Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы Беларускі інвэстыцыйны форум заплянаваны ў Паўднёвай Карэі


На 15 траўня ў Сэуле заплянаваны Беларускі інвэстыцыйны форум. Мерапрыемства арганізавана беларускай амбасадай у Рэспубліцы Карэя сумесна з Карэйскай гандлёва-прамысловай палатай.

Як паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі, у форуме возьмуць удзел прадстаўнікі ўраду, міністэрстваў эканомікі, фінансаў, прамысловасьці, канцэрну «Белнафтахім», Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Нацыянальнага агенцтва інвэстыцый і прыватызацыі, адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій, стратэгічных прадпрыемстваў.

Адзначаецца, што мэта мерапрыемства — інтэнсыфікацыя двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, усталяваньне наўпроставых кантактаў паміж дзелавымі коламі Беларусі і Карэі.

За апошнія гады гэта ня першы інвэстыцыйны форум. Аналягічныя мерапрыемствы ладзіліся ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Злучаных Штатах Амэрыкі, у самой Беларусі. Аднак ніводзін зь іх не падвысіў градус цікавасьці да беларускай эканомікі з боку замежных бізнэсоўцаў. Як мяркуюць некаторыя аналітыкі, выдаткі на арганізацыю такой імпрэзы нашмат перавышаюць выгаду на фінішы — праблематычна акупіць хоць бы нават толькі пералёт гэтулькіх удзельнікаў.

Вось што казаў у інтэрвію Радыё Свабода напярэдадні Беларускага інвэстыцыйнага форуму ў Нью-Ёрку Марат Новікаў, пазбаўлены статусу стратэгічнага акцыянэра кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак». Самі прадпрыемствы на загад Аляксандра Лукашэнкі былі нацыяналізаваныя .

«Ну хто сёньня ў Беларусь увогуле можа пайсьці? Асабліва пасьля кампаніі ў СМІ пра гучныя, нашумелыя справы супраць бізнэсу. Хто пасьля гэтага здольны паверыць чыноўнікам? Вось яны пракоцяцца — а што ім, дрэнна? Прагуляюцца, праветрацца. Амбасада, натуральна, мае сваіх людзей, зьбяруць прадпрымальнікаў, якія па нейкіх шэрых схемах яшчэ працуюць зь Беларусьсю. Некаторыя прыедуць, падыдуць. Але пра сурʼёзны фармат гаворка нават не ідзе.

Звычайна падобныя мерапрыемствы ладзяцца тады, калі пэўная дзяржава зь вялікім прамысловым патэнцыялам хоча зацікавіць сурʼёзных бізнэсоўцаў. Хто, ведаючы рэпутацыю Беларусі, клюне на лёзунгі „прывабнасьці“, „празрыстасьці“? Прыедуць, пагуляюць, пакажуць, павозяць. Несумненна, пачастуюць, шашлыкі на дачы ў пасла зробяць. А што потым? Вы ж бачыце, што чыноўнік сам баіцца, што яго альбо выганяць, альбо на нары кінуць. І прычыну доўга шукаць ня будуць», — так ацэньвае Марат Новікаў эканамічны эфэкт інвэстыцыйных форумаў па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG