на незаконнае адлічэньне


Крысьціян Шынкевіч

Маскоўскі суд Менску 18 траўня разгледзіць пазоў студэнцкага актывіста Крысьціяна Шынкевіча супраць Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка аб незаконным адлічэньні.

25 сакавіка Крысьціян Шынкевіч быў брутальна затрыманы ў офісе праваабарончага цэнтру «Вясна». Ён меўся быць назіральнікам на Дні Волі. Яго даставілі ў РУУС Першамайскага раёну, а потым адпусьцілі.

26 сакавіка Крысьціяна затрымалі ў падземным пераходзе на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Суткі ён правёў у турме на Акрэсьціна, а затым суд пакараў актывіста штрафам у 460 рублёў — нібыта за лаянку ў грамадзкім месцы.

28 сакавіка Крысьціян Шынкевіч даведаўся, што яго адлічылі з унівэрсытэту яшчэ 24 сакавіка нібыта за «невыкананьне абавязкаў навучэнца». Напярэдадні Дня Волі яго некалькі разоў выклікалі ў дэканат і папярэджвалі, каб ён не пісаў крытычных пастоў пра БДПУ. Крысьціян упэўнены, што адлічылі яго за грамадзкую дзейнасьць і крытычныя пасты ў твітэры.

Спачатку актывіст абскардзіў дзеяньні рэктара ў Міністэрстве адукацыі. Аднак чыноўнікі адказалі, што міністэрства ня мае паўнамоцтваў адмяняць рашэньне рэктара. Таму актывіст зьвярнуўся ў суд.

Пазьней Крысьціяна не пускалі ў будынак унівэрсытэту, дзе ён хацеў зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэставаньне.

XS
SM
MD
LG