Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новікаў: Беларускі інвэстфорум у Нью-Ёрку — ганьба і пасьмешышча


Марат Новікаў
Марат Новікаў

22 верасьня ў Нью-Ёрку стартуе Беларуска-Амэрыканскі інвэстыцыйны форум, падчас якога ўладныя чыноўнікі на чале з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам будуць агітаваць тамтэйшых бізнэсоўцаў укладаць у Беларусь.

Якія шанцы на тое, каб абудзіць цікавасьць да краіны, дзе пануе дзяржаўная манаполія, а прыватнік ня мае ніякіх гарантый недатыкальнасьці?

Свой спецыфічны, эмацыйны і вельмі асабісты погляд на падзею мае жыхар Нью-Ёрку Марат Новікаў, якога два гады таму Аляксандар Лукашэнка пазбавіў статусу стратэгічнага акцыянэра кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак», самі прадпрыемствы неўзабаве былі нацыяналізаваныя.

— Марат Міхайлавіч, не было жаданьня паўдзельнічаць у форуме? Раптам паабяцаюць эканамічную «адлігу», амністыю капіталу...

— Я прачытаў у інтэрнэце, што ў верасьні ў Нью-Ёрку зьбіраецца ці то сымпозыюм ці то канфэрэнцыя, як яе правільна назваць, па інвэстыцыях, прыедзе прэм’ер-міністар Беларусі. Але скажыце мне шчыра: хто такі Мясьніковіч у маштабах Амэрыкі нават зь яго прэм’ерскім тытулам? Як думаеце, яго тут хоць адзін чалавек ведае? Яшчэ не перакананы, ці ведае хто Лукашэнку. Хіба толькі нехта пры палітыцы, то можа быць. А так нікому яны нецікавыя і непатрэбныя. Я сам часам трапляю ў такія сытуацыі, калі кажу, што працаваў у Беларусі. Дык многія паняцьця ня маюць, дзе яна знаходзіцца. Лукашэнка, Мясьніковіч — тым больш «белыя плямы». Гэта толькі ў Беларусі лічаць, што пра іх усе навокал ведаюць. А калі хто і ведае, то Беларусі як дзяржаве не давярае — маю на ўвазе зь ліку тых, хто сапраўды мог бы ўкласьці грошы. Такіх людзей на форуме ня будзе, гарантую.

«Жулікі-прахадзімцы», як называе Лукашэнка, думаю, таксама ня пойдуць, бо адразу паўстане куча праблемаў і найвялікшая — вярнуць у выпадку чаго ўкладзеныя сродкі. Успомніце гісторыі з «Балтыкай», каўнаскім бізнэсоўцам Раманавым, які ўклаў у стадыён «Трактар» 30 мільёнаў даляраў. Куды ні станьце — улева, управа, наперад, назад — усюды адно і тое ж, няма гарантыі, што заўтра ня «кінуць»? Ну, вось гэтая канфэрэнцыя, дзеля чаго? Яны праводзяць яе не ў дзелавым цэнтры, а на базе амбасады, сваёй дыпляматыі. Ім нават залі пад гэта ніхто ня дасьць, не разгоняцца. Яшчэ раз кажу: тут ніхто гэтаму проста не надае ўвагі. Так, знойдуць пару карэспандэнтаў, якім заплацяць і тыя зробяць платны артыкул, вы ж ведаеце, як гэта робіцца. Але трэба заплаціць тысяч 20, а то і 50. Іншая справа, хто гэтаму надасьць якую-небудзь увагу, які бізнэсовец? Сьмяюцца ўсе, разумееце?

Марат Новікаў
Марат Новікаў

— З вашых слоў вынікаў, што форум, шырока расьпіяраны ў афіцыйных беларускіх мэдыях, — звычайная прафанацыя?

— Ведаеце, я толькі не магу зразумець чаму такія пытаньні нават узьнікаюць. Ну, хто сёньня ў Беларусь увогуле можа пайсьці? Асабліва пасьля той насычанай кампаніі ў СМІ аб гучных, нашумелых справах супраць бізнэсу. Хто пасьля гэтага здольны паверыць Мясьніковічу ды ўсім астатнім чыноўнікам? Вось яны пракоцяцца ў ЗША, а што ім, дрэнна? Прагуляюцца, праветрацца. Амбасада, натуральна, мае тут сваіх людзей, зьбяруць прадпрымальнікаў, якія па нейкіх шэрых схемах яшчэ працуюць зь Беларусьсю, некаторыя прыедуць, падыдуць. Але пра нейкі сур’ёзны фармат гаворка нават не ідзе.

Увогуле падобныя мерапрыемствы маюць на ўвазе, што канкрэтная дзяржава зь вялікім прамысловым патэнцыялам хоча зацікавіць

Хто, ведаючы рэпутацыю Беларусі, клюне на лёзунгі «прывабнасьці», «празрыстасьці»? Таму гэта форум для Мясьніковіча: прыедзе, пагуляе, пакажуць, павозяць па Нью-Ёрку.

сур’ёзных бізнэсоўцаў. Хто, ведаючы рэпутацыю Беларусі, клюне на лёзунгі «прывабнасьці», «празрыстасьці»? Таму гэта форум для Мясьніковіча: прыедзе, пагуляе, пакажуць, павозяць па Нью-Ёрку. Несумненна, пачастуюць, шашлыкі на дачы ў пасла зробяць. А што потым? Кудысьці далей пабаіцца нават сунуцца. Дакладуць, што ён, скажам, зьезьдзіў да Марата ў госьці, дык яго назаўтра ж звольняць, а то і пасадзяць. Вы ж бачыце, што ён таксама працуе і баіцца, што яго альбо выганяць, альбо на нары кінуць. І прычыну доўга шукаць ня будуць. Вунь паглядзіце, як Еўтушэнкава ў Расеі прыбралі — ніякія мільярды, ніякія лабісты не ўратавалі.

— Дарэчы, што кажуць амэрыканцы наконт гэтай справы? Уладзімер Еўтушэнкаў сярод іншага меў свой бізнэс і ў Беларусі — буйныя актывы апэратара мабільнай сувязі МТС.

— Гэта праўда, што ў нас тут увогуле адкрыта пра ўсё гавораць, нічога не прыхоўваюць паміж радкоў... Чаму Еўтушэнкаў раптам стаў няўгодны? Таму што ён вырашыў прадаць свой бізнэс на Лёнданскай біржы, вось і ўсё. Пайшоў у абыход дзяржавы, а па іх няпісаных законах трэба было прыйсьці да «гаспадара», пакланіцца і сказаць: ведаеце, я хачу прадаць АФК «Сыстэму» і «Башкірнафту», што вы мне параіце? А ён гэтага не зрабіў. Ён проста пайшоў і выставіў акцыі на таргі Лёнданскай біржы. Яму адразу ж адкруцілі галаву, хутка знайшлі, за што і як.

— Прычым, назіраючы з боку, «круцяць» цалкам па беларускім сцэнары, поўнае адчуваньне дэжа вю...

— Чаго вы зьдзіўляецеся? Школа вельмі моцная. Калі ўзяць Пуціна, паглядзіце, якім ён быў раней? Увесь зь сябе дэмакрат, спадкаемец Ельцына. А потым замацярэў, агледзеўся, мабыць, і наш паважаны «бацька» даў параду: Уладзімер Уладзімеравіч, ты ж бачыш, я іх, бл..., закручваю так, што яны ў мяне ад страху трасуцца — таксама дзейнічай праверанай мэтодай, куды яны падзенуцца? І ўсё! Той паглядзеў, паглядзеў: на самой справе — так яно і ёсьць, колькі можна перад імі трэсьціся, дэмакратам прыкідвацца? Балотнай плошчай, бачыш, яны мяне пужаюць. Хто на Балотную вывеў? Па 8-10 гадоў дайце і больш Балотных ня будзе. Але, разумееце, ёсьць адзін бок, на які многія не зьвяртаюць увагу, хоць некаторыя ўсясьветныя палітолягі пра гэта ўжо актыўна кажуць: падобная беспакаранасьць і ўседазволенасьць — толькі часовая зьява, якая, наадварот, толькі паскарае рух працэсу абнаўленьня...

— Фактычна тое, што нядаўна і адбылося ва Ўкраіне...

— Так, гэта тое, што было ва Ўкраіне. Перакананы, што Януковіч ніколі сабе нават не ўяўляў, што яго могуць вось так ганебна выкінуць пад зад нагой. Бо ў Януковіча настолькі было ўсё замкнёна, настолькі ўсё

Януковіч ніколі сабе нават не ўяўляў, што яго могуць вось так ганебна выкінуць пад зад нагой

сыходзілася на ім, што не ў прынцыпе не магло быць аніякай небясьпекі. Вы ж бачылі ўсе тыя відэакадры, як з Межыгор’я грузавікамі «ратавалі» наяўныя грошы, перапакоўвалі і кудысьці потым вывозілі. КамАЗамі, уяўляеце? То бок, усё працавала на адну кішэню. І ён, і я, і ўсе астатнія былі перакананыя, што ніхто Януковіча ня зрушыць. Усё было пад кантролем: міністар унутраных спраў — свой, КДБ — сваё, міністар замежных спраў — свой. Усе свае! Ну, і што з таго? У адзін цудоўны дзень усе разам разбегліся і прадаліся.

— Але вяртаючыся да нашых «бараноў». Няўжо ня верыце нават у мінімальны эфэкт для Беларусі ад нью-ёрскага інвэстфоруму?

— Сёньня сьвет настолькі інфармаваны, што гэта можа мець нават адваротны эфэкт. Вось яны правядуць, нешта надрукуюць, пахваляцца, але 90% людзей, якія маюць грошы, маюць уласныя бізнэс-інтарэсы, проста пасьмяюцца. Гэта рэальна будзе як пасьмешышча. Маё асабістае меркаваньне — праводзіць сёньня Беларусі ў Нью-Ёрку форум, канфэрэнцыю ці сымпозыюм па інвэстыцыях, як хочаце называйце,— гэта пасьмешышча, гэта ганьба. І тым, хто сюды прыедзе «касіць бабкі», — толькі сорам і ганьба. Пачынаючы ад чалавека № 1, прэзыдэнта Амэрыкі, і заканчваючы лідэрам краіны-ізгоя кшталту кіраўніка Вэнэсуэлы, усе яны дружна будуць сьмяяцца.

Хто захоча ўкладаць у Беларусь, калі проста нахабна забралі кандытарскія фабрыкі, забралі гадзіньнікавы завод «Луч», забралі завод у вырабе пліткі «Керамін»? Развалілі мясакамбінаты, развалілі мэблю, развалілі тонкасуконны камбінат, камвольны. Таму гэта сьмешна (для кагосьці, праўда, праз сьлёзы), калі гавораць: вы ўкладзіце грошы, а мы вам дадзім зялёную вуліцу. Ну, гэта ўвогуле разьлічана на каго, як вы думаеце, проста як нармальны чалавек? Ды яны патрацяць на ўсе гатэлі-пералёты больш, чым заробяць. Усё, што потым напішуць — падпісалі кантракты, плывуць інвэстыцыі — фікцыя. Магу спрачацца на любыя грошы: ня будзе ніводнага кантракту. У Беларусі сёньня нават пад чэснае слова прэзыдэнта ці каго заўгодна ніхто не ўкладзе ні капейкі грошай.

— То бок, вы ў Беларусь не ўкладаеце і іншым таксама не раіце?

— У гэтым сэнсе магу вам даць прыклад, што называецца, з сябе. Калі з намі Беларусь так абышлася, калі нас выкінулі, я асабіста паехаў па Эўропе, пачаў будаваць бізнэс фактычна наноў. У нас ёсьць свой брэнд «Melanie» і мы урэшце пачалі дамаўляцца аб вытворчасьці ласункаў пад гэтай маркай на эўрапейскіх фабрыках. Хачу сказаць, што я пабываў дзесьці на трох дзясятках прадпрыемствах, магу збольшага нават пералічыць геаграфію: Бэльгія, Швайцарыя, Нямеччына, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія, Вугоршчына, Румынія, у Францыі былі на двух фабрыках — і не было выпадку, каб мяне дзесьці ня ведалі. Уяўляеце?

Прыяжджаю, кажу: вось раней працаваў у Беларусі на «Спартаку» і «Камунарцы», быў галоўным інвэстарам гэтых фабрык. У адказ адразу: «А-а, усё зразумела!». То бок, усе ведаюць Марата. Але ведаюць адкуль? Адны людзі ведаюць, бо ён 20 гадоў у гэтым бізнэсе, бываў на ўсіх усясьветных выставах і вывозіў туды свае фабрыкі. А іншыя ў Эўропе пазнаюць зь іншай нагоды: «Дык гэта вы той самы Марат, якога Лукашэнка пазбавіў акцый і ўсяго іншага?». Адкуль, пытаюся, ведаеце? Ды ў інтэрнэце пісалі! У Эўропе, аказваецца, таксама сачылі, абмяркоўвалі. Спэцыялісты, зразумела, цікавяцца, яны ж чытаюць, што там адбываецца на кандытарскіх фабрыках у Беларусі. Тое ж самае, каб мы прадстаўлялі «Форд» і нас раптам турнулі з аўтамабільнага завода, усе аўтамабілісты сьвету таксама б пра гэта ведалі. Згодны вы са мной?

— Некалькі аналягічных бізнэс-імпрэзаў за межамі Беларусі ўжо прайшло, з розных трыбунаў казалася пра інвэстыцыйныя пагадненьні на мільёны даляраў. Іншая справа, праблемна спраўдзіць, ці сапраўды гэтыя грошы працуюць у эканоміцы?

— І ранейшыя форумы, і цяперашні — толькі трата часу і сродкаў. Лепш бы за «асвоеныя» грошы дапамаглі нямоглым ці дзецям-інвалідам зрабіць дарагія апэрацыі за мяжой, чым за дзяржаўны кошт везьці цэлую араву чыноўнікаў. У іх і так грошай поўна, яны ж толькі сваім бізнэсам

І ранейшыя форумы, і цяперашні — толькі трата часу і сродкаў. Лепш бы за «асвоеныя» грошы дапамаглі нямоглым ці дзецям-інвалідам зрабіць дарагія апэрацыі за мяжой, чым за дзяржаўны кошт везьці цэлую араву чыноўнікаў

і займаюцца, чым яшчэ яны заклапочаныя? Прыедуць, тут са знаёмымі перагавораць, дамовяцца пра тое-сёе. А дзяржаўных пытаньняў ніякіх ня вырашаць. Калі нават і скажуць, што падпісалі кантрактаў на пару мільёнаў, то гэта толькі нагода пасьмяяцца. А я рэальна сьмяюся, як чую, што падпісалі кантракт на 2 мільёны, на 5 мільёнаў. Нас калі выганялі з адной фабрыкі і з другой, на «Камунарцы» чыстага прыбытку было 12,5 мільёна даляраў, на «Спартаку» — 14 мільёнаў. Гэта пры тым, што наперадзе былі самыя «ураджайныя» месяцы — кастрычнік, лістапад, сьнежань. Самы прывабны для кандытарскай галіны час — навагодне-калядны. То бок, па выніках году было б у нас у сярэднім па 20 мільёнаў: «Камунарка» закрыла б дзесьці на ўзроўні 18 мільёнаў, «Спартак» — на 22 мільёнах.

— Марат Міхайлавіч, прызнайцеся: перажываеце, што так недарэчна скончылася бізнэс-эпапея ў Беларусі?

— Я вам хачу сказаць, што, па вялікаму рахунку, нам Беларусь увогуле зрабіла добрую справу. Чаму? Таму што я 19 гадоў укалваў, можна сказаць, упустую. Так, пра мяне рознае гавораць — што я мільянэр, мільярдэр, што зажраўся і г.д. Не хачу нават абмяркоўваць. На самой справе мы зарабілі столькі грошай, колькі трэба было для працы. Мы небагатыя людзі — гэта ўжо ваша справа, верыць ці ня верыць. Так, мы бізнэсоўцы, якія зарабляюць грошы, але ў Беларусі мы больш укладалі — уклалі і, шчыра кажучы, страцілі. Толькі апошні раз у лінію на «Камунарцы» мы ўклалі 3 мільёны даляраў. Сёньня новыя гаспадары хваляцца, што гэта яны ўсё купілі, але гэта набылі мы і ўклалі пад акцыі.

Пасьля таго, як нас выперлі, мы, не укладаючы сродкаў у вытворчасьць, робім замовы на фабрыках і нас ня ведаюць куды за гэта пацалаваць, разумееце? Таму што мы даём ім працу, а гэта самае галоўнае. А зь Беларусі нас выкінулі, бо мы, атрымліваецца, не давалі працу. Абсурд! Выкінулі, і ўсё. Я да чаго гэта ўсё гавару? Вы не ўяўляеце: я калі прыяжджаю на любое прадпрыемства, мяне ледзьве не на руках носяць. Ужо загадзя ведаюць, як сустрэць, як праводзіць, дзе пасяліць, чым накарміць. Мне такі залішні клопат зусім непатрэбны, але ж гэта, пагадзіцеся, прыемна! А ў Беларусь я прыяжджаў і думаў, як бы мяне не пасадзілі? Сам я ведаў, што мяне садзіць няма за што, але людзі, якія саджаюць, разважаюць інакш: нам бы чалавек, а закон мы потым знойдзем. Вось і ўсё, вось такая сытуацыя. Два гады таму мяне вызвалілі ад гэтага гнёту, вызвалілі ад гэтай маральнага і фізычнага цяжару. І за гэта я Лукашэнку і астатнім сапраўды ўдзячны. Можа хтосьці скажа, што гэта ня шчыра, але гэта іх справа. Я проста вам кажу тое, што думаю і што зараз адчуваю.

_____________________________

Арганізатарам Беларуска-Амэрыканскага інвэстыцыйнага форуму ў Нью-Ёрку зьяўляецца Нацыянальнае агенцтва інвэстыцый і прыватызацыі. Паведамляецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел кіраўнікі ўраду, прадстаўнікі Міністэрства фінансаў, Нацыянальнага банку, Банку разьвіцьця, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Парку высокіх тэхналогій, а таксама кампаніі ў разьвіцьці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Запрашэнні для ўдзелу ў імпрэзе накіраваныя паўтысячы патэнцыйных удзельнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG